Ганарымся мінулым, ствараем будучыню

111

Ганарымся мінулым, ствараем будучынюУРАЧЫСТАМУ сходу ў Палацы Рэспублікі з нагоды слаўнага юбілею сталічнай Міншчыны папярэднічала ўшанаванне вялікай кагорты асоб, заахвочаных Саветам Міністраў і Нацыянальным сходам краіны, абласным выканаўчым камітэтам. Уцешна, што ў яе патрапілі і прадстаўнікі азёрнага краю. Так, наш губернатар Анатолій Ісачанка ўручыў Ганаровую грамату аблвыканкама дырэктару Спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Андрэю Малько за добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм і значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Міншчыны, а міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч такую ж узнагароду, толькі ўжо свайго ведамства, — старшыні раённага Савета дэпутатаў Алегу Бароўку за значны асабісты ўклад у забеспячэнне аховы грамадскага парадку, выяўленне і выкараненне злачынстваў, захаванне і адраджэнне лепшых службовых і воінскіх традыцый. І ёсць за што! Як мы ведаем, той жа Андрэй Вітальевіч нямала парупіўся, каб на Мядзельшчыне з’явілася школа алімпійскага рэзерву. Яскравым сведчаннем яе эфектыўнай работы з’яўляецца тое, што дзевяць яе выхаванцаў і навучэнцаў уваходзяць у склад нацыянальных каманд па веславанні на байдарках і каноэ, лыжных гонках, біятлоне і валейболе. У іх ліку і Вольга Васілёнак — удзельніца Алімпійскіх гульняў у Ванкуверы і Турыне.

Ганарымся мінулым, ствараем будучыню
Варта адзначыць і наступнае: кожны з рэгіёнаў быў дастойна прадстаўлены на ўрачыстасці, сюды патрапілі прадстаўнікі літаральна з усіх сфер народнай гаспадаркі. Дэлегацыю Мядзельшчыны з сямідзесяці чалавек узначальвалі старшыні райвыканкама Анатолій Вайнілка і раённага Савета дэпутатаў Алег Бароўка. Канечне, усіх не пералічыш, аднак, каб чытачы мелі ўяўленне, назаву хаця б некаторых: Ганаровыя грамадзяне раёна Міхаіл Гардон і народны мастак Беларусі Васілій Шаранговіч, механізатар таварыства “Сваткі” Пётр Скурко і аператар па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы Ірына Бабровіч, электрагазазваршчык жыллёва-камунальнай гаспадаркі Дзмітрый Курловіч і аператар кацельні Аляксандр Варанец, трактарыст-машыніст таварыства “Занарацкі” Яраслаў Вяршыла і вадзіцель Іван Куркуль, выхавальніца яслей-сада №4 Мядзела Ірына Скурко, сацыяльны работнік тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Марына Ішчанка, галоўны ўрач санаторыя “Прыазёрны” Аляксей Шапяцько, урач-хірург цэнтральнай раённай бальніцы Дзмітрый Кацягоў і старшая медыцынская сястра Мая Мехавіч, машыніст гусенічнага крана ПМС Іван Смолка, настаўніца біялогіі Мядзельскага вучэбна-педагагічнага комплексу яслі-сад-сярэдняя школа Святлана Варановіч…

Ганарымся мінулым, ствараем будучыню
У фае Палаца Рэспублікі госці няспешна знаёміліся з выставамі дасягненняў народна-гаспадарчага комплексу вобласці, прамысловых тавараў. Нямала таксама знайшлося жадаючых прадэгуставаць прадукцыю перапрацоўчых прадпрыемстваў. Вабіла позірк і багатая экспазіцыя фотаздымкаў “Міншчына: учора і сёння”. Але не будзе перабольшваннем, калі скажу, што самыя шчыльныя шэрагі людзей, не праціснуцца, сабраліся каля імправізаванай пляцоўкі, на якой выхаванцы Вячаслава Саўчыка з гімназіі-інтэрната Мядзела Дзяніс Барыеў і Аляксандр Вярбіцкі дэманстравалі свае дасягненні ў навукова-тэхнічнай творчасці. Пры гэтым некаторыя з гледачоў выказваліся, што такога ўзроўню развіцця робататэхнікі ў школах, бадай, няма больш нідзе на прасторах сталічнай вобласці. Хаця ў цэлым рэгіён за сваю гісторыю здзейсніў неверагодны прарыў з аграрнага да высокіх прамысловых дасягненняў і касмічных праектаў. Свой летапіс ён вядзе са студзеня 1938 года, калі на першай сесіі Вярхоўнага Савета СССР была ўтворана Мінская вобласць — самая вялікая па плошчы на Беларусі. Да таго ж, гэта сэрца краіны, цэнтр сканцэнтравання транспартных калідораў, якія звязваюць сотні гарадоў Еўрасаюза, Расіі і Украіны.
Сур’ёзным выпрабаваннем для жыхароў края стала Вялікая Айчынная вайна. Яго прадстаўнікі змагаліся на ўсіх напрамках, на кожным участку савецка-германскага фронту. На тэрыторыі вобласці дзейнічалі тры партызанскія злучэнні і сорак пяць брыгад. За подзвіг у імя міру больш за 80 ураджэнцаў і яе жыхароў удастоены звання Героя Савецкага Саюза, дзясяткі тысяч — баявых ордэнаў і медалёў. Таму можна лічыць заканамерным, што ў лютым 1967 года за актыўны ўдзел у партызанскім руху, мужнасць і гераізм у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і поспехі ў аднаўленні народнай гаспадаркі Міншчына ўзнагароджана ордэнам Леніна.

