Хто прыбірае аўтобусны прыпынак?

336

У групе нашай газеты ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» напісала жанчына (прозвішча ёсць у рэдакцыі):

«Цікавіць адно пытанне: хто прыбірае аўтобусны прыпынак у аграгарадку Занарач — той, які на свірскую зону. Прыедзьце, калі ласка, сфата­графуйце, што там робіцца: вельмі непрыемна чакаць аўтобус. Чаго там толькі няма, неяк было і бітае
шкло — парэзала падэшву ў новых чаравіках. Не ведаем, да каго звярнуцца, але навядзіце парадак. А яшчэ, калі ласка, пасадзейнічайце, каб на прыпынку стала роўная пляцоўка без выбоін. Усё ж Занарач — не глухое месца, і людзі з іншых гарадоў бываюць на прыпынку».

Падчас чарговай камандзіроўкі пабываў на гэтым аўтобусным прыпынку. Што ўбачыў: урна для смецця не перапоўнена, адно што нехта кінуў пакет са слоікам побач з ёй. А вось недакуркаў і паперак на прыпынку сапраўды хапае.

Хто прыбірае аўтобусны прыпынак?

Пытанне чытачкі адрасавалі ў філіял КУП «Мінскаблдарбуд»-«ДРБУ-133» (на яго балансе знаходзіцца аўтадарога Занарач—Свір).

Вось што адказаў інжынер па бяспецы дарожнага руху філіяла Віктар Мацкевіч:

— Уборка названага павільёна ажыццяўляецца раз на тыдзень па панядзелках. Смецце вывозіцца на палігон цвёрдых бытавых адходаў аграгарадка Нарач. На жаль, штодзённая ўборка смецця з аўтобусных прыпынкаў у філіяле не прадугледжана фінансаваннем. Але пры стварэнні стыхійных звалак робім дадатковыя выезды. Часам — і на аўтобусны прыпынак у Занарачы, дзе здараецца, жыхары аграгарадка, бліжэйшых вёсак, дачнікі вывозяць халадзільнікі, ложкі, матрацы, абутак і іншае. Не на палігоны, а на аўтобусныя прыпынкі ці ў кусты. Пацвярджаем наяўнасць у сярэдзіне тыдня ў павільёне недакуркаў і фанцікаў ад цукерак — з гэтай нагоды ажыццяўляўся выезд майстра для складання дэфектнага акта для далейшага ўхілення выяўленых недахопаў. І ўсё ж хацелася б больш культурных паводзін ад людзей, якія чакаюць аўтобусы на прыпынках і спыняюцца там.

— Што можаце сказаць наконт рамонту пляцоўкі прыпынку?

— Пакуль што на гэтым участку работы па бягучым рамонце выконваць не плануецца.