Дзеля павышэння ўзроўню і якасці жыцця

83

Дзеля павышэння ўзроўню і якасці жыццяРЭГІЯНАЛЬНЫ сход дэпутатаў мясцовых Саветаў, які адбыўся ў мінулую пятніцу, атрымаўся даволі прадстаўнічым. Апрача народных абраннікаў, у ім прынялі ўдзел члены райвыканкама, кіраўнікі арганізацый азёрнага краю, старэйшыны вёсак. На разгляд паважнай аўдыторыі вынеслі некалькі злабадзённых пытанняў. Першым аб стане і перспектывах сацыяльна-эканамічнага развіцця Мядзельшчыны расказаў старшыня райвыканкама Ілья Шацько. Ілья Іванавіч адзначыў, што сёння ў нашым рэгіёне пражывае 27638 чалавек, больш за палавіну — у вёсцы. Шмат доўгажыхароў. Удзельная вага асоб, якія старэй за 80 год, — 6,7 працэнта, што амаль у два разы больш, чым у сярэднім па сталічнай вобласці. На жаль, у цэлым насельніцтва старэе, смяротнасць апераджае нараджальнасць, хаця апошнім часам дэмаграфічная сітуацыя ў дынаміцы некалькі палепшылася. Калі параўнаць з 2004 годам, то нас стала менш на 5334 чалавекі.Прамысловасць раёна прадстаўляе ў асноўным унітарнае прадпрыемства “Ілаўскае”. Тэмп росту вытворчасці прадукцыі ў параўнанне з адпаведным перыядам мінулага года забяспечаны на ўзроўні 126,3 працэнта. Сёлета асвоены выпуск інавацыйнай прадукцыі — кальвадоса. Раней у краіне ён наогул не вырабляўся. Налета прыбаўка ў вытворчасці будзе забяспечана за лік рэалізацыі інвестыцыйных праектаў: завяршэння будаўніцтва спіртасховішча і мадэрнізацыі цэха перыядычнай рэктыфікацыі.

Па большасці параметраў здадзены пазіцыі ў аграпрамысловым комплексе. Адно добра — больш леташняга нарыхтавана сенажу і сіласу. На працягу апошніх год раён па вытворчасці малака знаходзіцца ў вобласці ў ліку яўных аўтсайдэраў. Маркотны прыклад, як не трэба працаваць з дойным статкам на сучасным комплексе, мы маем у таварыстве “Будслаўскае”, дзе пусцілі на самацёк і селекцыйную работу, і кармленне пагалоўя. У той жа час заслугоўвае ўвагі і пераймання вопыт работы ААТ “Занарацкі”, “Сваткі”. Для карэннага выпраўлення сітуацыі на наступны год ставіцца задача давесці валавы збор збожжавых да 50 тысяч тон, атрымаць 33 тысячы тон малака і 6 тысяч тон жывёлы ў жывой вазе.

Развіццё рэальнага сектара эканомікі напрамую залежыць ад росту аб’ёмаў інвестыцый. Іх сёлета выкарыстана на суму 474,7 мільярда рублёў альбо 121,9 працэнта ў супастаўных цэнах да адпаведнага перыяду мінулага года. Адчувальная прыбаўка забяспечана за лік павелічэння аб’ёмаў фінансавання жыллёвага будаўніцтва і рэканструкцыі малочнатаварных ферм, набыцця тэхнікі ў гаспадарках. На базе Нарацкага завода напояў створана ТАА “Вінакурня “Нарач” з удзелам кіпрскага інвестара, у студзені-верасні прыцягнута прамых інвестыцый $200,3 тысячы. Налета іх намечана залучыць не менш за $2 мільёны за лік пачатку ўзвядзення ЗАТ “Модус Праджэктс” сонечнай электрастанцыі ў раёне вёскі Рудашаны.

Адным з галоўных прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна застаецца забеспячэнне насельніцтва жыллём. Сёлета яго будзе ўведзена 15000 квадратных метраў. На бягучы момант здадзены ў эксплуатацыю дамы кааператываў “Меліяратар-ПМС”, у курортным пасёлку — “Прыбярэжны-2011”, на снежань застаецца “Мядзельская вясёлка”. У райцэнтры пракладзены водаправодныя сеткі па вуліцах Ленінскай і А. Бычка, працягваецца будаўніцтва станцыі другога пад’ёму ў курортным пасёлку. Васьмікватэрны дом узводзіцца ў Свіры для перасялення грамадзян з драхлага жылля, там жа — прыбудова да Свірскай участковай бальніцы. Пачата будаўніцтва 129-кватэрнага дома ў курортным пасёлку, распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя на прыбудову да Нарацкай СШ №2.

