Дарагія мае землякі…

90

Дарагія мае землякі…ТЭЛЕФОННЫ званок: “Алё, Валянціна? Слухай уважліва: заўтра, у суботу, сустрэча аднакласнікаў. Сустрэча ў мяне. Ніякіх “не” не прымаецца! Што ў праграме? Усё цікавае. А ў заключэнне — купанне на “луннай” азёрнай дарожцы. Стома, хваробы, праблемы як рукой будуць зняты”…

Званіла былая аднакласніца, цяперашняя гаспадыня аграсядзібы “Возера Белае” Вольга Васінцава-Жукава.

У душы ваганне-разважанне… Ехаць-не ехаць? І ўсё ж заманліва. Адкладваю дамашнія справы. Еду! Згаджаецца паехаць і аднакласніца-сяброўка Галіна Ціханенка. Гэтую сустрэчу праігнараваць нельга. Гады ідуць… Рады нашы радзеюць… Ды і жнівеньская спёка кліча акунуцца ў возера, якое там побач.

І вось знаёмыя ўжо твары! Абдымкі, пацалункі. Не дзіва: столькі год не бачыліся. Наша Мядзельская школа, у якой разам вучыліся, закончана амаль пяцьдзесят год таму. Ва ўсіх нас, аднакласнікаў, свой жыццёвы шлях, дарослыя дзеці, падрастаючыя ўнукі. І ўжо непатрэбныя маршчынкі, серабрынкі. Праўда, заўважаць іх не хочам. Юначыя ўсмешкі і жарты, усё той жа звонка-гарэзлівы смех.

Хто мы? Раскажу па чарзе. Галіна Мікалаеўна Ціханенка, Вольга Рыгораўна Васінцава, як і я, жыхаркі Мядзела. Праўда, вучыліся потым у гарадах іншых, ды і колішняя рамантыка вадзіла па розных мясцінах, але жывём цяпер тут, у родным кутку. Да выхаду на пенсію Галіна шмат год адпрацавала вядучым спецыялістам аддзела сацыяльнага забеспячэння, Вольга — галоўным эканамістам раённай бальніцы. А вось Лілія Іванаўна Волах (цяпер Тапаркова) прыехала на сустрэчу з Ашмян. Яна ўрач, яшчэ і да цяперашняга часу працуе загадчыцай медыцынскай амбулаторыі. Аптымістка, жыццялюб, кампанейскі і вельмі родны чалавек.

Людміла Уладзіміраўна Кулажанка (цяпер Хрышчановіч) — жыхарка Мінска. Закончыла Белдзяржуніверсітэт, затым — аспірантуру, абараніла кандыдацкую дысертацыю, дацэнт, выкладае гісторыю беларускай мовы. Мае нямала грамадскіх абавязкаў. Нават стараста хору “Родніца” выкладчыкаў і супрацоўнікаў БДУ. Піша артыкулы на тэму культуры і мастацтва, якія друкуюцца ў ЛіМе, “Голасе Радзімы” і іншых выданнях. Людміла па характары — згустак энергіі, дабра, нязгаснага святла. Па ўсім бачна — і выдатная захавальніца сямейнага ачага (з ёй прыехалі муж, сын, нявестка і двое ўнукаў).

Пазней далучыўся да нашага кола Яўген Уладзіміравіч Мумрыкаў з жонкай, якую мы адразу ж палюбілі і прыязна называлі Наталі. Ён, падпалкоўнік міліцэйскай службы, цяпер на заслужаным адпачынку, жыве ў Маладзечне, адпачывае ў радні ў вёсцы Гатавічы.

Пра што гаварылі, каго ўспаміналі? Вядома ж, усіх аднакласнікаў: Іосіфа Будкевіча, Алену Барысевіч, Зінаіду Падгол, Антаніну Захарэвіч, Аляксандра Валасевіча, Зою Апановіч… І тых, каго няма ў жывых.

З асаблівай радасцю нагадалі сваіх настаўнікаў. У першую чаргу, нашу дарагую, любімую класную маму Лілію Станіславаўну Верабей (жыве ў Крупках). “Як бы мы цяпер яе расцалавалі”, — са слязьмі на вачах гаварыла Люда Кулажанка. Назвалі і Валянціну Мікалаеўну Сушкевіч, Надзею Васільеўну Мішчанку, Марыю Іванаўну Унучак і іншых, шчыра пажадалі ім моцнага здароўя і даўгалецця.

Пытанняў і адказаў наконт “як, хто, што “ было шмат. А мне хацелася даведацца і наступнае: як пачувае сябе Уладзімір Андрэевіч Кулажанка, бацька Людмілы. Ён — былы рэдактар нашай “Нарачанскай зары”, пасля — прафесар, доктар эканамічных навук.

— Яму 87 год, — расказвае дачка. — Час бярэ сваё, але яшчэ няхай сабе. Чытае, цікавіцца навінамі краіны, піша вершы. І, вядома ж, часта ўспамінае гады жыцця ў Мядзеле, працу ў раённай газеце, цудоўных супрацоўнікаў Шастаковіча, Каўруса, Шымакоўскага, Місуну і іншых. Вось раскажу, што яго таксама помняць, шлюць прывітанне, рад будзе вельмі і вельмі.

Так, добра памятаю на Мядзельшчыне і бацьку Ліліі Івана Васільевіча Волаха — партызанскага і пасляваеннага доктара, галоўнага ўрача Мядзельскай раённай бальніцы. Колькі людзей вылечыў, выратаваў! Пра гэта напісана ў хроніка-дакументальнай кнізе “Памяць” Мядзельскага раёна. Сотні людзей хацелі б і сёння пакланіцца яму нізка. На жаль, Волаха няма ў жывых. Два гады як спачывае на могілках у Вілейцы.

…Вечар на зыходзе. Гаворана многае, перагаворана не ўсё. Гасцінная гаспадыня Вольга Рыгораўна просіць пасядзець яшчэ, з’есці “гару” прыгатаваных ёю смачных страў. Ды час кліча да возера. Варта пабачыць абяцанае дзіва —“лунную сцяжынку”. Праўда, неўпрыкмет напаўзлі хмаркі і агарнулі месячык-маладзічок. Раз-другі мільганула маланка, але дажджу няма. Цёпла. У ціхім спакоі казачны лес, а над ім непаўторныя жнівеньскія зарніцы. Блісь, блісь… Яны ярка асвятляюць небасхіл. А мо і наша жыццё, якое яшчэ павінна свяціцца.

В. ЕФІМАВА.