І стаў выгляд Крывіцкага рынку стаў цывілізаваным

75

І стаў выгляд Крывіцкага рынку стаў цывілізаванымПРАБЛЕМУ Крывіцкага рынку мы ўздымалі ў сакавіку гэтага года. Крыху нагадаем гісторыю. Доўгі час прыватныя гандляры размяшчаліся са сваім таварам практычна ў цэнтры пасёлка. З аднаго боку, усім было зручна: і прадпрымальнікам, і пакупнікам. Вось толькі зусім непрыстасаванае было гэта месца, псавала агульны выгляд. Да таго ж і небяспечнае — побач праходзіць цэнтральная вуліца, шмат транспарта. Вось і было ў рэшце рэшт прынята рашэнне аб пераносе рынку, як бы мовіць, на перыферыю, дзе да апошняга часу размяшчалася фактычна закінутая футбольная пляцоўка.

Незадаволеных адразу аказалася шмат. Калі мы наведаліся туды, сапраўды пабачылі даволі сумную карціну. Гандляры месціліся на заснежаным, не агароджаным участку поля, скардзіліся і самі крывічане: маўляў, нязручна сюды дабірацца. Менавіта тады і адбылася ў мяне размова на ўзгаданую тэму з намеснікам старшыні райвыканкама Л. С. Берняковічам. Леанід Сцяпанавіч патлумачыў, што неўзабаве ўсё там зменіцца ў лепшы бок. Сапраўды, было дадзена даручэнне генеральнаму дырэктару РВУП “Мядзельская ЖКГ” У. В. Валасевічу абсталяваць як след адведзеную пад рынак тэрыторыю.

Прыемна зараз канстатаваць, што словы не разышліся са справамі. У мінулы аўторак мы наведаліся на Крывіцкі рынак і проста яго не пазналі. Уся адведзеная тэрыторыя цяпер агароджана, зроблены цэнтральны ўезд з металічнымі варотамі. З’явіўся таксама туалет, пастаўлены скрыні для смецця. Як для мясцовых умоў, дык і зусім някепска атрымалася!

І наведвальнікаў даволі шмат. За лета людзі прызвычаіліся ўжо. Так што, і прыватнікам асабліва хвалявацца няма чаго. А тавар тут пабачыў самы разнастайны: саджанцы пладова-ягаданых дрэў, мёд на любы густ, грушы, журавіны, а таксама капуста, памідоры, кавуны, іншыя прысмакі. Шмат прамысловых тавараў, у тым ліку адзення, абутку, усялякай бытавой драбязы. Стаяў і аўтафургон ААТ “Вілейскі камбікормавы завод” — рэалізоўвалі свініну. Праўда, прадавец патлумачыў, што лепей гандаль ідзе ўсё ж у суботу. Ды трэба яшчэ “падгадаць”, калі ў крывічан пенсія ці палучка. Бо тая ж бабулька не будзе кожны раз хадзіць і купляць мяса.

Спыніліся ля гаспадароў з Пастаў, якія прапаноўвалі саджанцы яблынь, вішні, алычы, чарэшні.

— Не першы раз прыязджаем, — сказала гаспадыня. — Людзі бяруць з ахвотай. Хто жадае абнавіць сад, хто ўчастак засадзіць. І ў пацвярджэнне гэтых слоў дзве маладыя прывабныя крывічанкі набылі некалькі саджанцаў. Адна, Марына Гедройц, гасцюе ў сваіх бацькоў, вось і паслалі яны за таварам. Другая, крывічанка Анастасія Ярчак, наведалася на базар прама з дзіцячай каляскай, у якой усміхаўся маленькі Арцём.

— Я выйшла сюды замуж, — расказала Анастасія. — У нас з мужам у пасёлку дом, вось і вырашылі аздобіць участак: зрабіць прыгожы газон, вырасціць кветкі, а яшчэ пасадзіць яблынькі, грушы, чарэшню. Месца хопіць!

Што ж, атрымліваецца як у той прымаўцы: пабудаваць дом, вырасціць сына і пасадзіць дрэва!

Аляксандр Быкаў.

 

На здымку: крывічанкі М. Гедройц і А. Ярчак з пакупкамі.

Фота Ігната Лубнеўскага.