Чатыры школы Канстанціна Каратая, багаты музей і кніга «Памяць»

426

МНОГІЯ жыхары Мядзела ды іншых населеных пунктаў нашага раёна ўспамінаюць добрым словам Канстанціна КАРАТАЯ. Напэўна, таму, што ўсё сваё жыццё Канстанцін Арсеньевіч ствараў нешта патрэбнае для людзей, карыснае для азёрнага краю. Хаця сам ён родам з вёскі Нянькава Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці. Аднак і Мядзельшчына аказалася для яго гасціннай, тут ён прыжыўся «ўсур’ёз і надоўга», пакінуў пасля сябе яркі след. Не выпадкова ж адна з вуліц горада носіць імя Канстанціна Арсеньевіча.

Чатыры школы Канстанціна Каратая, багаты музей і кніга «Памяць» Чатыры школы Канстанціна Каратая, багаты музей і кніга «Памяць»

На Мядзельшчыну выпускнік гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Канстанцін Каратай трапіў па размеркаванні ў далёкім 1956 годзе. Самі разумееце, людзей з вышэйшай адукацыяй, тым больш з «чырвоным» дыпломам, атрыманым у вядучай навучальнай установе рэспублікі, было няшмат. Таму маладога педагога адразу прызначылі дырэктарам сямігадовай школы ў Мікольцах. Ды, уласна кажучы, яе там і не было, таму адразу паўстала пытанне аб неабходнасці будаўніцтва ўстановы адукацыі. Вучні цясніліся дзе папала, пра утульнасць для іх і для настаўнікаў гаворкі не вялося. Як успамінала выдатнік народнай адукацыі Ганна Каўрус, якая тым часам атрымала накіраванне на працу ў Мікольцы, «усе класы з першага па сёмы туліліся ў прыватных дамах. Настаўнікі, ды і дырэктар, жылі на кватэрах. Цяпер мне цяжка нават уявіць, як маладзенькі кіраўнік усюды паспяваў: вучэбны працэс, агітацыйная работа, канцэрты, лекцыі, сям’я і многае іншае. А яшчэ — будаўніцтва школы». І яе неўзабаве ўзвялі! Няхай і не з цэглы, але ў хуткім часе мясцовую дзятву сустракаў вераснёўскім ранкам прасторны і светлы драўляны будынак. Вось толькі папрацаваць у ім дырэктару не давялося. У раённым аддзеле народнай адукацыі яго пазнаёмілі з загадам аб новым прызначэнні. Можна сказаць, з павышэннем, бо ў Слабадзе была дзесяцігодка. Ды зноўку тая ж праблема: патрабаваўся новы будынак школы. Па ініцыятыве Канстанціна Каратая яе пачалі ўзводзіць у Слабадзе двухпавярховую, з цэглы. Праўда, урачыста адкрывалі ўжо пры новым кіраўніку, а Канстанціну Арсеньевічу даручылі ўзначаліць Мядзельскую СШ №1.

