І ВЫТВОРЧЫЯ ПЫТАННІ, І АСАБІСТЫЯ

115

І ВЫТВОРЧЫЯ ПЫТАННІ, І АСАБІСТЫЯРЭДКА знойдзеш такі нумар нашай газеты, у якім бы не друкаваліся інфармацыйныя паведамленні наконт “прамых тэлефонных ліній” або прыёмаў грамадзян, якія праводзяць прадстаўнікі органаў улады, кіраўнікі раённых службаў і ўстаноў з насельніцтвам. І што б мы ні казалі, для людзей сёння не ўяўляе цяжкасці звярнуцца да адказных асоб з мэтай вырашэння сваіх жыццёвых праблем. Бясспрэчна і тое, што ў адзін дзень, пры любым раскладзе, іх не паздымаеш, у асаблівасці тыя, якія патрабуюць значных фінансавых затрат. Вось і на выязным прыёме работнікаў унітарнага прадпрыемства “Ілаўскае”, што правёў на мінулым тыдні старшыня райвыканкама Анатолій Вайнілка, ніводнае з пытанняў не назавеш “лёгкім”. Да таго, як у кабінет кіраўніка завода Уладзіміра Калясеня завітаў першы наведвальнік, размова зайшла пра работу прадпрыемства, яго вытворчую дзейнасць. Трэба сказаць, што на сёння на прадпрыемстве далёка не ўсё бязвоблачна. І гэта “хмарнасць” абумоўлена ў асноўным хранічнымі неразлікамі гандлю за пастаўленую прадукцыю. Пратэрмінаваная запазычанасць адной спажыўкааперацыі складае 2 мільёны 120 тысяч рублёў. Адсюль у многім і прамаруджванне з выплатай у бюджэт акцызнага падатку, праблемы з абаротнымі сродкамі, а таксама на тэхнічнае пераўзбраенне вытворчасці. Вялікія даўгі перад дзяржавай і прывялі ўнітарнае прадпрыемства на парог працэдуры санацыі. Сістэма мерапрыемстваў у яе рамках накіроўваецца на ўзнаўленне плацежаздольнасці завода, дазваляе пазбегнуць ліквідацыі, разлічыцца з крэдыторамі і выйсці з крызісу. На першым этапе на гэта адводзіцца 18 месяцаў. Важна, што адначасна адкладваецца выплата запазычанасці перад бюджэтам і банкамі, не налічваецца пеня. Калі плацежаздольнасць цалкам не адноўлена, аднак фіксуецца станоўчая дынаміка, працэдура можа прадоўжыцца. У цэлым жа сітуацыя адназначна павінна змяніцца да лепшага, інакш прымаецца рашэнне аб прызнанні прадпрыемства банкрутам з наступнай яго ліквідацыяй. І вельмі многае тут будзе залежаць ад таго, каго прызначаць на пасаду часовага антыкрызіснага кіраўніка, наколькі ён паспрыяе таму, каб у завода адкрылася “другое дыханне”…
Пэўныя меры па выпраўленні фінансавай сітуацыі дырэкцыя ўжо прыняла. “Раней мы рабілі стаўку на мацаваныя напоі, — заўважыў у гутарцы Уладзімір Калясень. — А зараз акцэнт робім на натуральныя з садавіны. Мяркую, іх выраб у хуткім часе давядзём да 70-80 працэнтаў. Што гэта нам дасць? Па-першае, акцызны падатак на мацаваныя напоі непараўнальна вышэйшы, ажно ў шаснаццаць разоў. Па-другое, натуральныя напоі з садавіны больш запатрабаваныя ў спажыўцоў. Сваю ролю, лічу, тут адыгрывае і цана на названую прадукцыю, якая значна ніжэйшая. Цяпер мы яе стараемся адпускаць толькі тым, хто з намі разлічваецца згодна з заключанымі дамовамі. Канечне, пераарыентацыя на выпуск натуральных напояў патрабуе ад нас нямала намаганняў. Для гэтага неабходна стварыць адпаведную ёмістую гаспадарку, над чым зараз і працуем, нарошчваць аб’ёмы нарыхтоўкі садавіны. Для параўнання магу сказаць, што для вырабу тоны натуральнага напою патрабуецца тона якаснага соку, у той час для мацаванага хопіць і палавіны гэтага…”
