І маніторынгі, і перамогі

149

І маніторынгі, і перамогіУ АПОШНІ вясновы месяц прафсаюзы Беларусі адзначаць 115-годдзе. А Першамай для іх заўсёды быў не проста
“прафесійным” святам, але і нагодай абмеркаваць зробленае. З якімі набыткамі самая шматлікая грамадская арганізацыя краіны прыйшла да свята?
Пра гэта гутарым са старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў Святланай ЧАРНЯЎСКАЙ.
— Абарона правоў працоўных, адстойванне іх інтарэсаў — асноўны напрамак дзейнасці прафсаюзаў. Па патрабаванні прававых інспектараў і прадстаўнікоў прафсаюзаў у 2018 годзе работнікам вернута 4243177 незаконна ўтрыманых або нявыплачаных рублёў. Гэта вынік грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы. Маніторынг ахапіў 16770 арганізацый і прадпрыемстваў краіны. Выяўлена звыш 41 тысячы парушэнняў заканадаўства аб працы, 342 службовыя асобы наймальніка прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці. Амаль усе парушэнні ўхіляюцца ва ўстаноўленыя тэрміны. Большасць праблем атрымліваецца вырашыць шляхам гутарак з кіраўніцтвам арганізацый. У іншых выпадках прафсаюзы гатовы адстойваць інтарэсы працоўных у судзе. За мінулы год па просьбах работнікаў падрыхтавана 66 працэсуальных і іншых дакументаў, з іх 498 — у судовыя органы, 11 — у камісіі па працоўных спрэчках. На карысць работнікаў разгледжаны 104 справы, у якіх інтарэсы грамадзян прадстаўлялі прафсаюзныя прававыя інспектары, 14 спрэчак атрымалася вырашыць без звяртання ў суд.
Што датычыць канкрэтна нашага раёна… У якасці прыкладу возьмем прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі. Па патрабаванні райкама (старшыня — Ірына Глінская) з 2014 года па цяперашні час вернута работнікам 3277 рублёў нявыплачаных сродкаў, у тым ліку ў 2018-м — 691,3 рубля; папярэджаны асобныя выпадкі пераплаты заробкаў. Зноў жа, з 2014 года па цяперашні час атрымалі дапамогу 315 (у тым ліку 3 — у сувязі з пажарам) члены названага прафсаюза на агульную суму 18292,69 рубля.
Або возьмем дзейнасць прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу (старшыня райкама — Таццяна Сівіцкая). За мінулы год райкам выдаў 30 рэкамендацый па ўхіленні разнастайных парушэнняў, 65% з іх было выканана. Па патрабаванні райкама летась вернуты работнікам сельгаспрадпрыемстваў 4,5 тысячы незаконна ўтрыманых рублёў.
За кожнай з названых лічбаў — рэальныя людзі, якім прафсаюзы дапамаглі вырашыць канкрэтную праблему.
— Святлана Анатольеўна, кожны апошні чацвер месяца вы праводзіце прававыя прыёмы. З якімі праблемамі звяртаюцца жыхары Мядзельшчыны?
— Розныя пытанні задаюць, не толькі па працоўным заканадаўстве, але і па грамадзянскім, жыллёвым. Часта звяртаюцца маладыя спецыялісты: па жыллёвых пытаннях, па ўмовах працы і яе аплаце (асабліва апошняе тычыцца сельгаспрадпрыемстваў). Былі і выпадкі, калі мы дапамагалі складаць іскавыя заявы па аліментах.
Аднак прававыя прыёмы — толькі адна з форм работы. І калі ёсць пытанні, не абавязкова чакаць апошняга чацвярга месяца. Можна ў любы працоўны дзень прыйсці да мяне (Мядзел, плошча Леніна, 1, кабінет № 10) ці патэлефанаваць па нумары 22-9-41. Або звязацца па тэлефоне з юрыстамі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ), пакінуць пісьмовы ці электронны зварот. На інтэрнэт-партале Федэрацыі працуе сервіс, дзе прадстаўлены прафсаюзныя юрысты па ўсіх рэгіёнах і галінах. Для звароту дастаткова ўказаць свой рэгіён і сферу дзейнасці — і праграма сама прапануе прававых інспектараў, якія змогуць дапамагчы найбольш эфектыўна.
— Якімі важнымі для прафсаюзнага руху краіны падзеямі адметны мінулы год?
