Дарогай жыцця па знаёмых маршрутах

218

resize-of-pa260036ЛЕАНІД Станіслававіч Дзевятоўскі — прафесіянал сваёй справы. У пацвярджэнне хаця б той факт, што за 33 гады, якія працуе вадзіцелем аўтобуса ў мядзельскім аўтапарку, не ўчыніў ніводнага дарожна-транспартнага здарэння. Больш таго, заўсёды знаходзіцца ў ліку перадавых работнікаў калектыву.

Прафесіяналізм Леаніда Станіслававіча ад­значаны шэрагам узнагарод. Сярод іх  — значок першай ступені «За работу без аварый». Ёсць у яго падзякі, Ганаровыя граматы ад кіраўніцт­ва аўтапарку, а таксама вышэйстаячай арганізацыі. Хаця, скажу шчыра, пра гэта вадзіцель расказваў сціпла, — не любіць хваліцца.

Добра ўмее Л. С. Дзевятоўскі абыходзіцца і з пасажырамі. Заўсёды ветлівы, тактоўны, з усмешкай на твары. Кажа, што па-іншаму проста не ўмее.

Леанід Станіслававіч ведае ўсе дарогі і населеныя пункты ў раёне. У кожным з іх пабываў, калі ездзіў у той альбо іншы рэйс. Цяпер жа на яго новенькім аўтобусе «КАВЗ» можна ўбачыць шыльдачку з надпісам «Мядзел — Будслаў». І гэты маршрут, як прызнаўся суразмоўца, падабаецца яму найбольш. Часта адпраўляюць яго і ў міжгароднія рэйсы. А ў свой час вазіў нават экскурсіі ў гарады бліжняга замежжа.

Вось такі ён Леанід Станіслававіч — сціплы, добразычлівы і душой адданы нялёгкай працы вадзіцеля.

Таццяна Несцярэнка.

Фота аўтара.