Не збіраюцца на заводзе адмаўляцца і ад сваіх “брэндавых” напояў. Для іх вырабу таксама патрабуюцца добрыя сокі з буякоў, агрэсту, парэчак… Між іншым, адных яблыкаў сёлета ў Ілаве мяркуюць нарыхтаваць каля чатырох тысяч тон. Па запэўніванні Уладзіміра Анатольевіча, нарэшце прыступяць яны і да вырабу абмывальніка лабавога шкла, які карыстаецца з наступленнем зімы ўстойлівым попытам аўтамабілістаў. На добры толк, даўно ўжо маглі асвоіць гэту справу. Тым больш, што сыравіна для “незамярзайкі” — уласная. Ёсць у дырэкцыі і іншыя напрацоўкі, якія вымалёўваюць перад прадпрыемствам, на якім цяпер працуе каля паўтараста чалавек, няхай і няпростыя, аднак аптымістычныя перспектывы.
Што датычыцца ўласна прыёму, то першай да Анатолія Вайнілкі завітала Марына Будзько, якая пражывае ў Крывічах па вуліцы Энгельса. Яна паскардзілася кіраўніку раёна, што ў пад’ездзе іх шматкватэрнага дома напрыканцы мінулага года работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі памянялі вокны. Справа, быццам, і добрая. Аднак зрабілі яны гэта з грубымі тэхналагічнымі парушэннямі. Можна дзівіцца колькі заўгодна, аднак устанавілі вокны шыварат-навыварат, таму адчыніць іх можна толькі з вуліцы. А з лесвічнай пляцоўкі нічога з імі нельга зрабіць: ні памыць, ні адчыніць для праветрывання. Хоць ты “вышку” наймай! Наколькі можна меркаваць, “пашкадавалі” пры ўстаноўцы блокаў і мантажнай пены, бо па краях аконнай каробкі бачны шчыліны, у якія свішча вецер. Вядомая справа, што з такой халтурай ніхто не пагодзіцца. І як бы каму ні хацелася, яўны брак давядзецца ўхіляць. Прытым, у самы бліжэйшы час.
Затым у кабінет зайшлі адразу тры жанчыны: тэхнік-хімік прадпрыемства Юлія Януковіч, рабочая купажнага цэха Аксана Ланская і начальнік лабараторыі Таццяна Будзько. Яны панаракалі, што на вуліцы Шчаслівай у
вёсцы Ілава, дзе пражываюць, апошнім часам сур’ёзныя праблемы з падачай вады. Парадокс у тым, што з гэтай жа свідравіны забяспечваюцца і заводскія патрэбы, аднак на вытворчасці ніякіх пытанняў не ўзнікае. Значыць, штосьці не ў парадку з водаправодам, які пракладзены да вуліцы Шчаслівай. Уладзімір Калясень запэўніў, што днямі яны пастараюцца разабрацца, у чым тут справа, і ліквідаваць перашкоду на падачу вады ў дамы вяскоўцаў. Акрамя таго, Таццяна Будзько выказалася наконт наспеўшага рамонту асфальтаванай дарогі, якая вядзе да Ілава. На гэта Анатолій Мар’янавіч патлумачыў, што ў нашай краіне ажыццяўляецца Дзяржаўная праграма па развіцці і ўтрыманні аўтамабільных дарог у Рэспубліцы Беларусь на 2017-2020 гады. Яна распрацавана ў адпаведнасці з прыярытэтамі сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы і накіравана на паляпшэнне транспартна-эксплуатацыйнага стану шляхоў агульнага карыстання. Штосьці ўжо зроблена, многае намечана на наступныя гады. Згодна з гэтай праграмай будзе прыведзена ў парадак і дарога на Ілава.
У заключэнне на прыёме ў старшыні райвыканкама пабывала дырэктар даччынага прадпрыемства “Ілава” Тамара Мехавіч. Яна выказала цікавасць да магчымага набыцця колішняга клуба ў вёсцы Уздрыгалавічы, але на гэтым шляху ўзніклі пэўныя юрыдычныя нюансы. Анатолій Мар’янавіч паабяцаў Тамары Міхайлаўне вывучыць пытанне, а потым пазнаёміць яе з рэальнымі варыянтамі яго вырашэння…

Павел ЖУКАЎ.