Дынастыя Даніленкаў

78

Дынастыя ДаніленкаўМІКАЛАЙ Ільіч Даніленка — вадзіцель транспартнага аддзела райПО. Працуе на гэтай пасадзе з 1999 года.

— Калі ўладкоўваўся на работу ў сістэму спажывецкай кааперацыі раёна, — расказвае мой суразмоўца, — была аўтабаза райспажыўсаюза, дзе налічвалася пад сотню машын. Ды і калектыў быў намнога большы, чым зараз. Цяпер тут толькі 19 адзінак тэхнікі. Але спраў хапае. Займаюся дастаўкай тавараў, прадуктаў харчавання з баз, складоў прадпрыемстваў і арганізацый, а таксама развозкай прадукцыі па гандлёвых кропках Мядзельшчыны. Даводзіцца бываць у Мінску, іншых гарадах. Амаль усе населеныя пункты раёна за доўгія гады працы аб’ездзіў. З многімі людзьмі пазнаёміўся, завёў новых сяброў, чым вельмі задаволены. І ўвогуле работу сваю вельмі люблю і жыцця без яе не ўяўляю.

— Але ж ад вадзіцеля на дарозе вельмі шмат залежыць. І, найперш, бяспека, а нярэдка і здароўе людзей…

— Сапраўды, як толькі ўзяў у рукі руль, адразу становішся ўдзельнікам дарожнага руху. А таму, каб не нанесці шкоду ні іншым, ні сабе, неабходна ўважліва сачыць за трасай, за знакамі, якія на ёй расстаўлены, строга выконваць устаноўленыя правілы. Выязджаць на лінію трэба толькі на спраўнай тэхніцы. А калі ў дарозе здарыцца паломка, неабходна яе ўмець ухіліць. А значыць, трэба добра ведаць і будову машыны, быць адказным, неабыякавым.

З размовы з Мікалаем Ільічом даведалася, што ён нетутэйшы. Нарадзіўся і вырас у Саяраўскім раёне ў Карэліі, куды бацькі яго ў свой час паехалі на заробкі. Хаця карані яго ідуць з Беларусі, а дакладней з Ашмянаў, апынуўся на Мядзельшчыне па настойлівай просьбе сястры. Яна выйшла замуж за хлопца з Мя¬дзела і абсталявалася са сваёй сям’ёй у райцэнтры. Часта ў пісьмах запрашала брата наведацца ў госці. Прыехаў неяк, пабыў. Наша ўнікальная старонка, яе прырода, шчырыя і добрыя людзі настолькі спадабаліся Мікалаю, што ён вырашыў застацца тут назаўсёды. Прычым пра свой выбар сёння зусім не шкадуе. Як толькі прыехаў у Нарачанскі край, адразу ўладкаваўся на работу ва ўпраўленне механізацыі трэста Маладзечнасельбуд. Па накіраванні арганізацыі ў Мазырскім прафтэхвучылішчы атрымаў спецыяльнасць машыніста аўтакрана. Семнаццаць гадоў прысвяціў рабоце на ім. Дарэчы, пра тыя гады і цяпер успамінае з удзячнасцю.

— Напэўна, на кране працаваць нашмат цяжэй, чым на аўтамашыне? — цікаўлюся ў Мікалая Ільіча.

— Вядома, — чую ў адказ. — А разам з тым і адказней, бо падаваць грузы даводзілася на будаўнічай пляцоўцы, дзе, акрамя мяне, працавалі і іншыя спецыялісты. Затое сёння, бываючы ў розных населеных пунктах, бачу жыллё, якое ўзводзілі некалі нашы будаўнікі, і шчыра радуюся, што да яго самыя непасрэдныя адносіны маю і я. Ёсць такія шматкватэрныя дамы ў Мядзеле, курортным пасёлку Нарач, гарадскім пасёлку Свір, Будславе…

Прызнаўся мой суразмоўца, што да сістэмы спажывецкай кааперацыі раёна самае непасрэднае дачыненне мае ўся яго сям’я. Жонка Надзея Уладзіміраўна да выхаду на пенсію шчыравала прадаўцом. Вызначалася сумленнасцю, адказнасцю. Адзіная дачка Вольга закончыла Маладзечанскі гандлёва-эканамічны каледж, а пасля — інстытут кіравання. Працавала бухгалтарам у райПО. Цяпер знаходзіцца ў адпачынку па догляду сына Ванечкі. Хочацца ад чыстага сэрца павіншаваць сям’ю Даніленкаў з прафесійным святам. Пажадаць ім здароўя, сямейнага шчасця, душэўнага цяпла, дабрабыту і цудоўнага настрою.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: вадзіцель транспартнага аддзела райПО М. І. Даніленка.

Фота Аляксандра Высоцкага.