Генадзь РУСАК: сістэма аховы здароўя Мядзельшчыны да барацьбы з каранавірусам падрыхтавана

1336

 

УЧОРА міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік паведаміў, што найбольш  лабараторна пацверджаных выпадкаў каранавіруса па-ранейшаму ў Мінску і Віцебскай вобласці. Трэцяй ідзе наша Мінская вобласць. У пераліку раёнаў, дзе зарэгістравана інфекцыя, і Мядзельшчына. Пракаменціраваць сітуацыю, якая склалася ў нас на дадзены момант, папрасіла галоўнага ўрача ўстановы аховы здароўя “Мядзельская цэнтральная раённая бальніца” Генадзя РУСАКА.

  • Перш за ўсё хачу запэўніць жыхароў раёна, што сістэма аховы здароўя Мядзельшчыны падрыхтавана да барацьбы з каранавірусам. У нас быў час, каб, напрыклад, перапрафіліраваць аддзяленні дзённага стацыянара пад прыём пацыентаў з прыкметамі вострай рэспіраторнай інфекцыі. Арганізаваны асобны ўваход для тых, хто ідзе на прыём да ўрача з тэмпературай, кашлем, насмаркам і іншымі сімптомамі ВРІ. Такім чынам гэта катэгорыя грамадзян не перасякаецца з іншымі пацыентамі. Цэнтральная раённая бальніца ў дастатковай колькасці мае як сродкі індывідуальнай аховы, так і неабходныя лекі, абсталяванне пад падачу кіслароду, антысептычныя растворы, дэзынфікуючыя сродкі. Кожны тыдзень па структурных падраздзяленнях праводзіцца вучоба з персаналам па адпрацоўцы навыкаў выкарыстання сродкамі індывідуальнай аховы, вывучэння новай дакументацыі і рэкамендацый.
  • Спецыялісты сцвярджаюць, што пік выяўлення каранавіруса ў краіне прыпадзе на канец красавіка-пачатак мая, калі сярэднясутачны прырост магчымы па паўтысячы за суткі. Справіцца наша бальніца з магчымым ростам захварэўшых?
  • Мы гатовы да змянення сітуацыі. Павялічана магутнасць інфекцыйнага аддзялення, перапрафілявана частка некаторых іншых аддзяленняў для аказання дапамогі пацыентам з прыкметамі інфекцыі. Ужо сёння вызвалены па адным пасту ў хірургіі і тэрапіі, праведзена падводка прыстасаванняў для падачы кіслароду. Медперсанал таксама гатовы да змянення графіка работы ў выпадку павелічэння пацыентаў. Некаторыя, хто працуе з так званымі кантактнымі пацыентамі, нагрузку ўжо адчуваюць.
  • Генадзь Аляксандравіч, ці шмат пацыентаў з прыкметамі рэспіраторных інфекцый зараз знаходзіцца на лячэнні ў бальніцы? Як гэта лічба адрозніваецца ад мінулагодняй?
  • Аддзяленні не загружаны. Больш за тое, цяжкіх пацыентаў з вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі і пнеўманіяй наогул няма. І статыстыка станоўчая. Калі параўноўваць першы квартал гэтага года з мінулым, то хворых на ВРІ і пнеўманію сярод дарослых і дзяцей амаль у тры разы менш.
  • Які існуе алгарытм дзеяння ў дачыненні да тых, у каго ёсць падазрэнні на COVID-19?
  • Людзей з верагоднымі выпадкамі транспарціруюць у спецыяльныя цэнтры, створаныя згодна з загадам галоўнага упраўлення па ахове здароўя Мінскага аблвыканкама. Бліжэйшы да нас у Валожыне. Яшчэ хачу звярнуцца да жыхароў раёна, што не трэба панікаваць, калі да суседзяў прыехала “хуткая” з персаналам у сродках аховы. Гэта не значыць, што там абавязкова інфікаваны, а тым больш у цяжкім стане. Так суправаджаецца выезд на падазроны выпадак.
  • Генадзь Аляксандравіч, што вы можаце сказаць пра так званыя “спісы”, што перасылаюць адзін аднаму некаторыя жыхары Мядзельшчыны, і пра якія стала вядома ўсёй краіне, дзякуючы інтэрнэт-парталу TUT.by?
  • Не бяруся іх каменціраваць. Але адназначна, што аўтарам невядомы паняцці ўрачэбнай этыкі, маралі, а тым больш урачэбнай таямніцы. Параіў бы аматарам сумнеўных спісаў давяраць усё ж такі праверанай і афіцыйнай інфармацыі, слухаць прафесіяналаў і людзей кампетэнтных, а не спрыяць распаўсюджанню фейкаў. Са свайго боку магу запэўніць, што сітуацыя ў нашым раёне кантралюемая, не крытычная.
  • Згодна з апошнімі новаўвядзеннямі, маю на ўвазе пастанову Саўміна Рэспублікі Беларусь ад 8 красавіка, людзям, якія маюць патрэбу ў самаізаляцыі, выдаецца бальнічны ліст. У нас такая практыка ўжо распачата?
  • Так. Пацыентам з ліку кантактаў першага ўзроўню і другога пры наяўнасці сімптомаў вострых рэспіраторных інфекцый выдаецца ліст непрацаздольнасці на два тыдні і памятка, як сябе паводзіць гэты перыяд. Запаўняюцца патрабаванні аб выкананні правіл самаізаляцыі. Такі пацыент назіраецца дыстанцыйна, гэта значыць па тэлефоне ці скайпу ўрач дае парады чалавеку, адсочвае сімптаматыку, адказвае на хвалюючыя пытанні. Дарэчы, пытанні, якія тычацца інфекцыі, паводзін падчас самаізаляцыі, можа накіраваць медыкам любы жыхар раёна: для гэтага ў нас працуе “гарачая лінія”. Хачу звярнуць увагу яшчэ на адзін момант. Наперадзе праваслаўныя святы — Вялікдзень, Радаўніца. У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй вельмі прашу вернікаў устрымацца ад наведвання царкоўных службаў і далёкіх паездак. Пазбягайце месцаў масавага знаходжання людзей! А калі вырашылі ісці, прытрымлівайцеся правіл сацыяльнага дыстанцыравання, выкарыстоўвайце маскі і пальчаткі.

Звяртаюся да ўсіх: сачыце за сваім станам, выконвайце гігіенічныя рэкамендацыі і будзьце здаровыя!

Гутарыла Іна ЯРЧАК.

Тэлефоны  “гарачай лініі” па пытаннях прафілактыкі інфекцыі, выкліканай каранавірусам COVID-19

24-3-88 — у рабочыя дні з 8.00 да 17.00 і з 17.00 да 8.00

24-3-53 — у выхадныя і святочныя.