І песня жаўрука над полем

103

p2170З галоўным аграномам СВК «Сваткі» Т. У. Мінчук не раз даводзілася сустракацца на палетках таварыства падчас важных сельскагаспадарчых кампаній.  Шмат год яна ад­працавала ў раслінаводстве, характарызуецца ў калектыве як адказны, добрасумленны чалавек. А яшчэ і сціплы. Пра сваю работу Тамара Уладзіміраўна расказваць не лю­біць, тым больш, хваліцца здабыткамі. Маўляў, выконваю свае абавязкі, вось і ўсё.

Родам Т. У. Мінчук з вёскі Наў­ры, што непадалёку ад Сватак. Напачатку прыйшла працаваць у мясцовы калгас брыгадзірам, пасту­піла на завочнае аддзяленне тагачаснага Смілавіцкага сельскагаспадарчага тэхнікума. Вывучылася і засталася ў гаспадарцы. Аб чым і зараз не шкадуе. Дарэчы, і замуж Тамара выйшла за тамтэйшага хлопца з Нявер, які працаваў аграномам.

— Горад мяне ніколі надта не вабіў, — расказвае Тамара Уладзі­міраўна. — Яшчэ ў школе марыла, калі вырасту, працаваць у полі, з людзьмі. Вядома ж, не магла тады поўнасцю ўяўляць, наколькі гэта работа цяжкая, клапатлівая. Але ж як прыемна потым  пагля­дзець на вынік сваёй працы. Канечне, калі гэты вынік дастойны…

Прызначылі Т. У. Мінчук на пасаду галоўнага агранома ў 2009-ым, які аказаўся самым ураджайным у гісторыі гаспадаркі ды і ў цэлым вельмі плённым для хлебаробаў Мя­дзельшчыны. Вядома, тут не варта скідваць з рахунку спагадлівасць прыроды. І, тым не менш, без шчырай працы на палетках, як вядома, ніякія «спрыяльныя ўмовы» не дапамогуць.

— Што тычыцца мяне, як спецыяліста, — працягвае Тамара Уладзіміраўна, — найперш трэба няўхільна трымацца «генеральнай лініі», забяспечваць вырашэнне задач, пастаўленых кіраўніком гаспадаркі. Мала ведаць тэхналогію, яе яшчэ неабходна рэалі­заваць непасрэдна на палетку! А гэта ўжо канкрэтнае ўзаемадзеянне з падначаленымі, тымі ж механізатарамі. І спытаю строга, а ў іншым выпадку і папрашу. Значная  нагрузка кладзецца на іх плечы, перапынку ў сезонных работах амаль што няма. Прыемна засведчыць, што хлопцы падабраліся ў нас талковыя. Ім можна даверыць складаную тэхніку, даручыць выкананне любога, самага адказнага задання. Што я без іх?!

— Тамара Уладзіміраўна, з таго часу, як вы ўпершыню выйшлі ў поле, шмат ча­го змянілася. Наколькі цяпер лягчэй працаваць?

— Пытанне, думаю, хутчэй рытарычнае. Праца на зямлі ніколі не была і не будзе лёгкай. Бо вельмі шмат фактараў уплываюць на канчатковы вынік. Ха­ця, канечне, змены адбыліся істотныя. Памятаю, як некалі засыпалі ў раскід­вальнік мінеральныя ўгнаенні вя­дзерцамі, ды і глебаапрацоўчая, пасяўная тэхніка была не такой прадукцыйнай. Не параўнаць з цяперашнімі агрэгатамі, магутнымі трактарамі. Людзей у вёсцы значна паменела, і толькі своечасовае абнаўленне ма­­шынна-трак­тар­нага парка дае магчымасць забяспечваць  належныя тэмпы работ на палетках гаспадаркі, працаваць па сучасных тэхналогіях. Станоўчыя перамены адбудуцца і ў гэтым сезоне. Зараз вось, напрыклад, пачалі мантаж  новай сушылкі «ЗСК-40 Ш». Пуск яе ў эксплуатацыю дазволіць больш аператыўна ўпраўляцца з дапрацоўкай ураджаю падчас уборачнай кампаніі, збожжа ўжо не будзе залежвацца на пляцоўках у чаканні «чаргі». Не за гарамі вясенняя пасяўная, да яе таксама рыхтуемся самым сур’ёзным чынам. Ладзім тэхніку і агрэгаты, падрыхтавалі насенне пад поўную патрэбу, завезлі ка­лійныя ўгнаенні, дастаўляем на палі арганіку. Карацей, работы вядуцца па плану, і да галоўнага хлебароб­скага старту будзем у «баявой гатоўнасці».

Пасяўная, як заўсёды, запатрабуе  намаганняў усіх і кожнага. У тым ліку, зразумела, і галоўнага агранома гаспадаркі Т. У. Мінчук. Пажадаем Тамары Уладзіміраўне плёну. А першай узнагародай ёй будзе за клопат песня  жаўрука ў блакітным красавіцкім небе!

Аляксандр БЫКАЎ.

На здымку: галоўны аграном ААТ «Сват­кі» Т. У. Мінчук.

Фота Таццяны Несцярэнка.