Добра там, дзе радзіма

110

Добра там, дзе радзімаБЕЗ любові да сваёй справы ў сельскагаспадарчай галіне, як і ў любой іншай, нялёгка дасягнуць поспеху. Любоў да зямлі закладваецца яшчэ ў дзяцінстве асабістым прыкладам бацькоў, таму нярэдка там працуюць сямейныя дынастыі. Адна з іх — Сурвілаў з аграгарадка Занарач. На працягу многіх гадоў члены гэтай дружнай і працавітай сям’і ўносяць свой важкі ўклад у справу развіцця ААТ «Занарачанскі».
Разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Таццянай Сівіцкай едзем туды.
Варта расказаць, што заснавальнікам дынастыі быў Зянон Сурвіла з аграгарадка Старлыгі. Усё жыццё ён працаваў у колішнім калгасе імя Калініна. Спачатку — паляводам. Розныя работы даводзілася выконваць. Потым, як толькі з’явілася магчымасць набыць прафесію трактарыста, у Зянона ваганняў не было. Закончыўшы адпаведныя курсы, на жалезным кані шчыраваў на калгасных прасторах. Да даручанай справы заўсёды ставіўся з адказнасцю, вызначаўся стараннем і працавітасцю. За 44 гады працы ў калгасе зарэкамендаваў сябе выдатным работнікам, быў настаўнікам і прыкладам для моладзі, неаднаразова ўзнагароджваўся граматамі і прэміямі. Руплівы хлебароб карыстаўся павагай працоўнага калектыву і кіраўніцтва калгаса.
Добра там, дзе радзімаПад стаць Зянону Віктаравічу была і жонка Алена-Леанарда Іванаўна. Усё жыццё таксама адпрацавала ў калгасе імя Калініна. Высокіх пасад не займала.
35 год на ферме даіла кароў. Жанчына вызначалася працавітасцю, дысцыплінаванасцю, адказнасцю. Менавіта таму яе ставілі ў прыклад іншым калгаснікам, заахвочвалі маральна і матэрыяльна.
На жаль, сёння гэтых людзей ужо няма сярод нас, але засталіся дзеці і унукі, якія пайшлі іх шляхам. Напрыклад, сын Іван працуе механізатарам у таварыстве.
Нарадзіўся і вырас ён у Старлыгах. Што такое праца на зямлі, ведае з самага дзяцінства, разумее: тут патрэбна шчыраваць, не ленавацца, бо гультаёў зямля не любіць. Пасля школы пайшоў вучыцца ў Свірскае прафесійнае вучылішча, пасля заканчэння якога перад арміяй на некалькі месяцаў узялі ў родны калгас. Два гады арміі праляцелі хутка, а пасля службы хлопец асабліва і не раздумваў, куды пайсці працаваць. Адразу вярнуўся ў калгас, на малую радзіму.
Івана Сурвілу сустрэлі на мехдвары ў Занарачы.
— Сёння вось дождж, дык пераглядаю рулонны прэс-падборшчык, каб потым не было прастояў у полі, — бы апраўдваючыся, што ў працоўны дзень знаходзіцца не на сенажаці, патлумачыў ён.
— Паважаны Іван Зянонавіч! Сёння, у Дзень сям’і, хачу пажадаць вам моцнага здароўя, дабрабыту і ўсяго самага найлепшага. Сям’я — гэта найвышэйшае шчасце, якое можа чалавек стварыць сам. Дык няхай вашы родныя будуць для вас заўсёды сапраўднай апорай! Жадаю вашай сям’і быць дружнай, зладжанай і квітнеючай, — сказала Таццяна Эдуардаўна, віншуючы хлебароба і ўручаючы яму падарунак.
Безумоўна, Іван Зянонавіч такога не чакаў. Таму, расчулены, шчыра дзякаваў старшыні райкама прафсаюза за клопат і ўвагу.
— Ці шмат гадоў працуеце ў гаспадарцы? — пытаюся ў Івана Сурвілы.
— Усё жыццё, — усміхаючыся, адказвае ён. — Прыйшоў з арміі ў 1987 годзе — і ў калгас. Два гады працаваў у Старлыгах, а потым жонка перацягнула ў Занарач. Вось тут зараз жывём…
— Іван Зянонавіч вельмі акуратны і дысцыплінаваны работнік. Ён неаднаразова выходзіў пераможцам спаборніцтва на жніве, сяўбе збожжавых культур сярод механізатараў гаспадаркі, карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і павагай калег, кіраўніцтва таварыства. Любую даручаную справу заўсёды выканае якасна і ў вызначаны тэрмін, — так коратка ахарактарызаваў механізатара
галоўны інжынер таварыства Уладзімір Варанец.
