Даспадобы Наталлі Цямчык старонка азёрная

70

Даспадобы Наталлі Цямчык старонка азёрнаяНАТАЛЛЯ Цямчык прыбыла ў акцыянернае таварыства “Пруднікі-Агра” па размеркаванні пасля заканчэння Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці эканаміст-менеджэр. Прызначана адразу на пасаду галоўнага эканаміста гаспадаркі.

— Нарадзілася я ў невялікім гарадку Драгічын, што на Брэстчыне, — расказвае Наталля Уладзіміраўна. — У школе любіла матэматыку, вось таму і вырашыла абраць прафесію эканаміста. Але канчаткова вызначылася, куды буду паступаць, толькі ў 11 класе. Думаю, што не памылілася ў сваім выбары. Праўда, не чакала, што накіруюць менавіта ў сельскую гаспадарку. Бо мая спецыялізацыя ўсё ж такі — эканоміка і кіраванне на прадпрыемствах прамысловасці. Што ж, буду набірацца вопыту ў аграпрамысловай сферы. Пасля гэтага, як мне патлумачылі, далей ужо будзе значна прасцей. У гаспадарцы з 1-га жніўня. Атрымала жыллё і прыступіла да работы. Канечне, тэорыя і практыка — розныя рэчы. Адчула гэта адразу. Тым больш, што на момант прыезду у канторы не засталося ўжо спрактыкаваных эканамістаў. Яны б маглі падказаць, параіць. Звяртаюся па розных пытаннях ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі. У прыватнасці, да намесніка начальніка па эканоміцы Ганны Яфімаўны Вайцюлян, іншых работнікаў. Тэлефаную пры выпадку ў суседнія гаспадаркі. Мне заўсёды ідуць насустрач, разумеюць, як няпроста асвоіцца маладому спецыялісту.

Першыя крокі заўсёды даюцца нялёгка. Тым больш, калі трапляеш у такую складаную сферу як АПК, дзе, здараецца, і шматвопытнаму спецыялісту прыходзіцца цяжка. Хочацца, каб у Наталлі ў рэшце рэшт усё атрымалася і Мядзельшчына стала добрым падмуркам для далейшага прафесійнага росту.

Як прызналася дзяўчына, яна ў захапленні ад хараства нашага Нарачанскага краю. Асабліва ад азёраў, якіх на яе малой радзіме няшмат. І людзі тут добразычлівыя, спагадлівыя. А станоўчыя эмоцыі, як вядома, спрыяюць плёну ў рабоце!

Аляксандр БЫКАЎ.

На здымку: галоўны эканаміст ААТ “Пруднікі-Агра” Н. Цямчык.

Фота Георгія Прысмакова.