Гаспадыня храма кнігі

96

Гаспадыня храма кнігіЛЮБОЎ да кнігі ў Вольгі Сцяпанаўны Юрэвіч была з дзяцінства. Яна захаплялася творамі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Івана Шамякіна, Уладзіміра Караткевіча, Івана Мележа. Сама спрабавала пісаць вершы. Марыла стаць настаўніцай. Таму пасля заканчэння Княгінінскай сярэдняй школы без ваганняў накіравала дакументы ў тагачасны педінстытут імя Горкага. Была вельмі задаволена, што яе мара збылася.

Гады вучобы ў сталіцы праляцелі хутка. І вось малады педагог вяртаецца на родную Мядзельшчыну. Дарэчы, пасля заканчэння інстытута Вольга выйшла замуж за свайго аднакласніка Мікалая. Працу для дваіх знайшлі менавіта ў Лотве. Было гэта ў 1984 годзе. Вольга выкладала беларускую мову і літаратуру, Мікалай завіхаўся ў мясцовым калгасе. Маладая сям’я стала абжывацца. Тут яна пусціла свае карані: дом, гаспадарка. Неўзабаве нарадзілася дачушка Танюша.

Акрамя таго, што настаўніца выкладала беларускую мову і літаратуру, яна 20 гадоў завіхалася на пасадзе намесніка дырэктара школы па вучэбна-выхаваўчай рабоце. У летні час таксама не была ўбаку ад выхаваўчага працэсу. Разам з мужам працавала ў дзіцячым аздараўленчым лагеры «Русалачка».

Чатыры гады таму школу закрылі. І жанчына ўладкавалася працаваць у Лацвянскую бібліятэку.

— Спачатку было вельмі боязна, узнікала шмат пытанняў. Аднак дзякуючы цудоўнаму калектыву аднадумцаў і проста добрых людзей, якія працуюць у Мядзельскай цэнтральнай бібліятэчнай сістэме, атрымлівала вялікую дапамогу не толькі ў выглядзе парад, але і канкрэтнай практычнай дзейнасці, — гаворыць Вольга Юрэвіч. — Таму сёння хачу выказаць цёплыя словы падзякі ў адрас Людмілы Несцяровіч, Таццяны Нырцовай, Святланы Купрэвіч, Людмілы Смятанкі, Людмілы Мацко і іншых спецыялістаў за тое, што яны прынялі мяне як сваю. І ў гэтай дружнай сям’і я знайшла ўзаемаразуменне.

Чатыры гады працы на новым месцы праляцелі як адзін дзень. За гэты час Вольга вельмі палюбіла новую работу. Яна пастаянна імкнецца, каб бібліятэка стала сапраўднай інфармацыйна-культурнай установай, якая дапамагае ў вучобе, арганізацыі баўлення вольнага часу, каб з’яўлялася прывабным месцам для прыемных і карысных зносін. Маючы неабходныя інфармацыйныя рэсурсы, а гэта каля 7 тысяч кніг, Лацвянская сельская бібліятэка абслугоўвае больш за 250 чытачоў з 17 вёсак. Зразумела, гэта людзі рознага ўзросту: дзеці, працуючае насельніцтва, пенсіянеры. Вольга Сцяпанаўна рэгулярна наведваецца да пажылых людзей, прыносячы ім на дом літаратуру. Для вяскоўцаў гэта вельмі зручна. Там, як кажа жанчына, яна не толькі парадуе людзей кніжнымі навінкамі, але і сама зарадзіцца энергіяй ад іх, наслухаецца розных прыгод і цікавых выпадкаў з жыцця кожнага і самой вёскі.

— Сярод тых, для каго кнігі дастаўляю на дом, хачу адзначыць Альдону Куцкевіч з вёскі Маўчанкі, Валянціну Мацур і Таісу Філіповіч з Лотвы, якія не могуць жыць без чытання, без кніг. Актыўнымі чытачамі таксама з’яўляюцца Таццяна Хіхель, Марыя Бузо, Тамара Новак. Гэта былыя настаўнікі Лацвянскай школы, — працягвае размову бібліятэкар. — Абавязкова трэба адзначыць у ліку актыўных чытачоў Віктара Вярцінскага, Тамару Чазаву…

Розныя мерапрыемствы Вольга Юрэвіч ладзіць у цесным кантакце з супрацоўнікамі Лацвянскага Дома майстра (былы Дом культуры). Яна вельмі задаволена, калі прыходзяць дзеці не толькі для таго, каб узяць кнігу, але і паўдзель¬нічаць у гэтых мерапрыемствах, падрыхтаваць тэатралізаваную сцэнку для выступлення ці атрымаць параду не толькі ад бібліятэкара, але і ад настаўніка-філолага. Былыя калегі таксама не мінаюць храм кнігі, часта наведваюць яго. Прычым не толькі, каб узяць новую кніжку, але і каб пагутарыць, падзяліцца набалелым, выпіць шклянку гарбаты. Доўгі час працавалі разам, таму маюць шмат агульнага, добра ведаюць адзін аднаго, іх інтарэсы і захапленні.

Сёлета бібліятэка камп’ютарызавана, мае доступ да інтэрнэт-рэсурсаў. Асабліва задаволены жыхары Лотвы аказаннем такой паслугі, як ксеракапіраванне.

У сваёй рабоце бібліятэкар вялікую ўвагу надае прапагандзе беларускай кнігі сярод дзяцей і падлеткаў. Тут распрацавана інфармацыйна-асветніцкая праграма «Ваш сябар — беларуская кніга», якая разлічана на 2012-1015 гады. У рамках праграмы ладзяцца мерапрыемствы, якія садзейнічаюць папулярызацыі кніг беларускіх аўтараў, знаёмяць з вуснай народнай творчасцю, творамі класікаў беларускай літаратуры. Гэта конкурсная праграма «Скарбы роднага краю», паэтычная гадзіна «Мой край Нарачанскі», бацькоўская гадзіна «Лепшыя кнігі для вашых дзяцей» і іншае. Акрамя гэтага, дзеці маюць магчымасць патрымаць у руках папірус, падзівіцца з вокладкі кнігі, якой больш за сто гадоў, пазнаёміцца з факсімільнымі выданнямі беларускіх аўтараў.

Сёння бібліятэцы адводзіцца адказная роля ў сістэме ідэалагічнай работы. Таму тут арганізаваны выставы «Краіна мая незалежная», «Эканомія пачынаецца з беражлівасці», «Да адзінага дня інфармавання насельніцтва», а таксама пра наш цудоўны Нарачанскі край, знакамітых землякоў, аграсядзібы Мядзельшчыны. Чырвоныя даты календара, юбілеі беларускіх пісьменнікаў таксама заўсёды адзначаюцца адпаведнымі выставамі.

Сям’я Юрэвічаў у Лотве паважаная. Многія звяртаюцца да Вольгі і Мікалая за добрай парадай, за дапамогай. І яны ніколі нікому не адмаўляюць. Дарэчы, Мікалай шчыруе зараз на пасадзе настаўніка працы гімназіі-інтэрната г. Мядзела. Іх дачушка Таццяна жыве ў Паставах, мае сваю сям’ю. Асаблівая радасць і гонар для Юрэвічаў іх унукі: дзесяцігадовы Аляксей і трохгадовы Уладзіслаў. Гэта яны — працяг роду. Бабуля і дзядуля спадзяюцца, што ўнукі вырастуць сапраўднымі грамадзянамі нашай краіны.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымку: гаспадыня Лацвянскай бібліятэкі В. Юрэвіч.

Фота Георгія Прысмакова.