Быць дэпутатам — ганарова і адказна

111

Быць дэпутатам — ганарова і адказнаДа пачатку выбараў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь дваццаць восьмага склікання застаецца ўсё менш дзён. Што чакаюць людзі ад сваіх абраннікаў? Якія пытанні ім давяраюць? Пра гэта гутарка з выконваючым абавязкі  старшыні Нарацкага сельскага выканаўчага камітэта, дэпутатам раённага Савета дэпутатаў Мікалаем МАРКЕВІЧАМ:

— У Нарацкі сельскі Савет дэпутатаў на папярэдніх выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь было абрана 15 чалавек. Усе яны прымалі актыўны ўдзел у рабоце сесій, працавалі над наказамі выбаршчыкаў. З ліку найбольш актыўных дэпутатаў хачу назваць мастацкага кіраўніка Нарацкага сельскага Дома культуры Наталлю Варабей, галоўнага спецыяліста сельвыканкама Людмілу Аблам, пенсіянерку з Ляшчынска Леакадзію Савук.
— Якія праблемы найбольш хвалююць насельніцтва?
— Летась у сельвыканкам паступіла 18 пісьмовых і 41 вусны звароты (за 2016 год — 20 і 38 адпаведна). Прасілі людзі ўстанавіць у цэнтры аграгарадка грамадскі туалет, бо пасля закрыцця аўтакасы сапраўды была такая праблема. Зараз яна станоўча вырашана. Час ад часу ўзнікаюць пытанні па грэйдзіраванні вуліц населеных пунктаў, якія вырашаюцца сіламі дарожных арганізацый. Што датычыць аграгарадка Нарач, то тут частка вуліц заасфальтавана, астатнія — у планах на перспектыву. Прасілі жыхары вуліцы Партызанскай аграгарадка Нарач зрабіць тратуар. Хачу паведаміць, што на тую частку вуліцы, якая належыць “ДРБУ-133”, зроблена дакументацыя на выкананне работ, а Мядзельская ЖКГ пакуль яшчэ марудзіць. Ёсць і іншыя праблемы, якія прыводзяць людзей у сельвыканкам. Яны па меры магчымасці вырашаюцца. Здараецца, даём і адмоўныя аргументаваныя адказы на запыты насельніцтва.
— Нарацкі сельсавет — самы буйны на Мядзельшчыне. Поле дзейнасці Савета дэпутатаў, напэўна, вельмі шырокае?
— На тэрыторыі Нарацкага сельсавета пражывае 7790 чалавек. Размяшчаецца 48 населеных пунктаў. Самыя буйныя:
к. п. Нарач — пражывае больш за 4300 чалавек, у аграгарадку Нарач — больш за 2200, у вёсках Баравыя — 172, Чараўкі — 150, Малая Сырмеж — 145 жыхароў. Ёсць населеныя пункты з трыма, чатырма жыхарамі, а ў некаторых зусім цяпер няма нікога. Што датычыць пытанняў, то на кантролі ўсе, ад якіх залежыць жыццезабеспячэнне людзей. А гэта гандлёвае, бытавое, медыцынскае абслугоўванне грамадзян, нармальная дзейнасць аб’ектаў сацыяльнай сферы, у тым ліку ўстаноў адукацыі, культуры. Клапоцімся, каб было ў насельніцтва на зіму паліва, каб у поўным аб’ёме выконваліся камунальныя паслугі, працавала вулічнае асвятленне. Часам у зімовы перыяд узнікаюць пытанні па ачыстцы дарог аддаленых вёсак ад снегу, альбо аб пасыпцы іх у галалёд пясчана-салявой сумессю. Працуем таксама па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, могільнікаў. Не абыходзім увагай адзінокіх, адзінока пражываючых, састарэлых людзей, ветэранаў, воінаў-інтэрнацыяналістаў, мнагадзетныя сем’і, а таксама са статусам “сацыяльна небяспечныя”.
— Мікалай Іванавіч, напэўна, і на гэты раз у Нарацкі сельскі Савет дэпутатаў будуць выбірацца самыя актыўныя і дастойныя людзі?
— Вядома, дэпутатамі павінны быць нераўнадушныя грамадзяне, якім насельніцтва давярае. На гэты раз у нас таксама 15 выбарчых акруг у сельскі Савет дэпутатаў. З 15 кандыдатаў — 14 вылучаны ад грамадзян шляхам збору подпісаў, адзін — працоўным калектывам. З іх — 8 жанчын і 7 мужчын. Ёсць прадстаўнікі здраўніц, культуры, адукацыі, сацыяльнай сферы, камунальнай гаспадаркі. Прыемна, што сярод кандыдатаў пяць кіраўнікоў падраздзяленняў. На мой погляд, гэта правільна, бо менавіта ім прасцей, чым звычайным людзям, вырашаць узнятыя пытанні.
— Вы ўжо не адзін раз вылучаліся дэпутатам раённага Савета дэпутатаў. На гэты раз таксама? А па якой акрузе?
— Зараз балаціруюся кандыдатам у дэпутаты Нарацкага сельскага Савета дэпутатаў па Першамайскай выбарчай акрузе № 13, а ў раённы — па Чараўкоўскай выбарчай акрузе № 19. Асабіста я ўжо чацвёрты раз вылучаюся ў дэпутаты раённага Савета дэпутатаў. А ўвогуле па нашым сельсавеце трэба абраць 7 дэпутатаў раённага Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання.
— Якія наказы даюць вам вашы выбаршчыкі?
— Жыхары Чараўкоў просяць адрамантаваць дарогу па вуліцах Новай і Маладзёжнай. Шмат гравійных дарог і ў аграгарадку Нарач, якія па меры магчымасці будуць заасфальтаваны. А ў працэсе работы, мяркую, з’явяцца і новыя пытанні, якімі будзем займацца. Як цяпер, так і надалей не збіраюся дзяліць асноўную работу — у якасці кіраўніка сельвыканкама — і грамадскую. Бо толькі так можна нечага дабіцца і быць патрэбным людзям.

Гутарыла
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.