«Без мінулага няма будучыні»

100

«Без мінулага няма будучыні»НЯДАЎНА на базе нашага раёна праведзены выязны семінар каардынацыйнага савета грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый Міншчыны, які ўзначальвае першы сакратар Мінскага абласнога камітэта Камуністычнай партыі Беларусі Марыя Худая. Прысвячаўся ён ролі грамадскіх арганізацый і палітычных партый у пытаннях патрыятычнага, працоўнага, экалагічнага, духоўна-маральнага выхавання падрастаючага пакалення і арганізацыі аздараўлення дзяцей у летні перыяд.

На мяжы раёна гасцей сустрэлі намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева, дырэктар Мядзельскага музея Народнай славы Святлана Чарняўская, старшыні каардынацыйнага савета грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый Мядзельшчыны Алена Яцына, раённага савета ветэранаў Міхаіл Гардон.

Спачатку ўдзельнікі семінара наведалі комплекс «Партызанскія базы». Па дарозе цікавы аповед пра Мядзельшчыну, яе мінулае і сучаснае вяла С. А. Чарняўская. Гасцей уразілі «Партызанскія базы», расказ

М. Г. Гардона пра тое, што менавіта тут ла¬дзяцца сустрэчы з ветэранамі вайны і працы, тут многіх школьнікаў прымаюць у піянеры і члены БРСМ. Менавіта тут у гады Вялікай Айчыннай вайны дыслацыравалася партызанская брыгада імя Варашылава, якую ўзначальваў Фёдар Маркаў. Тут размяшчаўся падпольны абкам камсамола пад кіраўніцтвам Пятра Машэрава. Многія госці ўпершыню пабывалі на гэтым свяшчэнным месцы. Яны ўсклалі кветкі да помніка, агле¬дзелі зямлянкі.

Наступны прыпынак — дзіцячы дом сямейнага тыпу ў аграгарадку Занарач. Гаспадыня Жанна Кавальская расказала, што зараз выхоўваецца 12 дзяцей, а на сямейныя ўрачыстасці прыязджае больш дваццаці. Некаторыя з іх маюць свае сем’і, але не забываюць дом, дзе раслі і выхоўваліся. Цікава было даведацца, як дзеці бавяць вольны час, як працуюць на прысядзібным участку, дапамагаюць дарослым па гаспадарцы.

Асобна хочацца расказаць пра наведванне Нацыянальнага дзіцячага адукацыйнааздараўленчага цэнтра «Зубраня». Дырэктар цэнтра Надзея Ануфрыева пазнаёміла гасцей з работай палатачнага абаронна-спартыўнага лагера «Вектар», лінгвістычнага, лагера працы і адпачынку і іншых. Цікавая была і экскурсія па цэнтры, якую правяла дырэктар. Удзельнікі семінара пабывалі ў міні-заапарку «Баброва хатка», у лагерах «Зорны» і «Лазурны», наведалі хутар «Неслуч», Дом дзіцячай творчасці і многія іншыя цікавыя мясціны цэнтра.

З работай выратавальнай станцыі «Мядзел» пазнаёміў удзельнікаў семінара старшыня раённай грамадскай арганізацыі таварыства выратавання на водах Дзмітрый Мялешка. А закончылася мерапрыемства наведваннем Мядзельскага музея Народнай славы.

Падводзячы вынікі работы семінара, Марыя Худая зазначыла, што напярэдадні юбілейных дат вызвалення Беларусі і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне работу па грамадзянска-патрыятычным і працоўным выхаванні дзяцей і моладзі неабходна актывізаваць усім членам каардынацыйнага савета грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый Міншчыны.

— Неабходна памятаць, што без мінулага няма будучыні, — падкрэсліла Марыя Худая.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымку: удзельнікі семінара на комплексе «Партызанскія базы».

Фота аўтара.