Дзякуй за выратаванае жыццё!

88

Дзякуй за выратаванае жыццё!ДАРАГАЯ рэдакцыя! Праз раённую газету хачу выказаць падзяку фельчару “хуткай” Свірскай бальніцы Валянціне Саковіч, якая выратавала мне жыццё.

Аднак аб усім па парадку. Неяк у суботу мне стала вельмі балець галава. Змерыла ціск: танометр паказваў 260/120. Выпіла таблеткі, але стан не паляпшаўся. У дзве гадзіны ночы была вымушана патэлефанаваць у Свір на пост хуткай дапамогі. Тады дзяжурыла фельчар Валянціна Саковіч, якая паабяцала прыехаць. І сапраўды вельмі хутка медык была ў Яневічах.

Дзякуючы кваліфікавана аказанай медыцынскай дапамозе я паступова пачала прыходзіць у сябе. З кожнай мінутай мне станавілася лепш. Ніколі не забуду ўважлівыя добрыя вочы фельчара, якія глядзелі на мяне, цёплыя словы, што падбадзёрвалі, прасілі трымацца. Добразычлівасць, прыязнасць дакторкі супакойвалі больш чым лекі, і я верыла, што хутка папраўлюся.Толькі пасля таго, як медык упэўнілася, што маё самаадчуванне палепшылася, яна развіталася і, узяўшы ў рукі свой чамаданчык, пакінула хату.

Ведаю, што больш за 40 гадоў працуе Валянціна Паўлаўна на “хуткай” у Свірскай бальніцы. І ўвесь гэты час дапамагае людзям, аддаючы ім кропельку сваёй душы, цеплыню свайго сэрца. Цяпер, шаноўная дакторка, вы прыйшлі на дапамогу мне, вярнулі да жыцця. Нізкі паклон вам за гэта. Сапраўды, калі б не вы, ці была б я ўжо на гэтай зямлі?! Словы ўдзячнасці хачу выказаць і вадзіцелю “хуткай” Аляксандру Пільвінскаму, дзякуючы якому машына аператыўна выязджае на выклікі.

Пераканана, што на пасту “хуткай дапамогі” могуць працаваць толькі шчырыя, спагадлівыя людзі. Менавіта такімі і з’яўляюцца Валянціна Паўлаўна і Аляксандр Іванавіч, з якімі не так даўно мяне звёў лёс.

М. МАРОЗ.

Жыхарка в. Яневічы Занарацкага сельсавета.