Адны з лепшых у народнай адукацыі

Канечне, перш за ўсё тут раскрыўся яго талент як педагога, дырэктара. Старажылы горада памятаюць, што ў школе №1, якая тыя гады знаходзілася ў будынку цяперашняй гімназіі, урокі праводзіліся ў дзве змены. Бывала, што ў першых класах налічвалася больш за сорак хлопчыкаў і дзяўчынак! Вучоба вучобай, аднак дырэктару Канстанціну Каратаю хацелася, каб выпускнікі, апрача атэстата сталасці, мелі і нейкую запатрабаваную прафесію. Так у раскладзе ўрокаў з’явілася «аўтасправа». Не ў рамках вучэбна-вытворчага камбіната, а школы! Пад гэты праект змаглі «выбіць» грузавік, потым — другі, што ў тыя часы было справай нялёгкай. Затое падлеткі з імпэтам вывучалі матэрыяльную частку, правілы дарожнага руху, вучыліся практычнаму ваджэнню, а ў канцы курса супрацоўнікі ДАІ прымалі ў іх экзамены. Хто здаваў — атрымліваў правы. Адно, што самастойна садзіцца за руль яны маглі толькі пасля таго, як споўніцца 18 год. Тут неабходна аддаць належнае не толькі кіраўніку, але і яго надзейным памочнікам: Георгію Шаранговічу, Івану Гаўрысу, якія задуму Канстанціна Каратая грунтоўна і з веданнем справы ажыццяўлялі на практыцы.
Далей — болей! У Савецкім Саюзе пачала прыжывацца ініцыятыва наконт стварэння ў школах на працягу пятай чвэрці лагераў працы і адпачынку. Адно з першых у азёрным краі такое фарміраванне стварылі менавіта на базе Мядзельскай школы. Хлопцы і дзяўчаты пад кіраўніцтвам вопытных будаўнікоў з імпэтам узводзілі розныя пабудовы на тэрыторыі аўтатурбазы «Нарачанка». Гэтым разам педагагічныя здольнасці на аб’екце ўдала дэманстраваў арганізатар пазакласнай і пазашкольнай работы Іван Верабей. Ды так, што неўзабаве Івану Іванавічу з улікам іншых добрых спраў прысвоілі ганаровае званне «Заслужаны настаўнік БССР». Многія ў Мядзеле памятаюць, што праз час, у 1980 годзе, ён замяніў на пасту дырэктара сярэдняй школы Канстанціна Каратая. Толькі вось з жыцця Іван Верабей, на вялікі жаль, пайшоў вельмі рана. Яго не стала літаральна гады праз тры пасля звычайнага апендыцыту…
Што датычыцца вучэбнага працэсу, то вельмі многае ў Канстанціна Арсеньевіча магло не атрымацца без апантаных паплечнікаў, сапраўдных і творчых педагогаў. Нізкі паклон за сваю творчую працу заслугоўваюць многія педагогі: Тэрэза Лапаціна і Марыя Унучак, якія таксама мелі ганаровае званне «Заслужаны настаўнік БССР», Алена Папкова, Таіса Жук, Валянціна Сушкевіч, Анатоль Паршута. А ўзгадаць Пятра Купрэвіча, які выкладаў у школе нямецкую мову! Калі хтосьці з яго выхаванцаў паступаў у сталічны ўніверсітэт ці інстытут, там ужо ведалі пра Пятра Ціханавіча. Пыталіся: «У вас Купрэвіч вёў нямецкую?» І пры станоўчым адказе запэўнівалі: «У такім разе можна не хвалявацца, усё будзе добра». Так яно і аказвалася, менш за 4 балы на ўступных экзаменах нікому не ставілі. Заўзята, творча ажыццяўлялі педагагічныя задумкі і намеснікі дырэктара па вучэбнай частцы. Па ацэнцы колішняга загадчыка раённага аддзела народнай адукацыі Івана Якімца, сапраўднымі «начальнікамі штабоў» сябе зарэкамендавалі Іван Верабей, Аліна Санюк, Аркадзь Палонік, Ніна Звяруга… Гэтаму калектыву не страшныя былі ніякія праверкі. А яны здараліся нярэдка. Нават аднаго разу пытанне наконт работы партыйнай арганізацыі Мядзельшчыны па кіраўніцтве народнай адукацыяй слухалі на бюро ЦК КПБ. Першы сакратар Пётр Машэраў, маючы на ўвазе азёрны край, тады заўважыў, што «гэта адзін з лепшых раёнаў рэспублікі ў справе вырашэння пытанняў народнай адукацыі».

Што кажуць людзі?

