І сёння ў памяці святкаванне Дня пажылых людзей

91

І сёння ў памяці святкаванне Дня пажылых людзейМЕРАПРЫЕМСТВЫ, на якіх даводзіцца прысутнічаць, бываюць розныя. Адны, ледзь толькі закончацца, як тут жа забываюцца, іншыя — застаюцца ў памяці надоўга. Для мяне асабіста менавіта такім з’яўляецца святкаванне Дня пажылых людзей.

І сёння ўзгадваецца наколькі арганізавана супрацоўнікі Мядзельскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва аднесліся да планавання мерапрыемства. Яны прадумалі ўсё да драбніц. Вырашылі пытанні з падвозам гараджан, якія знаходзяцца на надомным сацыяльным абслугоўванні, да Старамядзельскага Дома культуры і вольнага часу. Дамовіліся наконт канцэртнай праграмы. А таму жадаючых пабываць на свяце было нямала. Акрамя нас, пенсіянераў, прысутнічалі яшчэ наведвальнікі аддзялення дзённага прабывання для інвалідаў МТЦСАН.Асаблівыя словы падзякі хочацца адрасаваць самадзейным артыстам, якія весялілі нас, радавалі ад душы. Гучалі і вершаваныя радкі, і песні. Вельмі прыгожа танцавалі фігурны вальс Лідзія Багавец і Канстанцін Галубовіч. Падняло ўсім настрой заўзятае выступленне фальклорнага калектыву “Весялухі”, які сваю назву, дарэчы, поўнасцю апраўдвае. Хораша спявалі салісты Марына Кадушкевіч, Зоя Сіськевіч, Людміла Мінкоўская… На «ўра» публіка ўспрыняла і дуэт у складзе Зоі Сіськевіч і Людмілы Мінкоўскай. А як выдатна чытаў байкі Канстанцін Галубовіч! З роляй акампаніятара бліскуча справіўся Аляксандр Роліч. Актыўны ўдзел у канцэртнай праграме прынялі таксама Леаніда Шмігельская, Надзея Чарапанава, Ніна Субач, Таццяна Чарняўская, Лідзія Багавец. Няхай даруюць мяне артысты, калі каго забылася назваць. Усе яны заслугоўваюць удзячнасць і пахвалу.

Дадому мы вярталіся ў выдатным настроі. І хоць на двары восень, але душа кожнага спявала.

Г. ШУКЕЛА.

Пенсіянерка, жыхарка г. Мядзел.