Экалагічнае выхаванне ў Яцкавіцкай школе

283

ПЫТАННЯМ экалагічнага выхавання дзяцей у Яцкавіцкай базавай школе надаецца вялікая ўвага. І на ўроках, і пры правя­дзенні пазакласных і пазашкольных мерапрыемстваў настаўнікі імкнуцца прывіць хлопчыкам і дзяўчынкам любоў да ўсяго жывога.

— Куратарамі экалагічнага выхавання дзяцей, калі так можна сказаць, у нас з’яўляюцца настаўніца геаграфіі Зінаіда Анастасьеўна Марцюг і Ганна Уладзіміраўна Януцэвіч, якая выкладае біялогію, — зазначае дырэктар навучальнай установы Ва­лянціна Аляксееўна Ана­ніч. — Дзякуючы іх намаганням у школе праводзіцца шмат цікавых акцый, конкурсаў, выстаў. Вучні вынікова ўдзельнічаюць у мерапрыемствах як раённага, так і абласнога маштабу.

З захапленнем расказала пра экалагічнае выхаванне хлопчыкаў і дзяўчынак З. А. Марцюг. Яно тут мае тры асноўныя накірункі: добраўпарадкаванне прышкольнай тэрыторыі, праца школьнага лясніцтва і доследная работа.

— З ранняй вясны да позняй восені ля школы буяюць квет­кі. Створаны кампазіцыі «Альпій­ская горка», «Вадаспад», «Мая радзіма Беларусь», «Паў­лін», «Кропелька», «Сонейка» і ін­шыя. Вучні з ахвотай са­дзяць кветкі, полюць клумбы, паліваюць. Яны прывучаюцца бачыць і цаніць не толькі прыгажосць, але і сваю працу, — кажа Зінаіда Анастасьеўна.

Школьнае лясніцтва, якое ўзначальвае васьмікласнік Ягор Януковіч, аб’ядноўвае ў сваіх радах 17 вучняў. Усю работу каардынуе ляснік Будслаўскага лясніцт­ва Аляксандр Антонавіч Рудзік.

— За намі замацаваны 104 гектары лесу. Атрымаўшы заданне ад лесніка, дзеці актыўна ўключаюцца ў справу, — працягвае размову З. А. Марцюг.

— Што сабой уяўляюць гэтыя заданні?

— Ды самыя розныя. Ачыстка лесу ад смецця, развешванне шпакоўняў, абгароджванне мурашнікаў, падкормка птушак у зімовы час. Ды хіба ўсё пералічыш! Дзейнасць «Блакітнага» і «Зялёнага» патрулёў таксама прывівае школьнікам любоў да навакольнага асяроддзя. Непадалёку працякае Сэрвач. Дзеці наво­дзяць парадак на беразе гэтай прыгожай рэчкі, ствараюць заслону браканьерам у час нерасту рыбы. «Зялёны» патруль стаіць на варце лясных угоддзяў перад Каляднымі і Навагоднімі святамі, у час збору бярозавага соку, — чую ў адказ.

З цікавасцю гаварыла настаў­ніца і пра доследную работу, якая праводзіцца ў школе. Многія праекты заслугоўваюць увагі. Сярод іх — «Энергія і асяроддзе жыхарства», які падрыхтаваў вучань 8 класа Ягор Януковіч. «Захаваем елачку, захаваем» — гэта тэма праекта, распрацаванага Веранікай Каробчыц і Насцяй Бурдун. Яны падлічылі страты, якія наносяцца прыродзе і народнай гаспадарцы ад высякання навагодніх елачак на прыкладзе вёскі Ілава.

З 1 верасня бягучага года ў школе будзе стартаваць праект «Экалагічная азбука» з улікам узроставых асаблівасцей і колькасці вучняў 1-9 класаў. Ён прадугледжвае розныя мерапрыемствы, экскурсіі ў НП «Нарачан­скі» з наведваннем прыроднага комплексу «Блакітныя азёры», дэндрасаду, навукова-інфармацыйнага і эколага-асветніцкага цэнтра. Кожны клас будзе працаваць па асобнай тэме. А закончыцца праект святам «Квітней мая зямля», на ім падвядуць вынікі, адзначаць пераможцаў.

— Асобна варта сказаць пра эколага-краязнаўчую сцяжынку працягласцю 5 кіламетраў, — працягвае размову Зінаіда Анастасьеўна. — На ёй абсталявана 6 прыпынкаў. Першы — прышкольная тэрыторыя, якая заўсёды патанае ў кветках. Нас­тупныя — «Зме­­шаны лес», «Баброва плаціна», «Панская сядзіба», «УП «Ілаў­скае». А заканчваецца падарожжа на беразе рэчкі. Гэты прыпынак называецца «Каб ліліся срэбразвонныя воды Сэрвачы». Школь­нікі-экс­курсаводы Павел Цэгалка, Ягор Януковіч, Аляксей Крук, Анастасія Яначкіна, Алег Васілевіч і Віялета Парчынская з ахвотай дзеляцца той інфармацыяй, якой валодаюць. Падарожжы па сцяжынцы атрымліваюцца цікавымі, карыснымі, пазнавальнымі, карыстаюцца попытам у вучняў.

На першы погляд у школе нічога звышнатуральнага не праводзіцца. Але кожнае мерапрыемства мае экалагічны накірунак. Педагогі імкнуцца навучыць дзяцей аднолькава любіць вялікі акіян і маленькую крынічку, магутны дуб і кволы парастак расліны, божую кароўку і птушку. Хлопчыкі і дзяўчынкі павінны зразумець, што культура ў прыродзе пачынаецца з культуры ў душы.