Каштоўнымі лічу і выказванні педагогаў, выпускнікоў школы, якія добра ведалі Канстанціна Каратая, каму давялося працаваць побач з ім.
— Першы крок у Мядзельскай сярэдняй школе, — распавядае Аліна Санюк, — зрабіла настаўніцай хіміі і біялогіі з вялікім хваляваннем, бо да гэтага працавала ў невялічкай сельскай васьмігодцы на Смаргоншчыне. А тут не школа, а проста храм навукі. Утульна, змястоўна прадуманае афармленне. Вось і кабінет дырэктара. Да мяне падыходзіць даволі малады чалавек, працягвае руку і запрашае прысесці. Ветлівасць і ўважлівасць — вось што адразу кінулася ў вочы. Так пачалося ў жніўні 1967 года знаёмства з Канстанцінам Арсеньевічам Каратаем, з якім у далейшым давялося працаваць каля двух дзясяткаў год. Гэта быў Чалавек і Настаўнік з вялікай літары. Уражвалі яго эрудыцыя і адданасць справе. Ён, як кажуць, дняваў і начаваў у школе ў дзве змены, у якой налічвалася па чатыры-пяць паралельных класаў. На сустрэчы з вучнямі Канстанцін Каратай запрашаў многіх вядомых людзей: Васіля Быкава, Ніла Гілевіча, Тусналобаву-Марчанку… Урокі ведаў праводзілі вучоныя БДУ, усё не пералічыць. Ён умела і тактоўна падтрымліваў настаўнікаў у іх творчых пошуках. Наогул, трэба быць вельмі таленавітым і цярплівым, каб кіраваць педкалектывам, у якім больш за 80 чалавек.
— Так склалася па жыцці, — дадае старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ірына Глінская, — што ведала Канстанціна Каратая і як настаўніка грамадазнаўства, і дырэктара школы, і актыўнага намесніка старшыні камісіі па стварэнні гісторыка-дакументальнай хронікі “Памяць. Мядзельскі раён”. Сама родам з вёскі Вусаўшчына, чатыры класы закончыла ў Занеўскай васьмігодцы, а потым яна згарэла, і мне давялося вучыцца ў першай школе ў Мядзеле. У выпускным класе Канстанцін Арсеньевіч вёў у нас грамадазнаўства. Што магу сказаць? Педагог ён быў эрудзіраваны, урокі праходзілі цікава, на адным дыханні, ніхто не сумаваў. Запомнілася, што дырэктара Каратая паважалі і школьнікі, і нашы бацькі, бо Канстанцін Арсеньевіч быў чалавекам аўтарытэтным, добразычлівым, справядлівым. Мая маці пасля бацькоўскіх сходаў казала: “Які цудоўны дырэктар! Які ў вашай школе цудоўны дырэктар!” Гэта па яго ініцыятыве мяне як выдатніцу вучобы ў 1975 годзе ўключылі ў склад рэспубліканскай дэлегацыі з 45-ці чалавек, якая на 30-годдзе Вялікай Перамогі адправілася на цягніку ў Маскву, каб сфатаграфавацца каля Сцяга Перамогі. Тады за пяць дзён шмат чаго пабачылі: пабывалі ў Маўзалеі, на экскурсіі па Крамлі, на ВДНГ СССР… А якія тады былі класы?! У нашых чатырох выпускных налічвалася 136 хлопцаў і дзяўчат, залатыя медалі разам з атэстатамі сталасці ўручылі мне і Тамары Каўрус. Далей вучыцца паступіла на хімфак БДУ, а калі закончыла, вярнулася на радзіму. І скажу не крывячы душой: у мяне пра Канстанціна
Каратая толькі самыя светлыя, самыя пазітыўныя ўспаміны…
— Бясспрэчна адно, — сцвярджае Іван Якімец, — Канстанцін Каратай па сваёй натуры адмысловы асветнік, ініцыятар і выканаўца многіх добрых спраў. Таму яго памятаюць людзі, дзякуюць. Асабліва — вучні яго школ, іх бацькі. Імем Канстанціна Арсеньевіча названа адна з вуліц у Мядзеле, і гэта вельмі правільна. Мне памятаецца, Канстанцін Каратай разам з жонкай Верай Людзвігаўнай, па адукацыі філолагам, змаглі сабраць дома цудоўную асабістую бібліятэку. Калі ехаў па справах у Мінск, то не мінаў кнігарні, пры магчымасці сустракаўся са знаёмымі пісьменнікамі, у Белдзяржуніверсітэце, дзе працавалі яго аднакурснікі, цікавіўся навінкамі ў сістэме народнай адукацыі. Больш важна іншае: Канстанцін Арсеньевіч ніколі не шкадаваў даць пачытаць калегам ці вучням старэйшых класаў рэдкую кнігу. Ды і наогул, Канстанціна Каратая многія справядліва лічылі «хадзячай энцыклапедыяй». Калі пачыналася нейкая дыскусія альбо паўставала складанае пытанне, мне даводзілася чуць: «Падыдзем да Каратая, ён усё ведае…»
— Калі шчыра, — заўважае ў гутарцы настаўніца фізікі гімназіі-інтэрната г. Мядзела Раіса Балюк, — то мне давялося пачынаць працу з Канстанцінам Каратаем неўзабаве пасля студэнцкай лаўкі. Я не збіралася прысвячаць сябе педагогіцы. Менавіта Канстанцін Арсеньевіч дапамог мне паверыць у свае сілы, як кажуць, расправіць крылы, падштурхнуў да творчасці. На першых кроках мяне тактоўна падстрахоўвала і настаўніца Валянціна Сяргееўна Давыдзенка. Дайшло да таго, што смела давала ўзорныя ўрокі і ў Гродне, і нават у Маскве. Канстанцін Каратай вельмі беражліва ставіўся да маладых кадраў, падтрымліваў словам і на сходах, і ў прыватнай гутарцы, засцерагаў ад розных катаклізмаў, умеў заўважаць драбніцы станоўчага. Гэта надавала нам сілы, хацелася зрабіць усё так, каб заўважыў дырэктар, сказаў у наш адрас добрае слова. Мы ім даражылі. У той жа час Канстанцін Арсеньевіч быў кіраўніком строгім і патрабавальным, мы былі ў захапленні ад яго эрудзіраванасці, тактоўнасці, добразычлівасці. І гэта яго бясспрэчная заслуга, што мы, педагогі першай школы, сталі лепшымі ў сваёй прафесіі.

