«Галоўнае — быць уважлівым да людзей»

91

p2280114Другі год працуе ўчастковым інс­пектарам Яўген Якімец. Ён скончыў Нарацкую сярэднюю школу №2, потым атрымаў вышэйшую адукацыю ў БДУ па спецыяльнасці, звязанай з сацыяльнай работай і псіхалогіяй. У ліпені 2010 года быў залічаны ў органы ўнутраных спраў, прайшоў трохмесячнае навучанне ў вучэбным цэнтры МУС. А з кастрычніка стаў працаваць на пасадзе ўчастковага інс­пектара міліцыі.

На першы погляд, здаецца, што атрыманая спецыяльнасць далёкая ад работы ў міліцыі.

— Не зусім так, — тлумачыць Яўген. — Падчас навучання ва ўнівер­сітэце праходзіў практыку ў органах унутраных спраў у Мінску і Мядзеле. Напрыклад,  у сталіцы ў інспекцыі па справах непаўналетніх праводзіў псіхалагічныя трэнінгі, займаўся праблемай прафілактыкі правапарушэнняў паміж падлеткамі. І ўвогуле, са школьных год падабалася міліцэйская форма, прыцягвала гэта прафесія.

— Ці цяжка было пачынаць?

— Адразу нялёгка было справіцца з вялікай колькасцю пастаўленых задач. Але ўдаецца — дзякуючы навыкам, якія атрымаў падчас вучобы ва ўні­версітэце і вучэбным цэнтры, а таксама падтрымцы і дапамозе калег. Працую і ў Мядзеле, і ў курортным пасёлку Нарач сумесна з участ­ковымі інспектарамі Аляксандрам Рыгоравічам Волкавым і Сяргеем Валянцінаві­чам Карніцкім. А яшчэ ў аддзеле аховы правапарадку і прафілактыкі вяду работу з абавязанымі асобамі.

Кажа Яўген, што ўдаецца ў рабоце прымяніць псіхалагічныя веды: яны вельмі патрэбныя ў кантактаванні з людзьмі.

— А што лічыце галоўным для
ўчастковага?

—    Быць уважлівым да лю­дзей, гатовым прыйсці на дапамогу, нікому не адмовіць, заўсёды своечасова і прафесійна прымаць рашэнне па разнастайных праблемах. Работа наша нялёгкая, але цікавая, бо ўключае напрамкі дзейнасці розных службаў. Ды і штодня знаёмішся з новымі людзьмі.

Даводзілася суразмоўцу і ў затрыманні ўдзельнічаць: узгадвае, як у маі мінулага года затрымаў двух злачынцаў, якія праніклі ў дом у вёсцы Нарач.

І хоць працуе ўчастковы яшчэ не вельмі шмат, аднак аўтарытэт паспеў заслужыць. Кіраўніцтва райаддзела аб ім адгукалася як аб адным з лепшых маладых супрацоўнікаў: акуратны, падцягнуты, заўсёды выканае ўсё належным чынам і своечасова.

—    Яўген, не расчараваліся ў ра­-
боце?

— Не: служба падабаецца, калектыў добры, створаны ўсе ўмовы.

Але гэта пытанне мог бы і не задаваць. Пра тое, што выбар Яўгена — невыпадковасць, сведчыць такі факт: летась ён паступіў на трэці курс Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў.

Таксама не выказвае Яўген Якімец шкадавання аб тым, што не застаўся ў Мінску, а вярнуўся працаваць на ра­дзіму.

—    Тут бліжэй да бацькоў, родных, сяброў, — тлумачыць ён.

Ды і спяшацца пасля работы ёсць да каго:  з нецярпеннем яго чакаюць жонка Лена і дачка Ангеліна, якой крыху больш за годзік.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.

На здымку: Яўген Якімец.

Фота Таццяны Несцярэнка.