Дзень памяці — час успаміну пра памерлых продкаў

78

Дзень памяці — час успаміну пра памерлых продкаўУ СУБОТУ адзначым Дзень памяці — час успаміну пра памерлых продкаў. Гэта дзень, які заахвочвае нас да духоўнага кантакту з іншымі людзьмі —жывымі або памерлымі. Дзень успаміну памерлых — добры час для разважанняў над уласным жыццём, мінулым, сучаснасцю і будучыняй. Гэта магчымасць успомніць былое, падзяліцца з блізкімі сваімі клопатамі, праблемамі і радасцю.

Кім быў блізкі нам чалавек? Ці дастаткова купіць кветкі, запаліць свечку і памаліцца, каб аддаць яму належную павагу? Можа, настаў час прысвяціць яму крыху больш часу? Дзень успаміну памерлых з’яўляецца запрашэннем да разважання, ён будзіць думкі пра тое, што гісторыя мінае і яе трэба захаваць для нашчадкаў. Культ памяці памерлых членаў сям’і з’яўляецца добрым урокам для нашых дзяцей. Мы робім гэта для таго, каб і над нашай магілай некалі сустрэліся нашы дзеці, унукі, праўнукі, бо чалавек жыве да таго часу, пакуль жыве памяць аб ім.Традыцыя ўшанавання памерлых захоўваецца на Беларусі здаўна. У народным календары спрадвеку адзначаліся Дзяды, якія дайшлі да нас яшчэ з дахрысцiянскіх часоў. Людзі верылі, што душы продкаў апускаюцца на зямлю, каб даведацца, як жывуць iх нашчадкі. Акрамя наведвання могілак, адным з абавязковых атрыбутаў з’яўлялася сямейная вячэра ў гонар продкаў, у час якой людзі маліліся, успаміналі дзядоў і клікалі іх да сябе на вячэру.

Вельмі часта ў штодзённых клопатах нам не хапае часу праведаць нашых блізкіх памерлых, памаліцца, успомніць добрым словам. Часта закінутымі і парослымі бур’яном становяцца магілы сваякоў. Аднак не трэба забываць пра мімалётнасць жыцця, пра тое, што яно можа абарвацца ў любы момант і тыя, хто сёння яшчэ жыве, праз некаторы час ужо самі будуць чакаць, каб пра іх успомнілі ў малітве.

Таму наш святы абавязак у гэтыя дні наведаць могілкі, навесці парадак на месцах пахавання сваіх блізкіх, а таксама і на тых закінутых магілках, якія знаходзяцца побач, магчыма, на іх ужо няма каму прыйсці.

Наша памяць — тое, што мы можам даць памерлым блізкім як удзячнасць за сваё жыццё, за любоў да нас, за ўсё добрае, што яны зрабілі на зямлі, гэта жывая сувязь пакаленняў на парозе вечнасці. Не абыдзіце ў Дзяды могілкі, прывядзіце сюды сваіх дзяцей і разам успомніце тых, хто знайшоў вечны спачын. Гэта патрэбна не памерлым, гэта патрэбна жывым.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.