Настаўнік на ўсё жыццё

Яно і пазней, калі перадаў «дырэктарскі партфель» Івану Вераб’ю, Канстанцін Каратай не адыйшоў ад бурлівых добрых спраў. Самай важнай з іх, бадай, трэба лічыць стварэнне ў школе шыкоўнага музея. Ствараць яго, збіраць экспанаты дапамагалі настаўнікі і вучні, іх бацькі і жыхары Мядзела, выпускнікі. Усё гэта рабілася з любоўю да мінулага і сваіх людзей. Мала хто ведае, колькі давялося Канстанціну Арсеньевічу адправіць лістоў па розных адрасах, каб аформіць сапраўдны музей, з мноствам цікавых экспанатаў. Іх сотні, копіі такіх пісьмаў бачыў на ўласныя вочы ў чырвонай папцы з назвай “Зыходзячая карэспандэнцыя”. Прывяду толькі адзін допіс, адпраўлены Першаму сакратару праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі Нілу Гілевічу: “…У сярэдняй школе №1 г. п. Мядзел, якая была заснавана ў 1843 годзе, ствараецца музей яе гісторыі. У дарэвалюцыйны час у двухкласным вучылішчы займаліся партыйны і савецкі дзеяч, былы першы сакратар ЦК КПБ В. Ф. Шаранговіч, герой грамадзянскай вайны камбрыг П. М. Шаранговіч, вядомы беларускі паэт, перакладчык, празаік і публіцыст У. М. Дубоўка, беларускі гісторык, этнограф, публіцыст М. В. Мялешка. У пасляваенны час нашу школу закончылі народная артыстка Беларусі М. Г. Захарэвіч, мастак-графік прафесар В. П. Шаранговіч, паэт і драматург Я. П. Шабан і іншыя. Ствараючы музей, педагагічны калектыў імкнецца атрымаць маральнае права на прысваенне школе імя У. М. Дубоўкі, асабліва ў сувязі з набліжэннем яго юбілею — 90-годдзя з дня нараджэння. Просім Саюз пісьменнікаў хадайнічаць перад урадам рэспублікі аб прысваенні сярэдняй школе №1 г. п. Мядзел імя У. М. Дубоўкі… Парайце, калі ласка, хто з пісьменнікаў, дзеячаў культуры, мастацтва, навукоўцаў можа дапамагчы нам матэрыяламі для музейнай экспазіцыі пра У. М. Дубоўку…” Ужо з гэтага ліста можна зрабіць вывад аб той агромністай рабоце, якую трэба было правесці энтузіястам, каб атрымаць хаця б некалькі экспанатаў, а іх у рэшце рэшт назбіралася не адна тысяча!
Карпатлівая праца энтузіяста Каратая прыносіла плён. Неўзабаве мядзяльчане атрымалі запрашэнне з Пастаў на 90-годдзе Уладзіміра Дубоўкі наведаць Агароднікі, радзіму знакамітага беларускага паэта. Меў там слова і настаўнік гісторыі, дырэктар музея Канстанцін Каратай. Ён падзяліўся з дарагімі суседзямі радаснай весткай:
«З Мінска прыйшло паведамленне, што нашай школе прысвоена імя Уладзіміра Дубоўкі». Паэт вучыўся ў Мядзеле перад Першай сусветнай вайной, у сваіх успамінах засведчыў, што тагачаснае народнае вучылішча лічылася адным з лепшых на Віленшчыне. Канстанцін Арсеньевіч таксама распавёў, што ў адным з пакояў музея мяркуюць сабраць матэрыялы, якія больш поўна адлюструюць жыццёвы і творчы шлях Уладзіміра Мікалаевіча, яго сучаснікаў і іх уклад у развіццё літаратуры, мовы, пра жыццё пісьменніка ў далечыні ад родных мясцін. І такі пакой аформілі! Ды не толькі яго!