Экспартныя пастаўкі прадпрыемстваў за дзевяць месяцаў без уліку арганізацый, падпарадкаваных рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, а таксама нафты і нафтапрадуктаў, склалі $570,5 тысячы — 190,1 працэнта да адпаведнага перыяду мінулага года. Прывабны малюнак і па экспарце паслуг. Актыўна таксама развівалася гандлёвая інфраструктура: адкрыты дванаццаць крам, чатыры кафэ на 124 месцы. Выконваецца сацыяльны стандарт па нарматыву забеспячэння насельніцтва сеткай комплексных прыёмных пунктаў.

На развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя з 2011 года выдзелена з бюджэту 3,7 мільярда рублёў. Сёлета адрамантаваны Нарацкая ўчастковая бальніца і Будслаўская амбулаторыя. Многае зроблена і ў цэнтральнай раённай бальніцы — прыводзіліся ў парадак радзільнае і хірургічнае аддзяленні, часткова заменены аконныя блокі ў будынку паліклінікі. З праблем у гэтай сферы неабходна адзначыць недахоп кадраў. Укамплектаванасць урачамі па штатных пасадах складае 86 працэнтаў, сярэднім медперсаналам — 90. Не ўкамплектаванай урачом застаецца Слабодская амбулаторыя і Занеўскі ФАП. Мяркуецца, што ў наступным годзе ў раён прыедуць на працу 10 выпускнікоў медыцынскіх універсітэтаў.

У адукацыі востра стаіць пытанне мэтанакіраванай аптымізацыі сеткі наяўных устаноў. Ёсць і такія, дзе менш за паўсотні школьнікаў. Вось і атрымліваецца, што рэспубліканскі нарматыў бюджэтнай забяспечанасці расходаў на аднаго вучня ў 1,6 мільёна рублёў шматразова перавышаецца. Так, у Слабадзе ён дасягае 33,3 мільёна рублёў, Старых Габах — 59,9, а ў Пузырах — ажно 122,7 мільёна рублёў. Зразумелая справа, у бліжэйшай перспектыве такія ўстановы намячаецца закрыць. Па выніках мінулага навучальнага года 11 выпускнікоў узнагароджаны залатымі медалямі, 2 — сярэбранымі. Больш грунтоўныя веды яны сталі дэманстраваць на цэнтралізаваным тэсці¬раванні. А выпускніца гімназіі-інтэрната Юлія Мехавіч набрала на ім па матэматыцы абсалютны максімум — 100 балаў. Актывізавалася работа па прыцягненні высокаматываваных школьнікаў да ўдзелу ў розных інтэлектуальных і творчых конкурсах раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Сёлета на бягучы рамонт устаноў адукацыі раёна выдзелена 3 мільярды 395 мільёнаў рублёў, на капітальны — 690,3 мільёна.

Вялікая ўвага таксама надаецца прапагандзе здаровага ладу жыцця, прыцягненню насельніцтва да заняткаў фізічнай культурай і спортам. І для гэтага на Мядзельшчыне ёсць добрая база: фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, гарадскі стадыён, 28 спартыўных залаў, 5 футбольных палёў, 4 тэнісныя корты, 2 басейны, 4 ціры, валейбольныя і баскетбольныя пляцоўкі… Пастаянна праводзяцца шматлікія спартакіяды: круглагадзічная — спаборнічаюць арганізацыі і прадпрыемствы па 18 відах спорту; “Здароўе” — гарадскія арганізацыі; “Абаронца Айчыны” — дапрызыўная і прызыўная моладзь; а яшчэ — дзеці і падлеткі па месцы жыхарства, сельскія Саветы дэпутатаў. З пачатку гэтага года праведзена больш за тры дзясяткі гарадскіх і раённых фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў. У спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву ў двух аддзяленнях — грэбля на байдарках і каноэ, лыжныя гонкі — займаецца 220 школьнікаў. Цэнтрам турызму распрацаваны маршруты пешых, водных, конных, веласіпедных падарожжаў з наведваннем вядомых мясцін азёрнага краю. Той, хто адпраўляецца па іх, знаёміцца з непаўторнай прыродай Мядзельшчыны, маляўнічымі краявідамі. У раёне зарэгістраваны і дзейнічаюць 70 аграсядзіб. Быццам і шмат. Аднак, калі ўзгадаць, што ў недалёкай ад нас Браслаўшчыне іх 180, становіцца зразумелым, што нам у гэтым напрамку яшчэ працаваць і працаваць.

Нямала добрых спраў на рахунку ўстаноў культуры, якіх налічваецца пяцьдзясят пяць. Іх развіццё забяспечваецца за кошт бюджэтнага фінансавання і даходаў ад па-за бюджэтнай дзейнасці, у тым ліку і аказання платных паслуг. На наступны год запланавана ўстаноўка ў Мядзеле помніка Максіму Танку, стварэнне яго Дома-музея. Плануецца таксама адрамантаваць фасад, замяніць аконныя і дзвярныя блокі цэнтральнай раённай бібліятэкі, дах дзіцячай школы мастацтва. Значныя аб’ёмы рамонтных работ прадугледжваюцца і ў Будслаўскай школе мастацтваў, Крывіцкім цэнтры народных рамёслаў, Нарацкім і Крывіцкім Дамах культуры.