Добра там, дзе радзімаЖонка Івана Сурвілы Наталля Мікалаеўна больш за дзесяць гадоў узначальвае калектыў жывёлаводаў фермы «Жалезнікі». Раней яна была брыгадзірам паляводчай брыгады, загадчыцай склада. На кожнай пасадзе жанчыну вызначалі працавітасць, адказнасць, дысцыплінаванасць. Асабістым прыкладам яна заўсёды натхняе падначаленых на бездакорнае выкананне службовых абавязкаў.
Такія ж працавітыя, як бацькі, і іх дзеці. Сын Іван, напрыклад, пайшоў татавай сцяжынкай. Пасля школы паступіў вучыцца ў Вілейскі дзяржаўны тэхнічны каледж, дзе набыў некалькі прафесій: вадзіцеля аўтамабіля, будаўніка і механізатара. Не паспеў юнак пацешыцца са сваіх спецыяльнасцей, як прызвалі ў армію. Пасля заканчэння службы, а гэта было ў 2013 годзе, прыйшоў у родную гаспадарку. Спачатку за юнаком замацавалі трактар «МТЗ-1221» і камбайн «Дон-1500». Літаральна з першых дзён працы Іван вызначаўся руплівасцю.
Вопытныя механізатары гаварылі:
— Па бацьку пайшоў, будзе з яго толк.
І сапраўды, прозвішча маладога хлебароба ўсё часцей сталі называць у ліку лепшых працаўнікоў таварыства.
Сёлетняй вясной давялося бачыць такую карціну. У мехмайстэрні ля разабранага трактара «Fendt-930» завіхаліся два механізатары: Іван Зянонавіч і Іван Іванавіч.
— Атрымалі з ААТ «Пруднікі-Агра» «Fendt», які патрабуе значнага рамонту. Замацавалі яго за маладым механізатарам Іванам Сурвілам. У нас таксама ёсць «Fendt», на якім працуе яго бацька — Іван Зянонавіч Сурвіла, — патлумачыў інжынер. — Хаця бацька быў у водпуску, штодзень выходзіў на працу, каб дапамагчы сыну давесці да ладу тэхніку. І з гэтай задачай яны справіліся. Усю вясну яго трактар не ведаў прастояў.
Маладога хлебароба сустрэлі на полі непадалёку ад вёскі Калодзіна. Пачуўшы шчырыя віншаванні ад старшыні райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу з Днём сям’і, ён вельмі разгубіўся.
— Шчыра скажу, не чакаў такой павагі да сябе. Зразумела, прыемна. Думаю, радаваўся б дзядуля, каб быў жывы, што і тата, і я працягваем яго справу, — хвалюючыся, гаварыў Іван.
Падчас кароткай размовы даведаліся, што і яго жонка Ірына мае дачыненне да ААТ «Занарачанскі». Яна закончыла Смілавіцкі сельскагаспадарчы каледж, затым вучылася ў Віцебску. Адначасова працавала ў таварыстве заатэхнікам-селекцыянерам. Зараз Ірына знаходзіцца дома з дзецьмі. У гэтай маладой сям’і падрастае дачушка Даша, якой 3,5 годзіка, і сынок Ільюша, яму паўтара годзіка.
У Івана Зянонавіча і Наталлі Мікалаеўны ёсць яшчэ адзін сын — Алег. Ён студэнт. А вось дачка Аліна працуе ў таварыстве. Пасля заканчэння Маладзечанскага планава-эканамічнага каледжа яна працавала ў Крывіцкім РГП, а ў 2013 годзе ўладкавалася ў родную гаспадарку. Спачатку ў аддзел кадраў, а потым ёй прапанавалі пасаду загадчыцы вытворчасці каўбаснага цэха гаспадаркі. Параіўшыся з мужам Сяргеем, які працуе на пажарным аварыйна-выратавальным пасту № 11 у Занарачы, дала згоду. Пад кіраўніцтвам Аліны Іванаўны калектыў цэха дабіваецца някепскіх вынікаў. Паляпшаецца якасць прадукцыі, пашыраецца рынак яе збыту. Калектыў працуе дружна, зладжана.
У гэты дзень Аліна таксама прымала шчырыя віншаванні і цёплыя пажаданні ад старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Таццяны Сівіцкай. Такім чынам была ўшанавана працавітая дынастыя Сурвілаў, якая не здрадзіла роднай вёсцы, працягвае справу сваіх бацькоў.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымках: Іван Зянонавіч Сурвіла; Іван Іванавіч Сурвіла, Аліна Іванаўна Друет.
Фота аўтара