Бюст Уладзіміра Дубоўкі прывезлі да 150-годдзя школы яе выпускнік Васіль Шаранговіч і скульптар Генадзь Мурамцаў. Па просьбе Канстанціна Каратая прыязджала з Масквы пляменніца паэта Раіса Палейка з мужам, перадалі асабістыя рэчы Уладзіміра Мікалаевіча — гальштукі, кашулю, партфель… У адным з раздзелаў музея бачым экспанаты, якія падараваў выпускнік школы археолаг Яраслаў Звяруга, у другім — глобус велічнага паэта Максіма Танка. Мноства матэрыялаў у зале Вялікай Айчыннай вайны, дзе асаблівае месца адведзена Героям Савецкага Саюза, тым, хто вызваляў азёрны край ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ёсць таксама і экспазіцыі, прысвечаныя выхаванцам школы, якія загінулі ў мірны час пры выкананні службовага абавязку: старшы матрос з атамнай падводнай лодкі “Камсамолец” Яўген Вяршыла, марскі пехацінец Уладзімір Півавараў. Канечне, наведвальнікі прыпыняюцца і ля стэнда са здымкамі выпускнікоў, якія сталі знакамітымі людзьмі, вядомымі на ўвесь свет: народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, народны мастак Васіль Шаранговіч, паэт і драматург Яўген Шабан, археолаг Міхась Чарняўскі… А наша зямлячка, паэтэса, выпускніца 1972 года Тамара Купрэвіч (Кручэнка) на адкрыцці школьнага музея экспромтам прачытала такія радкі: «Як усхвалявала гэтая падзея:/ У роднай школе — адкрыццё музея./ І час які абраны адмысловы —/ Вяртанне мовы, нашай роднай мовы!/ Як сейбіту вясны, як аратаю/ Настаўніку кланюся, Каратаю…»
Пры размове ж Тамара Віктараўна дадала, што заслужаны настаўнік БССР Канстанцін Арсеньевіч Каратай быў і застаецца для яе Настаўнікам на ўсё жыццё. Менавіта дзякуючы яму дзяўчынка з чацвёртага класа вучылася ў новым прасторным будынку сярэдняй школы ў райцэнтры. Канстанцін Арсеньевіч выкладаў у іх родную літаратуру, пазней — грамадазнаўства. Як педагог высокай дасведчанасці, глыбокіх ведаў у розных галінах, ён, як сапраўдны сейбіт, засяваў душы падлеткаў павагай да лёсу старэйшага пакалення, якому выпала перажыць Вялікую Айчынную вайну, адбудоўваць краіну пасля Перамогі над фашызмам. Неяк Канстанцін Арсеньевіч даручыў Тамары падрыхтаваць рэферат па ваеннай прозе Васіля Быкава і выступіць на чарговай сустрэчы з пісьменнікам. Вядома ж, ёй хапіла хвалявання, а падзякай
з’явіўся аўтограф Васіля Уладзіміравіча на двухтомніку яго твораў. Ведаючы, што Купрэвіч спрабуе пісаць вершы і дасылае іх у раённую газету “Нарачанская зара”, Канстанцін Арсеньевіч засяродзіў яе ўвагу: «Вы павінны пісаць на роднай мове. У вас ёсць яе адчуванне, бо спасцігалі яе ад бабуль, каранёў сваіх. Веданне роднай мовы дазволіць чытаць творы нашай багатай літаратуры ў арыгінале і самой пісаць, удасканальваць майстэрства».