На пачатак верасня ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне на ўліку стаяў 9541 атрымальнік пенсій і дапамог. Сярэдні памер пенсій складае 2047450 рублёў. За дзесяць месяцаў 164 маламаёмасным грамадзянам, дасягнуўшым пенсійнага ўзросту, і інвалідам са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва аказана аднаразовая матэрыяльная дапамога на суму 85 мільёнаў рублёў. Пачынаючы з 1995 года, 32 маці, якія нарадзілі і выхавалі пяцёра і больш дзяцей, узнагароджаны ордэнам Маці. З пачатку года ў раёне створаны 220 новых рабочых месцаў, а ўзровень беспрацоўя на пачатак лістапада складаў усяго 0,34 працэнта да эканамічна актыўнага насельніцтва.

З мэтай стварэння ў азёрным краі буйнейшага аздараўленчага, культурна-забаўляльнага і турыстычнага цэнтра краіны, спрыяльных умоў для яго развіцця Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь зацверджана Дзяржаўная праграма развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёну на 2011-2015 гады. На ажыццяўленні яе мерапрыемстваў ужо асвоена звыш 380 мільярдаў рублёў. Рэалізацыя гэтай праграмы ў поўным аб’ёме паса¬дзейнічае далейшаму развіццю Мядзельшчыны. Мяркуецца, што аб’ём платных паслуг да 2015 года ўзрасце больш, чым у 2,3 раза, экспарт паслуг — у 2,5. Колькасць асоб, размешчаных у гатэлях і аналагічных аб’ектах павялічыцца ў 2,8 раза, а выручка ад аказваемых паслуг — у 3,8.

Як падкрэсліў на завяршэнне Ілья Шацько, складанасць і маштабнасць задач бягучага і перспектыўнага сацыяльна-эканамічнага развіцця, патрабуюць ад усіх нас напружання і плёну, рэалізацыі новых падыходаў у вытворчай дзейнасці, дасягнення якасных вынікаў у працы і фінансава-гаспадарчай дзейнасці. І ўсё гэта дзеля жыхароў азёрнага краю, бо галоўная мэта сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна — павышэнне ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва.

Затым слова меў старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег Бароўка. Ён расказаў пра работу мясцовых органаў улады па вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва. Сёлета ад яго на базавы і раённы ўзровень паступіла 153 пісьмовыя і 83 вусныя звароты, у вышэйстаячыя органы — 24. Гэта значна больш, чым летась. Асноўная колькасць іх тычыцца работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, кватэрных і працоўных пытанняў, прыватызацыі. З людзьмі па месцы жыхарства адзін раз у два месяцы праводзяцца сельскія сходы. На іх за дзевяць месяцаў разгледжаны 600 пытанняў, большасць з іх вырашана на месцы альбо заяўнікам дадзены тлумачэнні. У раёне налічваецца 310 населеных пунктаў. Амаль палавіна з іх — маланаселеныя. Разам з тым, паўсюдна адладжана забеспячэнне вяскоўцаў выязным гандлем, газам, палівам.

Важнейшай задачай мясцовых Саветаў дэпутатаў было і застаецца навядзенне парадку на зямлі, добраўпарадкаванне населеных пунктаў. У раёне адпрацавана сістэма збору і вывазу бытавых адыходаў, сёлета ліквідаваны 212 стыхійных звалак. Знесены 48 старых пабудоў, 33 падмуркі. “Аднак гэта работа, — адзначыў Алег Алегавіч, — патрабуе сур’ёзнага працягу. На чарзе, па меншай меры, яшчэ тры дзясяткі драхлых будынкаў. Значны аб’ём работ чакае і па ўстаноўцы новых платоў. Асабліва, па Слабодскім і Мядзельскім сельсаветах…”.

Актуальнымі былі і выступленні намеснікаў начальнікаў РАУС Юрыя Жалубоўскага — аб стане правапарадку на тэрыторыі раёна і мерах прафілактыкі злачынстваў і правапарушэнняў, аддзела адукацыі, спорту і турызму Святланы Кундра — аб праводзімай рабоце са шматдзетнымі сем’ямі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Значную частку свайго выступлення Святлана Мікалаеўна прысвяціла выкананню патрабаванняў Дэкрэта № 18. А на завяршэнне перад удзельнікамі сходу вопытам работы падзяліўся старэйшына вёскі Камарова Будслаўскага сельсавета Андрэй Кісель. Пры гэтым прагучала, што важна не толькі зрабіць добрую справу па тым жа добраўпарадкаванні таго ці іншага населенага пункта. Бадай, яшчэ больш каштоўна, калі гэта добрае не толькі захоўваецца, але і прымнажаецца.

Павел ЖУКАЎ.