Бяспечнага ўсім Новага года!

63

Бяспечнага ўсім Новага года!НАПЯРЭДАДНІ навагодняга свята людзі спяшаюцца купіць што-небудзь смачнае да стала, падарункі для сваіх блізкіх і, вядома, розныя салюты, “ракеты”, бенгальскія агні, хлапушкі — каб упрыгожыць урачыстасць, павесяліцца ад душы. У магазінах вялікі выбар такой прадукцыі, ды і прадаўцы піратэхнікі “чорнага” рынку таксама актывізуюць сваю дзейнасць. Аднак, жадаючы забаў, многія забываюць пра элементарную асцярожнасць і нярэдка атрымліваюць сур’ёзныя траўмы — урачам даводзіцца лячыць апёкі, прышываць пальцы, змагацца за ўзнаўленне зроку. Але, на жаль, шрамы і калецтвы, як і непрыемныя ўспаміны, застаюцца на ўсё жыццё.

Навагодняя ноч 2013 года не была для ўсіх радаснай. Пры выкарыстанні піратэхнікі атрымалі траўмы рознай ступені 11 чалавек, сярод пацярпеўшых трое дзяцей. Праз некалькі гадзін пасля сустрэчы Новага года ў Бабруйскую бальніцу паступіла дзіця 2002 года нараджэння. Каля яго ўзарвалася петарда і пашкодзіла вочы. У Мінску пасля агляду ўрачоў быў адпушчаны дадому хлопчык 2003 года нараджэння, які ў выніку выбуху петарды атрымаў апёк шчакі. Сярод дыягназаў дарослых, якія пацярпелі ў мінулую навагоднюю ноч, — апёкі вачэй, кісцей рук, адкрытая рана галавы. Выратавальнікі могуць прывесці нямала прыкладаў, калі ракеты заляталі на балконы і, прабіўшы шкло, станавіліся прычынай пажару.

Акрамя таго, варта ведаць, што выкарыстанне піратэхнічных сродкаў заканадаўства расцэньвае як дробнае хуліганства. Пры адсутнасці ў выніку іх выкарыстання цялесных пашкоджанняў пакаранне носіць адміністрацыйны характар, затое, калі траўмы не ўдалося пазбегнуць пабочнай асобе, якая праходзіла ці стаяла непадалёку ад выбуху петарды, размова пойдзе аб крымінальнай адказнасці ў адносінах таго, хто яе ўзрываў, — аж да пазбаўлення волі, з кампенсацыяй маральнай і матэрыяльнай шкоды. Калі ж атрымаў цялесныя пашкоджанні сам ініцыятар выбуху, ён, як гэта не крыўдна, гэтым сябе пакараў. На жаль, у падобнай сітуацыі апынуўся вучань Мядзельскай СШ №1 Цімафей. Падлетак набыў петарду ў равеснікаў і на перапынку пайшоў на стадыён, каб яе паспрабаваць. Па прычыне неасцярожнага абыходжання з вырабам, “цацка” ўзарвалася ў руках хлопчыка, пакалечыўшы яму кісць правай рукі.

Выкарыстанне петард парушае грамадскі парадак, перашкаджае адпачынку грама¬дзян. Згодна з артыкулам 17.1 КоАП Рэспублікі Беларусь (дробнае хуліганства) прадугледжаны штраф ад 2 да 30-ці базавых велічынь альбо адміністрацыйны арышт. Калі з піратэхнікай затрыманы падлеткі ва ўзросце да 14 гадоў, то ў адпаведнасці з артыкулам 9.4 КоАП Рэспублікі Беларусь штрафныя санкцыі павялічаны — да 10-ці базавых велічынь (па частцы 1 названага артыкула). Калі ж адзначаныя дзеянні паўторацца — штрафныя санкцыя іншыя: ад 10-ці да 20-ці базавых велічынь (па частцы 2 названага артыкула). Дарэчы, затрыманне непаўналетніх з петардамі аўтаматычна цягне разгляд іх у якасці правапарушальнікаў і пастаноўку на ўлік у інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС.

Вельмі хочацца, каб падлеткі, адпраўляючыся кудысьці з дому, інфармавалі пра сваё месцазнаходжанне бацькоў. А дарослыя, у сваю чаргу, пастаянна нагадвалі дзецям, што выкарыстоўваць петарды вельмі небяспечна.

Яшчэ раз хочацца нагадаць, што піратэхнічныя вырабы траўма- і пажаранебяспечныя. Каб пазбегнуць бяды, не лішнім будзе яшчэ раз напомніць асноўныя правілы бяспекі:

— пры пакупцы піратэхнічных вырабаў патрабуйце ў прадаўца сертыфікат адпаведнасці іх патрабаванням тэхнічнага рэгламенту мытнага саюза “Аб бяспецы піратэхнічных вырабаў”;

— правярайце наяўнасць інструкцыі па прымяненні, яна павінна быць на рускай ці беларускай мовах. У ёй абазначаецца: найменне вырабу, папярэджанне аб яго небяспецы, умовы і абмежаванні пры прымяненні і выкарыстанні, спосабы бяспечнай падрыхтоўкі да эксплуатацыі, пуску і ўтылізацыі, а таксама правілы захоўвання, дата вырабу і гарантыйны тэрмін, схема дзеянняў у выпадку няспраўнасці піратэхнічнага сродку і пры ўзнікненні нестандартнай сітуацыі;

— звярніце ўвагу на цэласнасць заводскай упакоўкі — пашкоджанняў на ёй не павінна быць;

— запускаць піратэхніку патрэбна толькі на пустэчы, далей ад будынкаў і збудаванняў, а таксама аўтамабіляў. Пры гэтым трэба сачыць за тым, каб іншыя людзі знаходзіліся на максімальна бяспечнай адлегласці, указанай на ўпакоўцы вырабу:

— перад запускам абавязкова азнаёмцеся з інструкцыяй;

— не запускайце піратэхнічныя сродкі, калі на вуліцы моцны вецер;

— захоўвайце піратэхніку як можна далей ад крыніц агню. Ні ў якім выпадку не трымайце на кухні і каля батарэй ацяплення: паступова награваючыся, вырабы могуць спрацаваць самаадвольна. Калі ўстройства, начыненае порахам, адсырэе, а затым падсохне, то ў лепшым выпадку феерверк не спрацуе, а ў горшым — выстраліць з затрымкай у самы непадыходзячы момант.

І самае галоўнае — купляйце піратэхнічныя сродкі толькі ў спецыялізаваных магазінах.

Паважаныя жыхары Мядзельшчыны! Захоўвайце патрабаванні правілаў пажарнай бяспекі пры падрыхтоўцы і правядзенні навагодніх мерапрыемстваў. Гэта надзейная гарантыя таго, што вам не давядзецца перажыць трагедый пажару, гібелі ў агні вашых родных і блізкіх альбо атрымання імі рознага характару цялесных пашкоджанняў. Сустрэнем Новы год бяспечна!

Д. МАЛЬКО.

Інжынер ІДПН раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, старшы лейтэнант унутранай службы.

У. МАЛЬКО.

Начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС, маёр міліцыі.