— Жонка Канстанціна Арсеньевіча, Вера Людзвігаўна, — прыгадвае Тамара Купрэвіч, — выкладала ў нас рускую мову і літаратуру. У дзясятым класе мы пісалі сачыненне на вольную тэму “Кім я буду”. Праз колькі гадоў на сустрэчы выпускнікоў, маіх аднакласнікаў, яна агучыла нашы прагнозы на лёс. Пісала я, што праз пару дзясяткаў гадоў буду працаваць у абласной газеце. Вось такое слова наша, матэрыяльнае… Калі паехала пасля школы здаваць дакументы ў прыёмную камісію для паступлення ў Белдзяржуніверсітэт, чэргі абітурыентаў на філфак і журфак былі побач. І тут ролю сыграў запавет Канстанціна Арсеньевіча: галоўнае — веданне мовы, усё астатняе набываецца з вопытам. Згадала гэтыя яго словы і ступіла на філалагічную сцежку. Вельмі непрацяглы час у першы год самастойнай працы, толькі месяцы са тры, адпрацавала настаўнікам. Увесь лёс звязаны з журналісцкай работай, літаратурнай творчасцю абласной пісьменніцкай арганізацыі. І зараз шмат пішу па-наску, па-беларуску. Лічу, што і аўтарская рубрыка «Нашай долі адгалоскі» ў «Гомельскай праўдзе» пра вёскі Гомельшчыны і іх жыхароў, якую вяла апошнія гады — гэта мой сціплы ўклад у спасціжэнне народа, яго гісторыі і культуры. Гэта даніна памяці і павагі майму Настаўніку. Менавіта разам з ім і іншымі землякамі праводзілі ў апошні шлях Максіма Танка, народнага пісьменніка Беларусі, ад яго роднай Пількаўшчыны на бацькоўскія клады ў Новіках… Вельмі рада, што ў нашым родным Мядзеле ёсць вуліца, якая носіць імя дарагога майму пакаленню Настаўніка, Канстанціна Арсеньевіча Каратая…
Трапна, заслужана і ад душы сказанае вышэй мне застаецца толькі канкрэтызаваць у тым сэнсе, што, апрача здадзенага да вялікай радасці тагачаснай дзятвы цяперашняга будынка гімназіі, Канстанцін Каратай, як дырэктар, узводзіў у Мядзеле «пад ключ» і сярэднюю школу №1 імя Уладзіміра Дубоўкі. Пра каштоўнасць жа музея, створанага пры ёй, яскрава сведчыць хаця б той факт, што ён афіцыйна з’яўляецца філіялам нашага музея народнай славы. Ды і кніга «Памяць» без вялізнага ўклада апантанага краязнаўца і даследчыка Канстанціна Арсеньевіча пабачыла б свет не ў 1998 годзе, а значна пазней. Часценька завітваў Канстанцін Каратай і ў рэдакцыю нашай газеты. Апошні раз — за некалькі дзён да таго, як пайшоў у іншы свет. Дамаўляліся з Канстанцінам Арсеньевічам пра падрыхтоўку артыкула на краязнаўчую тэму. На жаль, ён так і не паспеў яго напісаць…

Павел ЖУКАЎ.