«Дзень без аўтамабіля»

70

22 ВЕРАСНЯ праводзіцца Міжнародная акцыя «Дзень без аўтамабіля». Дзе і калі распачалі яе праводзіць? Якая яе мэта? Адказаць на гэтыя і некаторыя іншыя пытанні папрасіў начальніка  раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя А. У. ЛЕОНІКА. Вось што ён паведаміў:

— Традыцыя праводзіць «Дзень без аўтамабіля» нарадзілася ў Францыі ў горадзе Ла-Рашэль у 1997 годзе. Потым гэту ініцыятыву падтрымалі іншыя краіны Еўропы. А ў 2008 годзе акцыя была арганізавана ў Рэспубліцы Беларусь у Мінску і іншых абласных цэнтрах нашай краіны. Вось і сёлета па добрай традыцыі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя праводзіць акцыю 22 верасня. Асноўная яе мэта — звярнуць увагу насельніцтва на вялікую экалагічную праблему нашых гарадоў — на якасць атмасфернага паветра, якім мы дыхаем, прапагандаваць здаровы лад жыцця.

Нягледзячы на тое, што аўтатранспартны комплекс з’яўляецца важнейшай галіной эканомікі, якая задавальняе неабходнасць грамадства і насельніцтва ў перавозках, ён адначасова з’яўляецца буйнейшым забруджвальнікам наваколля. У маштабах краіны доля транспарта ў сумарных выкідах забруджваючых рэчываў у атмасферу ад усіх крыніц дасягае 72 працэнтаў. У сярэднім за дзень па рэспубліцы ў атмасферу іх выкідваецца з адпрацаванымі газамі больш 250 тон. У іх склад уваходзяць такія забрудж­вальнікі, як вокіслы вугляроду, азоту і серы, вуглевадароды, злучэнні цяжкіх металаў і інш. Рэчывы, якія ўтвараюцца з выхлапаў матора аўтамабіля, прадуктаў зносу механічных частак, шын, дарожнага пакрыцця, праходзячы розны шлях размеркавання ў экасістэме, у канчатковым выніку наносяць пэўны ўрон прадстаўнікам жывой прыроды.

Таму Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя краіны заклікае усіх грамадзян абысціся ў гэты дзень без аўтамабіля. На працу і дадому можна дабрацца грамадскім транспартам. Кіраўнікам прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў варта таксама абмежаваць выпуск на лінію аўта­транспарту, у тым ліку і службовага.

— Анатолій Уладзіміравіч, як я разумею, гэта акцыя добраахвотная. Таму ніякіх пакаранняў для вадзіцеляў не прадугледжана.

— Сапраўды, акцыя носіць добраахвотны характар, і няма ніякіх абмежаванняў адносна аўтамабілістаў. Але нам, жыхарам экалагічна чыстага куточка Беларусі, варта актыўна падтрымаць заклік Міністэрства і адмовіцца ад свайго аўтамабіля ў гэты дзень. Тым самым мы зможам унесці свой асабісты ўклад у паляпшэння экалагічнай абстаноўкі не толькі на Мядзельшчыне, у краіне, але і на ўсёй планеце Зямля.

Гутарыў

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.