Добры дзень, мір!

77

Добры дзень, мір!У ГАРАДСКІМ Доме культуры нядаўна праходзіў раённы этап III рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Добры дзень, мір!”, прысвечанага 70-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Праводзіўся ён па наступных намінацыях: тэатральная творчасць, салісты-вакалісты, ансамблі, тэатр моды.

ДУА “Сярэдняя школа №2 г. Мядзел” прадставіла на суд журы музычна-тэатралізаванае прадстаўленне “З памяццю ў сэрцы”. Амаль нячутна гучыць песня з кінастужкі “Афіцэры”. Перад гледачамі на сцэне ветэран з унучкай (Яўген Талайка і Яна Світа). Вядуць яны няпросты дыялог аб вайне. Ён вяртае прысутных у ваенны час. І вось ужо ўсе уважліва прыслухоўваюцца да размовы дзяўчат-франтавічак, юнакоў-салдат, якія не вярнуліся з вайны. Нам зразумелы іх надзеі, пачуцці, і як працяг гэтага гучыць песня “Ах эти тучи в голубом», якую спявае Вікторыя Стэрнад на фоне танцуючых пар (Максім Гігола — Анастасія Асаевіч, Максім Шапэчка — Валерыя Малякова).

Змяняецца карціна. На сцэне юнак у ваенным адзенні (Аляксандр Падгайскі). “Я хачу напісаць твой партрэт”, — звяртаецца ён да далёкай каханай. Так зразумелы слухачам гэтыя няхітрыя радкі, кранаючыя душу і сэрца.

Затаіўшы дыханне, слухае зала песню “Дзве душы”, якую спяваюць Фрыда Савіцкая і Мікіта Сямітка.

Сум змяніўся на радасць пад гукі ваенных прыпевак у выкананні Віталія Савіцкага, Ігара Базарэвіча, Дзіяны Малевіч, Алены Купрэвіч.

Хвалюючая песня “Завешся ты ласкава Белай Руссю” вяртае гледачоў у сучаснасць.

Час выступлення праляцеў непрыкметна, на адным дыханні. Усё праходзіць, але застаецца памяць аб мінулым. Якая так неабходна тым, хто жыве на нашай Зямлі. І хочацца крыкнуць: “Хай у вайну гуляюць толькі дзеці!”.

С. ЖАРЫКАВА.

Настаўнік-арганізатар ДУА “Сярэдняя школа №2 г. Мядзел”.

На здымку: Яўген Талайка, Яніна Світа, Аляксандр Падгайскі, Ігар Базарэвіч, Віталь Савіцкі, Алена Купрэвіч, Дзіяна Малевіч.

Фота Георгія Прысмакова.