Дарога для дзяцей павінна быць бяспечнай

91

dsc09123

У Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня» стала ўжо традыцыяй сустракаць прадстаўнікоў Дзяржаўтаінспекцыі. На гэты раз да іх завіталі супрацоўнікі аддзялення агітацыі і прапаганды УДАІ УУС аблвыканкама і аддзялення ДАІ Мядзельскага РАУС. І не паспелі тыя ў фае выкласці экспанаты выставы, як побач пачалі збі­рацца дзеці. Вялікую цікавасць выклікаў у іх прыбор «Візір» для вымярэння хуткасці руху, многія хацелі прымераць амуніцыю.

Сустрэча працягнулася ў актавай зале. Начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды УДАІ УУС аблвыканкама Алег Цюрын расказаў, што за мінулы год на дарогах Міншчыны адбылося 114 дарожна-транспартных здарэнняў з дзецьмі. На жаль, у іх 10 юных грамадзян загінулі і 116 атрымалі раненні. А з пачатку года ў пяці здарэннях 7 дзяцей атрымалі раненні.

— І больш за ўсё дзеці церпяць ад дзеянняў сваіх бацькоў, — адзначыў ён.

На канкрэтных  прыкладах, з дэманстрацыяй фатаграфій Алег Цюрын даводзіў, як важна і юным, і дарослым выконваць правілы дарожнага руху, што неабходна карыстацца аўтакрэсламі пры перавозцы малых. Паказваў, да чаго можа прывесці сітуацыя, калі падлеткі без дазволу бяруць пакатацца матацыклы і машыны.

Старшы інспектар ДПС аддзялення ДАІ нашага райаддзела Андрэй Купрэвіч прадэманстраваў дзеянні рэгуліроўшчыка. Ды і падлеткі маглі паспрабаваць сябе ў гэтай ролі. Таксама для іх прапаноўвалі разнастайныя конкурсы. Трэба было адказаць на пытанні пра правілы дарожнага руху, зрабіць вялізны флікер да Дня святога Валянціна. Маглі хлопчыкі і дзяўчынкі задаць пытанні супрацоўнікам Дзяржаўтаінспекцыі. Цікавіліся нават, якая ў іх пенсія.dsc09144

Госці не толькі расказвалі і праводзілі конкурсы, але і праспяваць паспелі, як Ірына Сапунова. А на развітанне дзеці атрымалі ў падарунак флікеры.

—     На мог погляд, такія мерапрыемствы абавязковыя, — зрабіла выснову намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце НДЦ «Зубраня» Таццяна Чыжык. — Дзеці бачаць, што супрацоўнікі Дзярж­аўтаінспекцыі не толькі строгія дзядзі. Могуць і пажартаваць, даступна падзяліцца інфармацыяй, расказаць, як трэба сябе паводзіць у складаных сітуацыях. Да таго ж яны паказваюць фотаздымкі, відэафрагменты. Часта бывае, дзіця штосьці слухае, але не хоча гэта ўспрымаць і разумець. А калі ўбачыць на свае вочы аварыю на дарозе, адразу па-іншаму паглядзіць на тое, што хацелі давесці да яго дарослыя.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.

На здымках: ідзе конкурс; інспектар ДПС аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі РАУС Андрэй Бародзіч дэманструе прыбор «Візір».

Фота аўтара.