Галоўнае прызначэнне — рабіць дабро іншым

192

Галоўнае прызначэнне — рабіць дабро іншымІдэя падтрымкі і абароны чалавека, асабліва дзяцей і пажылых людзей, нарадзілася яшчэ ў старажытнасці. У XIX стагоддзі пачала развівацца сістэма дапамогі грамадзянам, якія не маюць сродкаў да існавання. Пасля рэвалюцыі 1917 года важнае значэнне стала надавацца сацыяльнаму забеспячэнню і сацыяльнаму страхаванню. Так, 31 кастрычніка 1918 года было прынята палажэнне аб сацыяльным забеспячэнні працоўных. 5 студзеня 2019-га створаны Камісарыят сацыяльнага забеспячэння. У гэтым жа годзе пачаў функцыянаваць і Камісарыят працы, які ў 1933-ім быў рэарганізаваны, а большасць накірункаў яго дзейнасці перададзена прафсаюзам і Дзяржплану. У канцы 1920-ых з дзяржаўнага бюджэту пачалі выплачвацца пенсіі рабочым дзесяці галін народнай гаспадаркі. А ў 1928-ым устаноўлены самы нізкі ў свеце ўзрост, які даваў права на пенсію: для мужчын — 60, а для жанчын — 55 год. Праз два гады было прынята рашэнне аб датэрміновым выхадзе на пенсію асоб, занятых на падземных работах і вытворчасцях са шкоднымі ўмовамі працы. Першы крок у рэалізацыі прынцыпу ўсеагульнага пенсіённага забеспячэння распачаты ў 1956 годзе. У 1964-ым уступіў у сілу Закон аб пенсіях і дапамогах членам калгасаў.
У пачатку 1930-ых пачала фарміравацца сістэма сацыяльнага забеспячэння грамадзян, якія маюць патрэбу ў староннім доглядзе. Будаўніцтва стацыянарных сацыяльных устаноў найбольш актыўна вялося ў 60-70-ыя гады. З 1987-га пры некаторых аддзелах сацыяльнага забеспячэння сталі стварацца аддзяленні надомнай дапамогі. З сярэдзіны 1990-ых у Беларусі пачала фарміравацца нацыянальная заканадаўча-нарматыўная база, якая рэгламентавала правы і гарантыі пажылых людзей, інвалідаў і сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей. Стала ўдзяляцца ўвага праблемам аховы працы, занятасці, развіцця сістэмы заработнай платы, дэмаграфічнай сітуацыі, дзяржаўнай падтрымцы мацярынства і дзяцінства.
15 сакавіка 1988 года пры аддзеле сацыяльнага забеспячэння райвыканкама было створана аддзяленне надомнай сацыяльнай дапамогі адзінокім састарэлым і непрацаздольным грамадзянам. Узначаліла яго Таццяна Травіцкая, а яе памочнікам стала сацыяльны работнік Ванда Уліцкая. Паступова штат работнікаў пашыраўся. Павялічвалася і колькасць грамадзян, якія знаходзіліся на надомным сацыяльным абслугоўванні. У 2003 годзе адбыўся пераход на комплекснае надомнае абслугоўванне. Згодна з адпаведным рашэннем райвыканкама з
3 мая 2004 года на базе аддзялення надомнай сацыяльнай дапамогі быў створаны тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (дырэктар Таццяна Травіцкая). У
2007-ым пры Мядзельскім ТЦСАН пачало працаваць аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў, у 2009-ым — аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у вёсцы Вузла, у 2014-ым — аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, у 2016 годзе — Дом самастойнага пражывання ў вёсцы Камарова Свірскага сельсавета. Функцыянуюць сацыяльныя пункты у вёсках Камарова, Вузла, аграгарадку Будслаў і курортным пасёлку Нарач. Зараз у ТЦСАН працуе 141 чалавек, з іх 89 — сацыяльныя работнікі. Узначальвае ўстанову ў цяперашні час Віталій Місуна. У структуры цэнтра — 6 аддзяленняў. Асноўнае прызначэнне ўстановы — аказанне сацыяльна-бытавой, матэрыяльнай, псіхалагічнай, юрыдычнай, кансультацыйнай дапамогі людзям, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. І найперш — адзінокім пажылым, адзінока пражываючым пажылым грамадзянам, мнагадзетным сем’ям, інвалідам, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і іншым катэгорыям.
Вядомы рускі мовазнаўца і пісьменнік Уладзімір Даль сказаў: “Прызначэнне чалавека менавіта ў тым, каб рабіць дабро”. Гэту місію сумленна выконваюць сацыяльныя работнікі, якія цяпло сваіх сэрцаў аддаюць падапечным. Кожны з іх заслугоўвае самых шчырых і ўдзячных слоў за сваю добрасумленную працу, неабыякавасць, чуласць.

С. ШАБЛЫКА.
Спецыяліст па сацыяльнай рабоце ДУ “Мядзельскі ТЦСАН”.