Будслаў — творчы астравок

121

Будслаў — творчы астравокНядаўна ў рэдакцыю патэлефанавала жыхарка Будслава Таццяна Гарахавік. Як прызналася жанчына, гэта ініцыятыва яе, Аліны Рудзік і Валянціны Дзядзела. Перапоўненая пачуццямі, Таццяна Аляксандраўна дзялілася падзеямі культурнага жыцця аграгарадка. А яно сапраўды цікавае і насычанае. 11 мая ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі адбыўся канцэрт струннага аркестра і вакальнага ансамбля Заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга. А назаўтра ў мясцовым Доме культуры адбылася пастаноўка знакамітай купалаўскай “Паўлінкі”.
— Наша слынная Будслаўская зямля, — казала мая тэлефонная суразмоўца, — дала свету шмат славутых імён. Сярод іх і Паўліна Мядзёлка — адна з першых выканаўцаў ролі галоўнай гераіні п’есы Янкі Купалы “Паўлінка” на тэатральнай сцэне. Вельмі прыемна, што гэты спектакль прайшоў на радзіме Паўліны Вінцэнтаўны. Ён быў пастаўлены нашымі самадзейнымі артыстамі пад кіраўніцтвам бібліятэкара Будслаўскай сельскай бібліятэкі Галіны Аксючыц. Ды яшчэ як прафесіянальна! Дарэчы, гэта ўжо трэцяя п’еса, падрыхтаваная драматычным гуртком, створаным пры бібліятэчнай установе. Шмат эмоцый пакінулі ў душы многіх з нас “Трыбунал”, “Прымакі”, а цяпер вось і “Паўлінка”.
Таццяна Аляксандраўна паведаміла, што зала была перапоўнена. Некаторым давялося нават стаяць, хоць шмат крэслаў было яшчэ дадаткова дастаўлена. На сцэне — дэкарацыі, якія нагадваюць беларускую хату мінулых часоў — старадаўняя мэбля, дываны, абрусы… Па словах жанчыны, не адну яе ўразіла ігра акцёраў. Нездарма ім апладзіравалі стоячы.
— Яны ж усе, — дзівілася яна, — звычайныя людзі, такія ж, як і мы. А як увайшлі ў вобразы, ролі выконвалі душэўна. Тая ж Паўлінка (яе сыграла Алеся Талкановіч) — то вясёлая, радасная, то засмучаная. Алеся настолькі пераўвасобілася, што змагла тонка перадаць пачуцці, якія перапаўнялі дзявочае сэрца. Якіма ўдала сыграў Уладзімір Штура. А ролю важнага, ганарлівага пана Быкоўскага цудоўна выканаў Арцём Атрошчык. Вызначыліся і іншыя акцёры-аматары, а таксама школьнікі, якія былі задзейнічаны ў масавай сцэне — вечарынцы. Як у сапраўдным тэатры, было і музычнае суправаджэнне, якое забяспечвалі Валерый Драгун, Жанна Талкановіч і Алёна Грышкевіч. Задавальненне ад п’есы атрымалі вялікае. Мы і смяяліся, і засмучаліся разам з артыстамі. Адным словам, жылі тым, што адбывалася на сцэне. За гэта ўсім удзельнікам спектакля шчыра дзякуем. Асобна хачу сказаць пра Галіну Аксючыц. Гэта неабыякавая, адказная жанчына не можа сядзець склаўшы рукі. Дзякуючы такім энтузіястам, як яна, і ў бібліятэку, і ў Дом культуры прыходзяць людзі. А якія мерапрыемствы тут праводяцца! Не толькі канцэрты, але і тэматычныя вечары, у падрыхтоўку якіх наша бібліятэкар укладвае душу. Кожнае слова сцэнарыя, які яна піша, праходзіць праз яе сэрца. Таму і кранае яно кожнага, запамінаецца. Як і гэтыя драматычныя пастаноўкі, якія ўбачылі свет у слынным Будславе. Дарэчы, і спявае наша Галіна прыгожа. Дзякуй табе, Галіна Сцяпанаўна, за тое, што для нас робіш. Заставайся і надалей такой жа шчырай, адкрытай, поўнай энергіі і творчых сіл.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.