Горад павінен быць гатовы да свята

130

Горад павінен быць гатовы да святаМы жывём у прыгожым, маляўнічым краі, які прываблівае гасцей не толькі з розных куткоў нашай краіны, але і з-за мяжы сваёй унікальнасцю, адметнасцю і непаўторнасцю. Многія населеныя пункты з’яўляюцца візітоўкай раёна, бо праязджаючы праз іх, жыхары з розных рэгіёнаў рэспублікі і асабліва замежнікі атрымліваюць уяўленне не столькі пра Мядзельшчыну, колькі пра Беларусь увогуле. І ні ў якім разе нельга упасці тварам у гразь, трэба пастарацца паказаць сябе з самага лепшага боку. Тым больш, што сёлета Нарачанскі край становіцца яшчэ і гаспадаром велічнага свята — абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2018”. Для нас гэта свайго роду і гонар, і вялікая адказнасць. Вось і працягваюцца работы па навядзенні парадку на тэрыторыях арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў, на зямельных угоддзях, могільніках.
Але, як паказваюць аб’езды, нароўні са станоўчым, яшчэ хапае і недахопаў. І асабліва на тэрыторыях ферм, машынных двароў гаспадарак, у месцах пахавання. Ёсць пытанні і па стане некаторых дарог, вуліц, двароў, як невялікіх, так і буйных населеных пунктаў. Так, фактаў безгаспадарчасці яшчэ хапае. І гэта яскрава бачна ў ходзе рэйдаў і маніторынгаў, якія арганізоўваюць кампетэнтныя службы. Неаднаразова такія публікацыі змяшчаліся і на старонках раённай газеты “Нарачанская зара”. І хоць гаворка аб навядзенні парадку вядзецца нярэдка гадамі, а часам воз і сёння, як кажуць, там. Хоць не заўсёды работы ў гэтым накірунку патрабуюць сур’ёзных фінансавых укладанняў, тым не менш праблемы былі і застаюцца. Пра гэта і ішла размова на чарговай нарадзе ў старшыні райвыканкама Анатолія Вайнілкі.
Пасля дакладаў адпаведных службаў (інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і землеўпарадкавальнай) былі заслуханы справаздачы нядбайных гаспадароў. Трымаць слова давялося асобным кіраўнікам сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, старшыням сельвыканкамаў, дзе падчас аб’езду было выяўлена найбольш упушчэнняў. Перад імі кіраўніцтвам раёна былі пастаўлены канкрэтныя задачы па ўхіленні дапушчаных пралікаў і недапрацовак, вызначаны для гэтага канкрэтныя тэрміны. Рэкамендавалася навесці парадак і на тэрыторыях, вуліцах і завулках горада, замацаванымі за арганізацыямі і ўстановамі.
Час прыспешвае, а таму агульнымі намаганнямі давайце пастараемся ператварыць наш цудоўны край у адметны і прыгожы. Каб ён і надалей захапляў і нас саміх, і нашых гасцей унікальнай прыродай, архітэктурнымі, культурнымі і гістарычнымі аб’ектамі. Яшчэ радаваў сваёй чысцінёй і ўтульнасцю.

Наш кар.