Ганарымся мінулым, ствараем будучыню

За ваеннымі перамогамі настала чарга працоўных здзяйсненняў — аснова будучага росквіту.
Буйнейшыя прадпрыемствы
“БелАЗ”, “Беларуськалій” і сёння застаюцца флагманамі нашай прамысловасці, іх брэнды вядомы ва ўсім свеце. Высокай ацэнкай тагачасных набыткаў стаў у снежні 1970 года другі ордэн Леніна. За кароткі гістарычны тэрмін Мінскі край ператварыўся ў рэгіён з буйнейшым сельскагаспадарчым патэнцыялам, развітой інфраструктурай, сотнямі вытворчасцей самых розных галін. З 1998 года тут дзейнічае свабодная эканамічная зона “Мінск”. За два дзясяткі год яна стала вядучым прамысловым цэнтрам і прыцягнула інвестыцый на суму больш за два мільярды долараў ЗША. Тут жа можна ўзгадаць хуткае станаўленне швейцарскай кампаніі “Stadler” у Фаніпалі па вытворчасці сучаснага рухомага саставу, будаўніцтва ў Барысаўскім раёне новага завода “БЕЛДЖЫ”, развіццё беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку “Вялікі камень”. Між іншым, дамоўленая сума інвестыцый сюды ад кампаній днямі ўжо дасягнула 1 мільярда долараў ЗША.
Шэраг апошніх год Міншчына па праву лічыцца аграрным лідарам у Беларусі. Кожны чацвёрты каравай, вырашчаны ў краіне, — з гаспадарак сталічнай вобласці, як і кожны атрыманы чацвёрты літр малака. Ды і больш за чвэрць мяса таксама мае аналагічнае паходжанне. Ураджайнасць збожжавых у 100 цэнтнераў з гектара ўжо стала стандартам для такіх гаспадарак як агракамбінат “Сноў”, таварыства “Гастэлаўскае”, а ў лідараў па вытворчасці хлеба — Мінскага, Дзяржынскага і Нясвіжскага раёнаў — гэты паказчык на круг ад 55 да 65 цэнтнераў. Вялікія набыткі таксама ў адукацыі і медыцыне, культуры і санаторна-курортнай сферы…

Ганарымся мінулым, ствараем будучынюУ розныя гады вобласцю кіравалі прафесіяналы сваёй справы, людзі, якія рабілі сталічны рэгіён яшчэ больш значным і прыгожым, закладвалі асновы сённяшняга поспеху: Сяргей Лінг, Альфонс Цішкевіч, Пётр Пётух, Мікалай Дамашкевіч, Леанід Крупец, Барыс Батура, Сямён Шапіра.
Па запрашэнні вядучых урачыстасці — заслужанай артысткі краіны Алены Спірыдовіч і карэспандэнта АНТ Яўгенія Лашкоўскага — на сцэну падымаюцца Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь Станіслаў Зась і старшыня аблвыканкама Анатолій Ісачанка. Прысутных знаёмяць з распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі аб аб’яўленні Падзякі працаўнікам Міншчыны за значны ўклад ва ўмацаванне беларускай дзяржаўнасці і ў сувязі з 80-годдзем з дня ўтварэння вобласці. Станіслаў Васільевіч шчыра павіншаваў удзельнікаў свята, адзначыўшы пры гэтым, што цэнтральнаму рэгіёну ёсць чым ганарыцца, пажадаў шчасця, дабрабыту ў кожны дом, кожную сям’ю.
Сардэчна вітаў усіх, хто сабраўся ў мінулы панядзелак у зале Палаца Рэспублікі, і губернатар Анатолій Ісачанка: вышэйшых службовых асоб Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікоў Адмі—ністрацыі Прэзідэнта і Урада, беларускага парламента, духавенства, кіраўнікоў дыпламатычных місій, грамадскіх арганізацый, дзеячаў навукі і культуры, Ганаровых грамадзян сталічнага рэгіёну, перадавікоў вытворчасці, ветэранаў вайны і працы, гасцей з Грузіі і Малдовы. Акцэнтавалася ўвага на тым, што сёння Міншчына — моцны эканамічны цэнтр Беларусі. Яна з’яўляецца ім не толькі па сваім геаграфічным статусе, але і па ўплыве, які аказвае на развіццё ўсёй нашай дзяржавы. Вобласць трывала ўтрымлівае лідзіруючыя пазіцыі ў аграпрамысловым комплексе. Дынамічна развіваюцца прамысловасць, будаўніцтва, іншыя галіны эканомікі. Нашы тавары набываюць больш чым у 130 дзяржавах. З кожным днём прыгажэюць гарады і вёскі. У вобласці ўзводзяцца жыллё, школы, дзіцячыя і дашкольныя ўстановы, бальніцы і клубы, фізкультурна-аздараўленчыя комплексы, дарогі…

