Градкі для гараджан

78

Градкі для гараджанВось і надышла восень. Пара збору ўраджаю, нарыхтовак на зіму. Гараджане ў асноўным управіліся на сваіх градках. Але зноў жа турбуюцца: як будзе на наступны год? Бо ўжо даўно, як кажуць, на парадку дня пытанне аб пераносе ўчасткаў у іншае месца. Растлумачыць сітуацыю папрасілі начальніка землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Л. І. ЯВОРСКАГА.

— Леанід Іосіфавіч, летась ужо меліся распачаць гэты працэс…

— Сапраўды, планавалася ліквідаваць градкі ў раёне Баклаеўскай гары, па вуліцы Камуністычнай і ля аўтастанцыі па вуліцы Ленінскай. Але ў сувязі з вялікай колькасцю зваротаў грамадзян па дадзенай праблеме, градкі былі пакінуты да наступнай восені. А дакладней да кастрычніка 2013-га. Каб людзі маглі падрыхтавацца: своечасова ўбраць ураджай, навесці за сабой парадак і затым атрымаць, хто жадае, новыя ўчасткі.

— Нагадайце прычыны такіх перамен.

— Па-першае, закончыліся тэрміны карыстання ўчасткамі, па-другое, градкі тыя ўжо не адпавядаюць эстэтычным патрабаванням, шмат кінутых. А гэта ж, як-ніяк, мяжа горада! Ды і меліярацыйныя каналы прыйшоў час падчышчаць. І ўвогуле, лічу, неабходна каб градкі гараджан знаходзіліся ў адным масіве.

— І па якім цяпер “адрасе” будуць размешчаны новыя ўчасткі, наколькі гэта задаволіць мядзяльчан?

— Выдзелены зямельны масіў плошчай 10 гектараў па вуліцы Ленінскай у раёне ветлячэбніцы. Думаю, што хопіць, каб задаволіць усіх жадаючых. Для гэтага неабходна звярнуцца ў землеўпарадкавальную службу (кабінет № 14) з заявай аб прадастаўленні ўчастка для вядзення агародніцтва. Адвод зямлі нашы спецыя¬лісты зробяць бясплатна. А вось вызначэнне межаў участка — працэдура платная. На сёння гэта (незалежна ад плошчы) прыкладна 800 тысяч рублёў з кожнага гаспадара, без выключэння — працуючы ты альбо пенсіянер.

— А які лёс чакае былыя градкі?

— Правядзём там культуртэхнічныя работы і ўвядзём у абарот. А калі канкрэтна, перададзім акцыянернаму таварыству “Мядзелаграсэрвіс”. Дадам яшчэ, што па вуліцы Камуністычнай і завулку Ленінскім ліквідуюцца толькі градкі, а пладовыя дрэвы застануцца. Калі ласка, карыстайцеся садавінай!

Гутарыў

Аляксандр БЫКАЎ.