Да людзей з абмежаванымі магчымасцямі Ірына Супрановіч прыехала з падарункам

765

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ірына Супрановіч наведала аддзяленне забеспячэння дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў пры Мядзельскім ТЦСАН. Свой візіт Ірына Аляксандраўна прыўрочыла да Дня інвалідаў, які ў трэці дзень снежня будзе адзначацца ў нашай краіне.

— Гэтымі днямі ў краіне праходзіць дабрачынны марафон да Дня інвалідаў, — паведаміла дэпутат, — На жаль, у нас шмат людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Але, спадзяюся, вы бачыце і цэніце клопат, які праяўляе да вас дзяржава.

Ірына Аляксандраўна расказала, што ў дэпутатаў на парадку дня стаіць распрацоўка закона аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі. Будуць уведзены новыя формы работы, зменяцца некаторыя нормы. Усё для таго, каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі і іх родныя адчувалі сябе ў грамадстве больш упэўнена.

А для таго, каб наведвальнікі аддзялення з яшчэ лепшым настроем і зацікаўленасцю прыходзілі на сустрэчы, дэпутат падаравала ім сучасны кухонны камбайн. Што аказалася вельмі дарэчы: тут не толькі рукадзеллем займаюцца, але і кулінарыяй.

Да людзей з абмежаванымі магчымасцямі Ірына Супрановіч прыехала з падарункам

На памяць пра сустрэчу ў Ірыны Аляксандраўны застануцца цёплыя ўспаміны і эксклюзіўная аловачніца, зробленая майстравітымі рукамі наведвальнікаў аддзялення.

«Нарачанская зара»