Ганарымся мінулым, ствараем будучыню
— Але галоўным багаццем нашага краю заўсёды былі людзі, — падкрэсліў Анатолій Міхайлавіч. — Тут нарадзіліся і тварылі вялікія майстры мастацкага слова, Героі вайны і працы, знакамітыя дзеячы культуры, вучоныя, канструктары, касманаўты. Жыхароў Міншчыны заўсёды вызначала беззапаветная любоў да роднай зямлі. Дзякуючы стваральнай і добрасумленнай працы, уменню дасягаць пастаўленых мэт вобласць змяняецца з года ў год, становіцца ўсё лепшай і прыгажэйшай. Выказваю шчырыя словы ўдзячнасці ўсім, хто ўнёс свой дастойны ўклад у агульную справу развіцця і росквіту нашай роднай Міншчыны…

Ганарымся мінулым, ствараем будучыню
Надзвычай цёпла таксама віншавалі “імяніннікаў” намеснік Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны Баляслаў Пірштук, старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Андрэй Шорац, які, акрамя ўсяго іншага, уручыў губернатару Анатолію Ісачанку пашпарт на пабудаваны свінакомплекс на 24 тысячы галоў. Яркім момантам урачыстасці стала ўшанаванне папаўнення ў Кнігу Ганаровых грамадзян Міншчыны. За выдатныя заслугі і значны ўклад у яе сацыяльна-эканамічнае развіццё гэта высокае званне прысвоілі трактарысту-машыністу сельскагаспадарчага прадпрыемства “Путчына” Дзяржынскага раёна Таццяне Захожай. Больш за сорак год Таццяна Уладзіміраўна адпрацавала механізатарам, узнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”, а кіраваць сельгасмашынамі пачала 18-гадовай дзяўчынай. Прыклад брала з маці, якая таксама была трактарысткай. А яшчэ — намесніку галоўнага інжынера па развіцці вытворчасці першага рудаўпраўлення аб’яднання “Беларуськалій” у 1992-2003 гадах Валерыю Карчагіну, мастаку Валерыю Шкарубу, старшаму трэнеру Нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па спартыўнай гімнастыцы Антаніне Кошаль. Дадам, што Антаніна Уладзіміраўна — ураджэнка Смалявіч, алімпійскі чэмпіён, заслужаны майстар спорту СССР. На жаль, на гэта ўшанаванне не змаглі патрапіць вядомыя вельмі многім лаўрэаты, якія ўнеслі важкі ўклад у развіццё Міншчыны, — Мікалай Дамашкевіч, старшыня абласнога выканаўчага камітэта ў 1998-2007 гадах і Ігар Лучанок, старшыня Беларускага саюза кампазітараў.

Ганарымся мінулым, ствараем будучынюПрыемным заключным акордам урачыстасці стала канцэртная праграма, падрыхтаваная вядучымі артыстамі краіны. Перад яе ўдзельнікамі выступілі многія вядомыя ансамблі: “Сябры”, “Бяседа”, “Спадчына” (Маладзечна), “Нясвіжскія лыжкары”, народнай песні “Шчодрыца” (Лагойск), танца “Сузор’е” (Салігорск), “Шарм” (Смалявічы), сімфанічны аркестр Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. К. Агінскага… Парадавалі “Застольнай” з оперы “Травіята” Дж. Вэрдзі салісты Музычнага тэатра імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі Уладзімір Дзмітрук, Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Кацярына Купрыеўская і наш зямляк Андрэй Мацюшонак. На сцэну неаднойчы выходзілі і таленавітыя дзеці, нямала апладысментаў “сарвала” сваёй ігрой на фартэпіяна Соф’я Курловіч з Салігорска — адна з гераінь тэлевізійнага шоу “Лепш за ўсіх” з Максімам Галкіным. Шыкоўны канцэрт, як і юбілейнае мерапрыемства, спадабаліся, дабавілі людзям цудоўнага настрою. І так ужо ўладкавана наша жыццё, што за святамі ідуць працоўныя будні. Па дарозе дадому многія выказваліся за тое, што ўсім нам у гэтых паўсядзённых вытворчых справах неабходна парупіцца больш плённа, каб Мядзельшчына ў слаўным сузор’і сталічнай вобласці заззяла ў бліжэйшай перспектыве яшчэ больш ярка і прывабна.

Павел ЖУКАЎ.
Фота аўтара.