— Адным з важнейшых пытанняў была праца над праектам Працоўнага кодэксу. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі выступіла адным з яго распрацоўшчыкаў — унесла каля сарака прапаноў. Яны зроблены на падставе праблем, з якімі ў прафсаюз звяртаюцца грамадзяне і працоўныя калектывы. Большая частка гэтых ініцыятыў улічана.
Яшчэ адна важная падзея мінулага года — падпісанне Генеральнага пагаднення паміж урадам, рэспубліканскімі аб’яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзаў на 2019-2021 гады. У новым Генпагадненні адлюстраваны найбольш важныя для грамадства пытанні: павышэнне заробкаў і забеспячэнне занятасці, цэны на асноўныя прадукты харчавання, сацыяльныя гарантыі. Якраз гэтыя пытанні пастаянна абмяркоўваюцца сацыяльнымі партнёрамі на ўсіх узроўнях. У выніку атрымалася дамовіцца па спрэчных пытаннях і захаваць гарантыі для працоўных, якія былі ў папярэднім пагадненні, і нават узмацніць іх. Напрыклад, улічана прапанова аб распрацоўцы мер па абароне матэрыяльных правоў работнікаў пры банкруцтве арганізацый. Таксама па ініцыятыве ФПБ пашыраны пералік гарантый, рэкамендаваных для ўключэння у калектыўныя дагаворы (гэта тычыцца норм аб стымуляванні павышэння кваліфікацыі і навучання работнікаў, развіцці інстытута настаўніцтва, а таксама абароны працоўных правоў работнікаў пры звальненні пры рэарганізацыі прадпрыемстваў; пашыраны магчымасці працаўладкавання моладзі, людзей з абмежаванымі магчымасцямі і жанчын, якія гадуюць дзяцей).
Дарэчы, 2019 год — вельмі адказны для прафсаюзнага руху краіны, бо гэта справаздачна-выбарны перыяд. У пярвічках праходзяць (а шмат дзе ўжо адбыліся) сходы працоўных калектываў.
Былі пэўныя дасягненні і непасрэдна ў нашым раёне. Напрыклад, на абласным аглядзе-конкурсе на лепшую пастаноўку фізкультурна-аздараўленчай і фізкультурна-масавай работы арганізацыі, установы другое месца заняў метадыст Мядзельскага ФАЦа Юрый Кабанаў. Па выніках абласнога конкурсу лепшымі грамадскімі інспектарамі па ахове працы прызнаны сястра-гаспадыня хірургічнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы Лідзія Смятанка і тэхнік па рамонце і абслугоўванні абсталявання кацельні Нарацкага ўчастка Маладзечанскага вытворчага камбіната Аляксандр Спецыян.
— У інтэрнэце чытала, што ФПБ праводзіць маніторынг цэн на сацыяльна значныя тавары. Ці праўда?
— Праўда. І гэта вельмі важны напрамак нашай дзейнасці, бо цэны ўплываюць на ўзровень жыцця людзей. Маніторынгам ахоплены 274 магазіны ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. У нашым раёне адсочваюцца цэны ў мядзельскіх магазінах “Родны кут” (былая “Галінка бэзу”) і “Еўраопт”. Маніторынг праводзіцца па 98 найменнях прадуктаў харчавання, а таксама па адзенні, бялізне і абутку, леках. Падчас падрыхтоўкі дзяцей да школы адсочваецца кошт набораў адзення, бялізны, абутку і канцылярскіх прылад для вучняў. Інфармацыя аналізуецца на прадмет росту ці зніжэння цэн на асобныя катэгорыі тавараў, а таксама ўзровень цэн параўноўваецца з сярэднім даходам насельніцтва рэгіёна.
— Святлана Анатольеўна, што хочаеце сказаць жыхарам Мядзельшчыны з нагоды Свята працы?
— Дарагія сябры! Прыміце шчырыя віншаванні са Святам працы! І з юбілейнай датай — 115-годдзем прафсаюзнага руху Беларусі! Вялікі дзякуй усім, хто сумленна працуе на карысць раёна: работнікам сельскай гаспадаркі, прамысловасці, адукацыі, культуры, аховы здароўя, прадстаўнікам малога бізнесу, спецыялістам іншых, не менш важных, галін. Няхай свята падорыць пазітыўны настрой, разам з вясновым цяплом прыйдуць новыя ідэі, а працоўныя дасягненні кожнага будуць годным унёскам у развіццё раёна і краіны. Няхай у кожным доме будуць шчасце, мір і дабрабыт!

Гутарыла
Наталля ЛІСІЦКАЯ.