Эксклюзіў ад Уладзіміра Бепершча

59

Эксклюзіў ад Уладзіміра БепершчаЭКСКЛЮЗІЎНУЮ прадукцыю з дрэва індывідуальнага прадпрымальніка У. А. Бепершча ўпершыню давялося пабачыць падчас выставы кірмашу народных рамёстваў і промыслаў “Кола дзён”, якое традыцыйна прайшло сёлета ў чэрвені ў вёсцы Камарова. У асноўным спецыялізуецца ён на мэблі пад даўніну. І на кірмаш упершыню даставіў цэлы спальны гарнітур, які не мог не прыцягнуць увагі шматлікіх гасцей свята. Каштуе нямала, але ж гэта вам не канвеерная вытворчасць. Колькі тут ручной работы! Ды і ўласнай фантазіі прыклаў нямала. Як, дарэчы, да любога свайго непаўторнага вырабу.

Нядаўна давялося наведацца да Бепершча ў вёску Нарач. Засталі гаспадара, вядома ж, за работай. Майстар пагадзіўся расказаць крыху аб такім даволі неардынарным накірунку дзейнасці.— Адразу заўважу, што вырабам мэблі пад даўніну заняўся параўнальна нядаўна, — кажа Уладзімір Антонавіч. — А напачатку вырабляў вокны, дзверы. І паступова перайшоў да такіх вось складаных рэчаў.

— Нехта, напэўна, перадаў вам гэту няпростую навуку?

— Ды не. Дзед мой толькі кошыкі плёў ды граблі майстраваў. Да ўсяго давялося даходзіць уласным розумам. А чаму менавіта заняўся даўніной? У апошні час з’явіўся попыт на такую прадукцыю. Да прыкладу, нямала ахвотнікаў паставіць эксклюзіўную мэблю ў сябе на дачы. Вось і вырашыў паспрабаваць. А тут, як кажуць, і першы заказчык “намаляваўся”. Пажадаў, каб яму зрабіў адмысловае крэсла.

— І што сёння ў асартыменце вытворцы Уладзіміра Бепершча?

— Гэта шафы, ложкі, крэслы, камоды і шмат чаго яшчэ. Магу выканаць практычна любы заказ. А дапамагае ў гэтай справе мой швагер Валерый Навіцкі, таксама прадпрымальнік. Маю спецыяльны цэх, абсталяванне. Але галоўнае ўсё ж — рукі! Ды і галава, канечне, каб рэалізаваць чарговую задумку. Важна ўсвядоміць, чаго хоча заказчык. І потым ужо ўвасобіць у канкрэтны выраб. Найчасцей заказваюць з сасны, але пасля апрацоўкі яна ў мяне выглядае як дуб! Часу траціцца шмат, нават на самую простую рэч. На крэсла, напрыклад, тры дні патрабуецца. Таму і не танна абыходзіцца. Але хто з заказчыкаў па-сапраўднаму зацікаўлены, як правіла, застаецца задаволеным. І іншым потым пераказваюць. Гэта і ёсць мая асноўная форма рэкламы. Вырабы мае разышліся па ўсім раёне, і ў сталіцу нават “паехалі”.

Дарэчы, валодае У. А. Бепершч і такім рамяством як коўка. Патлумачыў, што жалеза вельмі добра выглядае на дрэве, таму і заказы адпаведныя час ад часу паступаюць. А ўвогуле, плануе і надалей развіваць сваю справу. Для чаго неабходна пашырыць вытворчую базу, патрэбен дадатковы зямельны ўчастак. Праўда, пытанне гэта пакуль яшчэ не вырашана…

Што ж, творчая душа пастаянна ў пошуку. І застаецца пажадаць Уладзіміру Антонавічу плёну на гэтым пакручастым шляху.

На здымку: У. А. Бепершч ля сваіх вырабаў.