Безрукаўкі, світэры, рукавіцы і валёнкі ў прыдачу

73

Безрукаўкі, світэры, рукавіцы і валёнкі ў прыдачуПАЗАЛЕТАСЬ упершыню давялося завітаць на аграсядзібу “У рыбака”, дзе гаспадарыць ужо не першы год Уладзімір Канашэвіч. Месціцца яна наводшыбе вёскі Пярэградзь, што на тэрыторыі Мядзельскага сельсавета. “Лацвянская зона” цудоўна падыходзіць як для адпачынку, так і для вядзення ўласнай гаспадаркі. У чым яшчэ раз давялося пераканацца.

— Уладзімір Яўгенавіч, — пытаюся пры новай сустрэчы, — якія змены адбыліся ў вас?

— Трымаю нямала жыўнасці, якая дае пэўны даход. Тыя ж гусі, напрыклад, у мяне сёлета ўжо наперад выкуплены. Але з’явіўся і новы накірунак гаспадарання, сур’ёзна заняўся авечкагадоўляй. Дарэчы, авечкі некалі і хадзілі па лацвянскіх пагорках. Ад іх, па-першае, маю мяса, якое карыстаецца попытам. А па-другое, спадзяюся на тое, што і воўну неўзабаве пачнуць прымаць, бо дзяржава апошнім часам стала надаваць больш увагі развіццю гэтай галіны. Так што, можна сказаць, працую на перспектыву.

Як патлумачыў далей У. Я. Канашэвіч, яго жонка пачынае пакрысе вырабляць нешта з воўны: безрукаўкі, світэры, рукавіцы. А сёлета вось і за валёнкі ўзялася — зрабіла дзве пары дзіцячых, для ўнучкі Леры. Званілі ўжо Уладзіміру Яўгенавічу пенсіянеры з Чараўкоў, хочуць і для сябе заказаць на зіму …

— Вядома ж, неабходна было недзе гэтаму навучыцца, — расказвае Уладзімір Яўгенавіч. — Адшукалі адну бабульку ў вёсцы Юшкавічы, якая паказала як і што трэба рабіць. Праца, паверце мне, вельмі цяжкая. А напачатку авечку яшчэ абстрыгчы трэба. Лілія Браніславаўна таксама сама гэта робіць, нажніцамі. Не менш гадзіны трэба патраціць на кожную авечку. Праўда, ужо заказаў спецыяльную машынку з Балгарыі, каб аблегчыць работу.

Авечкі ў Канашэвіча раманаўскай пароды, якая найбольш прыдатная для мясцовых умоў. А яшчэ працуе над удасканаленнем гэтай пароды, набыў для разводу элітнага барана.

— Галоўнае, нарыхтаваць для маіх гадаванцаў сена ўдосталь, а так клопату з імі асаблівага няма. Можна без праблем і павялічыць статак, — разважае гаспадар, — абы толькі было дзе пасвіць. Дарэчы, мне ўдалося нарэшце ўзяць у арэнду дадатковых 70 сотак кінутай “калгаснай” зямлі. А дапамог вырашыць гэта пытанне старшыня райвыканкама Ілья Іванавіч Шацько, да якога ў канцы мінулага года адным з першых патрапіў на прыём.

Прыязджаюць на сядзібу наведвальнікі, каб адпачыць. У асноўным мінчане. А нядаўна і з Масквы пажадалі пагасціць. Вядома ж, адпачынак тут своеасаблівы, прываблівае найперш тых, хто менш глядзіць на выгоды, а любіць бавіць вольны час на ўлонні прыроды. А месца тут цудоўнае: грыбы, ягады, і парыбачыць можна таксама, на лодцы пакатацца. А які цудоўны шашлык атрымліваецца на вольным паветры!

Застаецца дадаць, што менавіта такой вось “вольнай” працай, калі ўсё ў радасць і даспадобы, Уладзімір Канашэвіч істотна ўмацаваў свой арганізм, хаця былі раней праблемы. Што яшчэ раз пацвярджае: прырода дае чалавеку сілы і здароўе, калі правільна з ёй абыходзіцца, шанаваць і любіць!

Аляксандр БЫКАЎ.

На здымку: У. Я. Канашэвіч і яго гадаванцы.

Ігната ЛУБНЕЎСКАГА.