Арганізавана вытворчасць па вырабу прадукцыі з адпрацаванага масла

75

d0bad0b0d187d0b0d0b3d0b0d180d0bad0b0На тэрыторыі былой вайсковай часці ля  вёскі Баяры, у рамках інвестыцыйнага праекта, арганізавана  яшчэ адна вытворчасць па вырабу прадукцыі з адпрацаванага  масла. У выніку атрымліваецца так названы  пластыфікатар, які, у прыватнасці, выкарыстоў­ваецца пры вырабе асфальту (павышае яго гнуткасць). Расказвае галоўны інжынер ААТ «ПСВ Трэйдзінг» Ю. І. Лаеўскі:

— З мая мінулага года пачалі рыхтаваць закінуты будынак. Аб’ём работ давялося выканаць значны. Патрэбна было падвесці электрасілкаванне, зманціраваць абсталяванне, устанавіць ёмістасці агульнай умяшчальнасцю 125 тон. Ды і навакольную тэрыторыю ўпарадкавалі. Дапамаглі нам тэхнікай раённыя арганізацыі: Мядзельскае ПМС, «ПМК-215». Штат у нас невялікі. Акрамя мяне, заняты на вытворчасці яшчэ тры работнікі. Заўважу, што тэхналагічны працэс перапрацоўкі масла закрыты, не дапускаецца практычна ніякіх выкідаў. Прадукцыя, дарэчы, экспартная. Першую партыю (120 тон) адгрузілі нядаўна на Літву.

Даведаўся ў Ю. І. Лаеўскага, што кампаненты  для  перапрацоўкі  (тут змешваюць па спецыяльнай тэхналогіі два віды масла: рапсавае і індустрыяльнае) паступаюць з розных куткоў Беларусі. З Мінскага трактарнага завода, напрыклад, Жлобінскага металургічнага і шэрагу іншых. Заключаны дагавор з Беларускай чыгункай. Спіс гэты, думаецца, будзе расці. Прадпрыемствы маюць пэўную выгаду: пазбаўляюцца ад шкодных адыходаў, якія не так проста ўтылізаваць, а яшчэ за гэта ім і заплацяць!

— А ці з’явяцца сярод вашых пастаўшчыкоў прадстаўнікі нашага раёна? — пытаюся ў Ю. І. Лаеўскага

— Разлічваем і на гэта, — адказвае Юрый Іванавіч. — Асаблівая зацікаўленасць павін­на быць у такіх аргані­зацый як ПМС, аграсэрвіс, аўтапарк. Мы перажываем фактычна перыяд станаўлення. Разам з арганізацыяй вытворчасці праводзіц­ца  навукова-даследчая, канструктарская работа, удасканальваецца тэхналагічны працэс з улікам атрыманых вынікаў на прадпрыемствах заказчыка. Пакрысе будзем нарошчваць аб’ёмы. Патрэбна  належным чынам зарэкамендаваць сябе на рынку, каб мець сваю марку! А значыць, і заказчыкаў.

Пацікавіўся пасля ў прадстаўнікоў ААТ «ПСВ «Трэйдзінг», а ці магчыма аднаўляць адпрацаванае аўтамабільнае масла з тым,  каб яго потым зноў  выкарыстоўваць па непасрэдным прызначэнні? Аказалася, што тэхналагічна магчыма і такая аперацыя. Хаця пытанні ёсць. І, бадай, галоўнае — наколькі мэтазгодна будзе займацца такой справай? Бо ў рэальных умовах сабекошт прадукцыі можа аказацца  высокім. Важны таксама момант: сартоўка масла. Бо «сінтэтыка», напрыклад, увогуле не паддаецца перапрацоўцы. Але гэта ўжо, як кажуць, больш далёкая перспектыва.

Аляксандр БЫКАЎ.

На здымку: аператар вытворчасці
А. У. Місуна.