Дастукацца да разумення бацькоў…

81

Дастукацца да разумення бацькоў...МЕНАВІТА такая задача стаяла перад супрацоўнікамі Мінскай абласной дзяржаўтаінспекцыі, калі яны задумвалі цэлы комплекс прафілактычных мер па адным з самых набалелых сягоння пытанняў — захаванні жыцця і здароўя дзяцей-пасажыраў. На жаль, гэта праблема вельмі актуальная для нашай вобласці, бо штогод звыш 50 непаўналетніх становяцца ўдзельнікамі аўтааварый. Па сутнасці пакутуюць дзеці, якія не выбягалі на дарогу, не пераходзілі ў забароненым месцы праезную частку, не выязджалі на трасу на веласіпедзе. Пакутуюць малыя, чые бацькі праігнаравалі меры бяспекі і заклікі ДАІ перавозіць непаўналетніх пасажыраў у дзіцячых прыстасаваннях. Па назіраннях дзяржаўтаінспекцыі, толькі каля 20% вадзіцеляў перавозяць дзятву ў спецыяльных аўтакрэслах, астатнія — як давядзецца: на руках у матуль і бабуль, на задніх сядзеннях або стоячы паміж спінкамі пярэдніх крэслаў.— Гібель або калецтва дзяцей у аўтааварыях — гэта настолькі балючая для нас тэма, што лішні раз няма неабходнасці гаварыць пра тое, наколькі яна патрабуе неадкладнага вырашэння, — гаворыць намеснік начальніка УДАІ УУС Мінаблвыканкама Міхаіл Акуліч. — Акрамя непасрэднай работы супрацоўнікаў ДАІ з удзельнікамі дарожнага руху, мы распрацоўваем новыя віды лістовак, брашур і буклетаў з рэкамендацыямі для бацькоў падчас перавозу дзяцей у машыне. А з нядаўняга часу, праглядзеўшы спецыяльны відэаролік на сайце УУС Мінаблвыканкама (www.uvd-mo.gov.by), кожны жадаючы можа ўбачыць цяжкія наступствы аварый, прафесійныя краш-тэсты і даведацца, як можна пазбегнуць бяды.

Словам, спасылка на гэты відэаролік з’явіцца на усёй друкаванай прадукцыі па папярэджанні дзіцячай аварыйнасці. Дзяржаўтаінспекцыя вобласці заклікае знайсці магчымасць і ўдзяліць дзве хвіліны прагляду дадзенага роліка. Мы гарантуем, што вы зменіце свае адносіны да бяспекі маленькіх пасажыраў.

А. ВЫДЖАК-ТАРГОНЯ.

Старшы інспектар ААП УДАІ Мінскай вобласці.