Дагавор падраду і працоўны дагавор

94

Дагавор падраду і працоўны дагаворАДНО з распаўсюджаных парушэнняў заканадаўства па працы, якія выяўляюцца пры ажыццяўленні нагляднай работы Маладзечанскага міжраённага аддзела — няправільнае заключэнне грамадзянска-прававых дагавораў, дагавораў падраду. Кіраўнікі арганізацый не бачаць розніцы паміж дагаворамі падраду і працоўнымі дагаворамі, лічаць апошнія проста зручнай для абодвух бакоў формай працоўных зносін. Між іншым, дагавор падраду мае свае адметныя асаблівасці, якія трэба ўлічваць як работадаўцу (не наймальніку!), так і падрадчыку (не працаўніку!).

Характэрным адрозненнем гэтых відаў дагавораў з’яўляецца тое, што ў дагаворах падраду мае месца роўнасць бакоў, а ў працоўным дагаворы пераважаюць адносіны падпарадкавання працаўніка наймальніку. Разам з тым працоўны дагавор забяспечвае работніку шэраг істотных гарантый: штодзённы і штотыднёвы адпачынак, штогадовы працоўны водпуск, сацыяльныя водпускі, дзяржаўны сацыяльны стандарт у галіне аплаты працы, своечасовую выплату заробку, сацыяльна-бытавыя льготы, якія прадугледжаны калектыўным і працоўным дагаворамі і інш.Дагавор падраду не рэгулюе адносіны бакоў у рамках Працоўнага кодэкса. Адсюль адразу першае наступства: асобы, якія згаджаюцца на заключэнне дагавора падраду, а фактычна выконваючыя працоўную функцыю на вытворчасці, у будаўніцтве, у сельскай гаспадарцы, істотна пагаршаюць сваё прававое становішча, губляюць ільготы і гарантыі, прадугле¬джаныя для штатных працаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый. Праваадносіны па дагаворы падраду рэгулююцца Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь. Артыкул 656 дае вызначэнне дагавора падраду — адзін бок (падрадчык) абавязваецца выканаць па заданні другога боку (заказчыка) агавораную працу і здаць яе заказчыку ў вызначаны тэрмін, а заказчык абавязваецца прыняць працу і аплаціць яе (выплаціць кошт работы). Па працоўным дагаворы работнік абавязаны выконваць не пэўнае заданне, а работу па адной ці некалькіх прафесіях, спецыяльнасцях, пасад адпаведных кваліфікацый, вызначаную функцыю ў дзейнасці прадпрыемства.

Адсюль вынікае, што не можа быць дагавор падраду прадметам якога з’яўляецца «выкананне работ па прафесіі цясляр», а можа быць «выраб 30 дзвярэй, 30 акон і кроквавай сістэмы жылога дома (з указаннем канкрэтнага адраса)». Па дагаворы падраду не атрымліваюць заработную плату. За працу падрадчык атрымлівае ўзнагароду, якае можа быць у грашовай ці ў натуральнай форме. Узнагароду падрадчык атрымлівае не ў дзень выплаты заробку ў арганізацыі працадаўцы, а па заканчэнні работы, што фіксуецца спецыяльным дакументам — актам прыёму.

Па дагаворы падраду падрадчык, як правіла, абавязуецца выканаць за свой страх і рызыку вызначаную працу па заданні заказчыка з яго ці сваіх матэрыялаў. Па працоўным дагаворы работу людзей павінен арганізаваць наймальнік, ствараць ім неабходныя ўмовы, якія прадугледжаны заканадаўствам, калектыўным і працоўным дагаворамі, забяспечваць сыравінай, матэрыяламі, інструментамі.

Гэта азначае, што падрадчык сам сабе ўстанаўлівае працягласць штодзённай работы і яе гадзінныя рамкі — работнік жа падпарадкоўваецца распарадку дня арганізацыі. Падрадчык мае права ўзяць сабе памочнікаў і разлічвацца з імі са сваіх сродкаў — работнік такога права пазбаўлены, ён абавязаны асабіста выконваць работу. Падрадчык, у адрозненне ад работніка, не звязаны выбарам тэхналогіі і інструмента для выканання работы, неабходна толькі забяспечваць вызначаную якасць і ўстаноўленыя тэрміны.

А вось у пытаннях аховы працы, у работнікаў і падрадчыкаў як раз шмат агульнага. Акрамя патрабаванняў, якія прад’яўляюцца да дагавораў падраду Грамадзянскім кодэксам, Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 ліпеня 2005 года № 314 «Пра некаторыя меры па абароне правоў грамадзян, якія выконваюць работу па грамадзянска-прававых і працоўных дагаворах» устаноўлены дадатковыя патрабаванні да дагавораў падраду.

Па-першае, патрабуецца іх заключэнне ў пісьмовай форме. Па-другое, дагаворы падраду павінны вызначаць наступныя ўмовы:

— парадак разліку бакоў па грамадзянска-прававых дагаворах, уключаючы сумы, якія належаць выплаце;

— абавязацельства заказчыка — юрыдычнай асобы ці індывідуальнага прадпрымальніка, які прадстаўляе работу грамадзянам па грамадзянска-прававых дагаворах (далей заказчык), па выплаце за іх ва ўстаноўленым парадку абавязковых страхавых узносаў на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны;

— абавязкі бакоў па забеспячэнні бяспечных умоў працы, зыходзячы з абавязкаў бакоў грамадзянска-правага дагавору;

— умовы датэрміновага скасавання грамадзянска-прававога дагавору;

— адказнасць за невыкананне заказчыкам абавязацельстваў па аплаце выкананай работы, аказанай паслугі або створанага аб’екта інтэлектуальнай уласнасці ў выглядзе няўстойкі ў памеры не менш 0,15 працэнта нявыплачанай сумы за кожны дзень пратэрміноўкі.

У наймальнікаў склалася памылковае меркаванне, што за грамадзяніна, які выконвае работу ў месцах, прадстаўленых заказчыкам, яны не нясуць адказнасці па ахове працы. Указ № 314 і патрабуе ад заказчыка падастаўлення месца выканання работ, якое адпавядае правілам аховы працы і патрабаванням тэхнікі бяспекі, ажыццяўляць падрыхтоўку (навучанне) і інструктаж падрадчыка па пытаннях бяспекі працы і г. д. У сваю чаргу, падрадчыкі абавязаны выконваць інструкцыі, кіравацца і адпаведнымі нарматыўнымі прававымі актамі па тэхніцы бяспекі, а таксама захоў¬ваць правілы паводзін на тэрыторыі, у вытворчых, дапаможных і падсобных памяшканнях, выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай абароны, праходзіць інструктаж, павышэнне кваліфікацыі, праверку ведаў па тэхніцы бяспекі і медагляды. Іншымі словамі, у пытаннях аховы працы работадаўца і наймальнік нясуць роўную адказнасць перад падрадчыкам і работнікам.

С. ТАДРА.

Галоўны дзяржаўны інспектар працы Маладзечанскага міжраённага аддзела Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы.