І ўзыдуць тры “зоркі” над Мястрам

71

І ўзыдуць тры “зоркі” над МястрамУСЁ выразней становіцца выява трохзоркавай гасцініцы, што ўзводзіцца ў райцэнтры па вуліцы Набярэжнай. Разлічана яна на 100 месцаў, будуецца па сучаснаму праекту, з адпаведных матэрыялаў. Будзе мець таксама і спа-цэнтр. Карацей, і мядзельцы, і шматлікія госці горада (асабліва ўлетку), атрымаюць магчымасць спыніцца на нейкі час ў зручных апартаментах.

Днямі пабывалі на аб’екце і пацікавіліся ў прараба генпадраднай арганізацыі БВУ “Нарачпрафбуд” І. М. Радзевіча, як ідуць тут зараз справы.

— Сам будынак, намі, як бачыце, завершаны. Працэнтаў на 50 гатовы і дах. Вядома ж, задзейнічаны на аб’екце і субпадрадныя арганізацыі. Так, Маладзечанская фірма “Сангранд” праводзіць сантэхнічныя работы, «ПМК-104» — электрамантажныя. Устаўлялі вокны спецыялісты мінскіх фірмаў, у якасці субпадрадчыкаў выступаюць і аддзелачнікі. Штодзённа працавалі да апошняга часу па 30-40 чалавек. Хаця даводзіцца, калі вымагаюць абставіны, будаўнікоў тэрмінова перакідваць на нейкі час у іншыя месцы. Як тых жа муляраў, напрыклад.

— І як можна ацаніць тэмпы будаўніцтва?

— Зыходзячы з існуючага фінансавання, поўнасцю забяспечваем аб’ём запланаваных работ на дадзеным аб’екце. Канешне, хацелася б, каб працэс ішоў больш хутка, але гэта ўжо залежыць не ад нас. Неўзабаве будаўніча-мантажныя работы будуць завершаны і застануцца сантэхнічныя, аддзелачныя, электрамантажныя. Неабходна яшчэ ўстанавіць пасажырскія і грузавы ліфты, уцяпліць фасад. Пасля таго, як не стане патрэбы ў вежавым кране, пачнецца падсыпка тэрыторыі, зробім пад’язныя шляхі. Па заканчэнні гасцініца будзе мець вельмі прывабны выгляд: як знешні, так і унутраны. І, як кажуць, адпавядаць часу. Шмат прозвішчаў можна назваць прадстаўнікоў розных прафесій нашай арганізацыі, якія прыкладваюць намаганні, каб як мага хутчэй узышлі тры “зоркі” над Мястрам. Гэта, да прыкладу, Сяргей Ворса, Аляксандр Лушчык, Андрэй Субач, Сяргей Казакевіч, Генадзь Малец, Валянцін і Сяргей Клемяты, Уладзімір Лепухаў, Анатоль Рогаў, Аляксандр Куцкевіч і іншыя.

Пасля сустрэчы з прарабам пагутарыў з адным з іх — тынкоўшчыкам А. Ф Субачам.

— Стаж тынкоўшчыка ў мяне пяць год, — адказаў Андрэй Францавіч. — Даводзілася працаваць на розных адказных аб’ектах, у тым ліку і за межамі раёна. Гасцініца — адзін з такіх. Канструкцыя будынка мае свае асаблівасці, бо, як-ніяк, гэта будзе разынка райцэнтра! Тут як раз патрабуецца менавіта творчы падыход пры выкананні работ. Пэўны вопыт ужо набыў, так што, спраўляюся.

Дададзім, што і ўсе астатнія будаўнікі БВУ “Нарачпрафбуд” справу сваю робяць сумленна, за імі, як заўсёды, затрымкі не будзе!

Аляксандр БЫКАЎ.

На здымку: тынкоўшчык А. Ф. Субач.

Фота Ігната Лубнеўскага.