Добрыя суседзі — падарунак лёсу

101

Добрыя суседзі — падарунак лёсу“РАДНЯ набаку, сусед наваку”… Гэта прыказка, у якой вя¬лікая доля праўды. Добрыя суседзі — падарунак лёсу, асабліва адзінока пражываючаму чалавеку. Я гэта добра ведаю.

Вокны маёй хаты і хаты сусе¬дзяў ужо некалькі дзесяцігоддзяў адны насупраць другіх. Раней жыло тут пакаленне Калмачоў. Бабуля Жэня, Віктар Юльянавіч, Леакадзія Гіляраўна былі дабрэйшымі, прыстойнейшымі людзьмі. Ацеліцца ў іх кароўка — нясуць нам малака, заколяць парсючка — дзеляцца свежыной. Так і мы. Дапамагалі саджаць, капаць бульбу. Пра грашовы разлік і размоў не было, а ўсё так, па-суседску.

Цяпер у іх хаце жыве другое пакаленне — Тамара і Мікалай Таразевічы. Яны нічуць не адрозніваюцца ад бацькоў. Такія ж добрыя, чулыя. Прывяду хаця б адзін прыклад: нядаўна з райпалівазбыту прывезлі дровы, а дома мяне не аказалася. Вадзіцелю з гружонай машынай хоць ты вяртайся назад. Але не. Выйшлі суседзі, адчынілі вароты ў двор, сказалі, дзе згрузіць дровы і нават разлічыліся за іх.

Амаль кожны дзень прыязджаюць да Таразевічаў дзеці, тут усё лета былі іх унукі. Дачка Марына (па прафесіі медык, працуе ў раённай бальніцы) пастаянна дастаўляе мне з аптэкі лякарствы, вымярае артэрыяльны ціск. Такога спагадлівага, душэўнага чалавека, напэўна, няма на ўсім белым свеце. Бог даў і выдатнага ёй мужа. Віця — вельмі разумны, працавіты, з залатымі рукамі чалавек. Як аднавіў ён стары дом! Затым зрабіў прыбудову, а ўнутры стварыў быццам казачны церам. Сюды б хадзіць цяпер на экскурсіі, любавацца, вучыцца.

І гэта не ўсё. Асобна раскажу пра іх сына Вадзіма. Які выхаваны, які харошы гэта хлопец. На працягу лета ён быў для мяне сапраўдным памочнікам-цімураўцам. І каля вуліцы, і ў двары абкошваў траву. На тачцы разам з меншым стрыечным брацікам Мацвеем перавёз пад навес усе дровы, зрабіў акуратны склад. Пастаянна клікаў да аўтакрамы, якая прыходзіць у вёску.

Вадзім Дубнікаў — вучань 9 класа Мядзельскай школы №1. Шчырае дзякуй бацькам, бабулі, дзядулю, а таксама настаўнікам за дастойнае выхаванне хлопчыка. Няхай усе сябры бяруць з яго прыклад.

Вось такія суседзі мае дарагія. Яшчэ раз хачу сказаць шчырае дзякуй вам, Тамара Віктараўна, Мікалай Дзмітрыевіч Таразевічы, Марына і Віктар Дубнікавы. Няхай многія пра вас прачытаюць і мне пазайздросцяць.

А. МІСУНА.

Пенсіянерка в. Пруднікі Мядзельскага сельсавета.