Галалёд абыякавасцi не даруе

75

Галалёд абыякавасцi не даруеТРАЎМАТЫЗМ займае вядучае месца сярод захворванняў, з’яўляецца адной з асноўных прычын пярвічнай інваліднасці і смяротнасці дарослага насельніцтва працаздольнага ўзросту. У структуры траўматызму другое месца за вулічнымі траўмамі. Яны складаюць каля 17%. Адна з прычын, якая спрыяе атрыманню іх, — галалёдзіца.

Рэзкае пахаладанне пасля адлігі ці моцны вецер у сырое надвор’е ператвараюць гарадскія тратуары ў ледзяныя горкі і коўзанкі. Асабліва небяспечныя слізкія прыступкі і край тратуара. Яны становяцца прычынамі сур’ёзных траўм — у першую чаргу, гэта расцяжэнні звязак, вывіхі і пераломы.

Для пенсіянераў і жанчын пасля 40 гадоў асабліва цяжкія асколкавыя пераломы. Гэта звязана з павышанай ломкасцю касцей, што выклікаецца недахопам кальцыю. Таму падчас галалёду пацыентамі аддзяленняў траўматалогіі часцей за ўсё з’яўляюцца пажылыя людзі і жанчыны. Але небяспечней за ўсё сітуацыі, калі, падаючы, удараешся патыліцай і атрымліваеш чэрапна-мазгавыя траўмы.

Каб пазбегнуць небяспекі, уважліва глядзіце пад ногі, ступайце не шырока і крочце павольна. Наступайце на ўсю падэшву, не на насок ці пятку. Пазбягайце неачышчаных вуліц і абыходзьце слізкія месцы. Крочце там, дзе тратуары пасыпаны пяском. Прымацуйце да падэшвы абутку палоску наждачнай паперы ці звычайнага лейкапластыру. Лепш за ўсё карыстацца абуткам з рыфлёнай падэшвай. А дзяўчатам на час галалёду варта забыцца пра высокія і тонкія абцасы.

Калі на вуліцы ўсё ж такі паслізнуліся, паваліліся і адчуваеце востры боль у канечнасці, важна ацаніць свой стан. Галоўныя прыкметы пералому ці вывіху: рэзкі боль, нарастаючы ацёк, укарачэнне пашкоджанай канечнасці і немагчымасць ёю нармальна рухаць. Страсенне мозга выяўляецца стратай прытомнасці (часам літаральна на некалькі імгненняў), млоснасцю, галаўным болем. Паспрабуйце прыцягнуць увагу прахожых, папрасіце дапамогі. Яны павінны выклікаць «хуткую» ці дапамагчы дабрацца да бліжэйшага траўмапункта. Зварот у траўматалагічны пункт ці «хуткую» з’яўляецца абавязковым завяршэннем такой сітуацыі.

Абысціся без дапамогі ўрача можна толькі ў выпадку лёгкага ўдару. Проста прыкладзіце да балючага месца што-небудзь халоднае, гэта зменшыць ацёк і боль. Грэць балючае месца нельга, эфект будзе прама процілеглым. Будзьце ўважлівыя і асцярожныя падчас галалёду.

Н. ФЕДАРУК.

Урач-траўматолаг Мядзельскай ЦРБ.