Чыгунка — вельмі небяспечная зона

68

Чыгунка -- вельмі небяспечная зонаЧЫГУНКА, як вядома, вельмі небяспечная зона. Тут трэба быць асабліва ўважлівым, захоўваць усе патрабаванні бяспекі. Бо іх парушэнне можа прывесці да бяды. Тэмп жыцця зараз высокі, людзі пастаянна некуды спяшаюцца. І, як ні дзіўна, лезуць на станцыях пад вагоны, замест таго, каб узняцца на пераходны мост альбо пераадолець пуці ў іншым “законным” месцы. Ходзяць па рэйках, выскокваюць на хаду з вагона і г. д. І нярэдка гэта заканчваецца трагічна. На барацьбу з невытворчым траўматызмам затрачваюцца вялікія сродкі, прымаюцца шматлікія меры для таго, каб ухіліць ці звесці да мінімуму няшчасныя выпадкі на чыгунцы. Укараняюцца аўтаматыка і тэлемеханіка, электроніка, сучасныя сродкі сувязі. На станцыях і раз’ездах усё больш будуецца зручных пасадачных платформаў, узводзяцца пуцеправоды, пешаходныя масты і тунэлі, узмацняецца асвятленне.Чыгуначнікі сумесна з тэрытарыяльнымі органамі ўлады вядуць растлумачальную работу сярод насельніцтва, выдаюцца памяткі, расце колькасць указальнікаў і плакатаў. Прадугледжаны таксама і штрафныя санкцыі да парушальнікаў. У той жа час наспела неабходнасць правядзення актывізацыі растлумачальнай работы сярод бацькоў і ў школах, бо дзеці, здараецца, не ўсведамляюць у поўнай меры велічыню небяспекі.

На жаль, і самі дарослыя часта становяцца ахвярамі паспешнасці і няўважлівасці. Сярод траўміраваных больш трэцяй часткі — асобы ў нецвярозым стане.

Выкарыстоўваць у барацьбе з невытворчым траўматызмам неабходна ўсе магчымыя формы работы і сродкі. Патрэбна, каб чалавек усвядоміў, што хадзіць па пуцях вельмі небяспечна. Да таго ж, гэта з’яўляецца пагрозай для бяспекі руху цягнікоў. Уявіце, што адчувае лакаматыўная брыгада, калі наперадзе на пуцях раптоўна з’яўляюцца пабочныя?! Кожны чалавек добра ведае, як няпроста ўправіцца з цяжкім прадметам, які рухаецца па інерцыі. І колькі намаганняў патрэбна прыкласці, каб спыніць на вялікай хуткасці грузавы альбо пасажырскі цягнік! Тармазны шлях у грузавога саставу можа складаць 800-1200 метраў, а ў экспрэса, які рухаецца з хуткасцю 140-160 км у гадзіну — паўтара і больш кіламетра. На шляху таксама можа сустракацца густы лес, звілістныя ўчасткі пуці. І тады машыніст бачыць каляю толькі на 200-300 метраў уперад.

Няшчасныя выпадкі адбываюцца і з пасажырамі, якія спрабуюць патрапіць у вагон на хаду ці выскачыць з яго да поўнага спынення цягніка. Бывае, саскокваюць з платформы на рэйкі і трапляюць пад колы.

І яшчэ хочацца нагадаць. Правіламі забараняецца выкідваць з вагонаў смецце, якія-небудзь прадметы. І не толькі таму, што гэта прыводзіць да забруджвання тэрыторыі пуці. Выкінутая бутэлька альбо бляшанка можа ўяўляць значную небяспеку для тых, хто знаходзіцца непадалёку. А вось некаторыя грамадзяне, стоячы на платформе, атрымоўваюць задавальненне, кідаючы нешта ў бок праходзячага цягніка. Што таксама можа прывесці да непажаданага выніку.

Самай моцнай гарантыяй ад няшчасных выпадкаў можа і павінна стаць наша свядомасць, разуменне таго, што няма нічога больш сумнага і недарэчнага, чым гібель чалавека па дурасці. Тым не менш, штогод на чыгунцы гінуць і атрымоўваюць калецтвы людзі. Нясе страты і народная гаспадарка: выходзяць са строю транспартныя сродкі, разбураюцца чыгуначныя збудаванні, псуюцца грузы. І ўсё ж, галоўнымі стратамі для грамадства з’яўляюцца людскія, бо яны незваротныя.

Аналіз няшчасных выпадкаў на тэрыторыі Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі за мінулы год паказаў, што колькасць такіх выпадкаў застаецца яшчэ высокай. Што выклікае сур’ёзную трывогу. За гэты перыяд пацярпела 88 чалавек, з якіх 63 загінулі. У межах Маладзечанскай дыстанцыі пуці летась пацярпела 8 чалавек, з іх 6 — загінулі. Сёлета адбылося 5 смяротных выпадкаў.

Каб не стаць ахвярай, чалавек павінен знаць і выконваць адпаведныя правілы бяспекі на чыгунцы. І найперш, пераходзіць пуці ў вызначаных месцах, пераканаўшыся ў адсутнасці цягніка, уважліва сачыць за светлавой і гукавай сігналізацыяй, палажэннем, у якім знаходзіцца шлагбаўм. Не забывайце, што нельга перабягаць пуці перад цягніком, калі да яго менш як 400 метраў альбо адразу пасля праходу саставу аднаго накірунку. А таксама падлазіць пад вагоны, пераходзіць па счапных устройствах.

Будзьце ўважлівымі і цярплівымі на чыгунцы. Гэта гарантыя вашай бяспекі і бяспекі вашых родных і блізкіх.

С. МАТРАШЫЛА.

Начальнік Маладзечанскай дыстанцыі пуці.