Гандлёвая марка — «Рыбазавод Нарачанскі»

77

d180d18bd0b1d0b0Крыху гісторыі. У жніўні 2011-га быў дадзены, вобразна кажучы, старт адраджэнню Нарачанскага рыбазавода, вытворчыя корпусы якога шмат часу да гэтага прастаялі ў бяздзейнасці (завод канчаткова закрылі ў 2007 го­дзе) — прадпрыемства ўзя­ло пад сваё крыло адкрытае акцыянернае таварыства «Выт­ворчы альянс». І пачалі  грунтоўную рэканструкцыю, згод­на з умовамі адпаведнага ін­вестыцыйнага праекта.

У пачатку года давялося ўжо гутарыць на гэту тэму з галоўным інжынерам  М. І. Га­ламыздам, які кіраваў там працэсам рэканструкцыі. Ён быў настроены аптымістычна і выказаў упэўненасць, што першую партыю прадукцыі завод выпусціць ужо ў пачатку вясны. Хаця заўважыў, што, каб аднавіць вытворчасць, аб’ём работ тут трэба выканаць значны. Чым і займаюцца.

І вось праз сем месяцаў я зноў на гэтым прадпрыемстве. Поўнасцю рэканструкцыя яшчэ не завершана, але зроблена шмат. І, бадай, галоўнае — завод ажыў, як і абяцалася, пачаў выдаваць прадукцыю. Найперш тут заняліся вяленнем, вэнджаннем і саленнем рыбы. Пры гэтым акцэнт робіцца на прэснаводную рыбу, што насяляе  вадаёмы нашай роднай Беларусі. Гэта акунь, шчупак, лешч, судак. І, канечне, вугор. Перапрацоўваецца таксама частка марской рыбы. Прадукцыю закупляюць сталічныя фірмы, прыватны гандаль раёна, Нацыянальны  парк «Нарачанскі».

— На сёння ў рэканструкцыю завода ўкладзена 2,5 мільярда рублёў, — расказвае Міхаіл Іванавіч. — Сума не маленькая, але і зроблена шмат. Створана 20 рабочых месцаў, колькасць іх будзе даведзена да 60. Работа працягваецца. Даводзім да ладу адміністрацыйна-бытавы корпус з санпрапускнікамі, закладзены фундамент трох маразільнікаў для захоўвання  гатовай прадукцыі і адыходаў (для пастаўкі фірмам, якія займаюцца вытворчасцю касцяной мукі), завяршаецца падрыхтоўка памяшкання для ўласнай вытворчай  лабараторыі, якая будзе адпавядаць сучасным патрабаванням. Абсталяванне для яе ўжо закуплена. Зроблены  праект для  газіфікацыі, што дазволіць працаваць нашай кацельні на блакітным палі­ве і забяспечваць ацяпленне і падачу гарачай вады. А яшчэ і фір­менны магазін у хуткім часе пры заводзе адкрыем!

— Вядома ж, пачынаць было няпроста, — падключаецца да размовы начальнік лабараторыі Н. С. Шастаковіч. — Набіралі кадры, навучалі. Бо з былых работнікаў, практычна нікога не засталося. Некаторых палохала незнаёмая  вытворчасць, але пакрысе асвоіліся, і працэс, як кажуць, пайшоў. Увогуле, мы яшчэ толькі становімся на ногі. На этапе завяршэння падрыхтоўка тэхнічнай дакументацыі, таксама адпрацоўваем тэхналагіч­ныя працэсы, асвойваем новыя віды раздзелкі рыбы, пасолу і г. д. Тым не менш, пачатак ёсць. На мой погляд, ён нядрэнны, і нарачанцы прыкладуць усе намаганні, каб з гонарам несці сваю гандлёвую марку. А для гэтага трэба мець сваіх пакупнікоў і заказчыкаў, паспяхова канкурыраваць на рынку. І галоўнае — працаваць з разлікам на перспектыву!

Аляксандр БЫКАЎ.

На здымку: за работай вяндляр А. І. Ерман.