“Гэта работа сапраўды мая!”

77

“Гэта работа сапраўды мая!”НАПІСАЦЬ пра суддзю Мядзельскага раёна Алену Місюк параіў старшыня суда Ігар Малевіч. Калі звярнулася да яго напярэдадні прафесійнага свята з просьбай даць кандыдатуру для газетнай публікацыі, Ігар Якаўлевіч тут жа адказаў:

— Схадзіце да нашага суддзі, пагутарце. Алена Вацлаваўна дастойна таго, каб пра яе расказалі ў газеце. Гэта граматны, кампетэнтны юрыст, сапраўдны прафесіянал сваёй справы.

З размовы з Аленай Місюк даведалася, што яна ў жніўні 1992 года закончыла юрыдычны факультэт Іванаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Першыя самастойныя крокі пачынала ў дзяржаўнай натарыяльнай канторы раёна. Дарэчы, і сёння былога натарыуса з цеплынёй успамінаюць многія жыхары азёрнага краю. Яна запомнілася ім кампетэнтнасцю і дакладнасцю ў рабоце з дакументамі, добразычлівасцю, ветлівасцю.

З кастрычніка 2008 года па цяперашні час шчыруе Алена Місюк на пасадзе суддзі раёна. Як сама прызнаецца, яе сённяшняя работа патрабуе значна большага багажу ведаў, чым папярэдняя. У тым ліку ў сферах грамадзянскага, жыллёвага, сямейнага, крымінальна-адміністрацыйнага права. І каб быць у курсе ўсіх пытанняў, бо заканадаўства вельмі часта змяняецца, шмат даводзіцца займацца самаадукацыяй, адсочваць усе навінкі ў нарматыўных актах, спецыяльнай літаратуры, часопісах, інтэрнэце.

Увогуле ніводная справа, якую патрэбна весці, не падобна на папярэднюю. Тут не прыменіш шаблон. Груз адказнасці адчуваецца штодзённа, нават у вольны ад работы час. Гэта і не дзіўна, бо за кожнай з іх стаіць лёс канкрэтнага чалавека і калектываў. Таму вельмі важна не памыліцца, вынесці правільны вердыкт, зыходзячы з абставін, асобы пацярпеўшага і абвінавачваемага. Не ўсе ведаюць і тое, што, перш, чым справа разглядаецца на судовым працэсе, яна ўважліва і дэталёва вывучаецца суддзямі. Пры неабходнасці папаўняецца новымі дакументамі, якія з’яўляюцца каштоўнымі для суда. Прычым такая нябачная работа адымае вельмі шмат часу. І патрэбна яна для таго, каб кожны працэс — грамадзянскі, крымінальны, адміністрацыйны — правесці на высокім узроўні, якасна, словам, так, каб да яго не патрэбна было вяртацца. Суддзі важна быць прынцыповым, уважлівым, скрупулёзным да дробязей. Варта мець і сваю пазіцыю, якую патрэбна ўмець адстаяць. Мая суразмоўца патлумачыла, што ў практыцы работы суда кожная пастанова, прынятая з памылкамі, разглядаецца паўторна. А гэта патрабуе пэўных выдаткаў: нанова выклікаюцца на суд удзельнікі працэсу, якія нясуць расходы на дарогу, трацяць зноў свой рабочы час супрацоўнікі пракуратуры, суда, нярэдка і адвакатуры.

— Што самае складанае ў рабоце суддзі? — цікаўлюся ў Алены Вацлаваўны.

— Няпроста назначыць пакаранне, якое адпавядае ўчыненаму злачынству, асобе злачынцы, — чую ў адказ. — Але мне такая работа падабаецца. Яна складаная, адказная, патрабуе ўважлівасці, дакладнасці і разам з тым творчая, цікавая. З кожным пражытым днём пераконваюся, што зрабіла правільны выбар, стаўшы юрыстам. Гэта работа сапраўды мая!

Асабіста ўпэўнена, што ўсе разгледжаныя справы пакідаюць значны след у душы суддзяў. Кранаюць яны, безумоўна, і сэрца Алены Місюк, якая стаіць на службе ў яе Вялікасці — Закону, абараняе правы і інтарэсы грамадзян, працоўных калектываў. Дык няхай і надалей работа прыносіць радасць і задавальненне Алене Вацлаваўне, а людзі як мага часцей гавораць ёй дзякуй за граматна праведзеныя судовыя працэсы і правільна прынятыя рашэнні.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: суддзя раёна Алена Місюк.

Фота Георгія Прысмакова.