Андрэй ГАВЕТА: Усё залежыць ад самога чалавека

76

100 ГОД у гэтым месяцы споўніцца органам пракуратуры Беларусі. З гэтай нагоды гутарым з намеснікам пракурора раёна малодшым саветнікам юстыцыі Андрэем ГАВЕТАМ.

Андрэй ГАВЕТА: Усё залежыць ад самога чалавека— Андрэй Іванавіч, раскажыце пра сябе.
— Родам з вёскі Даўгінава Вілейскага раёна. Пасля школы атрымаў прафесію юрыста ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і ў 2007 годзе быў размеркаваны ў Мядзельскую пракуратуру. Спачатку быў стажорам следчага, потым — следчым, тады — старшым памочнікам пракурора. У жніўні 2014 года прызначаны намеснікам пракурора, на гэтай пасадзе працую і зараз.
— Вернемся ў пачатак вашай службы. Якія былі найбольш моцныя першыя ўражанні?
— Тады следчыя пракуратуры выязджалі на месца злачынства — цяпер гэтым займаецца Следчы камітэт. У Мядзеле чалавека забіў сваяк. Пасля затрымання злачынцы мы з экспертам аглядалі месца забойства. У кішэні нябожчыка было нешта, падобнае на гумку, якой школьнікі сціраюць напісанае. Не маглі зразумець, што гэта. Губляліся ў здагадках. Пасля экспертыза ўстанавіла, што гэта кавалак языка нябожчыка. Вядома ж, было не па сабе. Пасля не раз даводзілася выязджаць на яшчэ больш страшныя злачынствы, але гэты выпадак у падрабязнасцях памятаю да цяперашняга часу.
— Пасля такога не было жадання пасля абавязковай адпрацоўкі змяніць род дзейнасці? Юрыст жа можа быць, напрыклад, кадравіком на прадпрыемстве. Добрая спакойная праца: ні затрыманняў, ні трупаў…
— Не, жадання змяніць род дзейнасці не было. Наадварот. Наша праца зацягвае. Калі бачыш такое, з’яўляецца жаданне раскрыць злачынства, каб вінаваты атрымаў заслужанае пакаранне.
— Што найбольш уражвае са спраў, якімі займаецеся цяпер?
— Справа аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны час, узбуджаная Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь. Канечне, прайшло шмат год, ужо мала людзей, якія ў гады вайны былі дарослымі. Больш даводзіцца мець справу з тымі, у каго засталіся дзіцячыя ўспаміны або хто ўвогуле толькі чуў пра тагачасныя падзеі ад бацькоў. Але і гэта ўражвае.
Мядзяльчанка — малалетні вязень — нарадзілася ў Германіі. Ведае пра вайну з расказаў маці. Тая, цяжарная, мусіла ўкладваць чыгуначныя рэйкі, што само па сабе зусім не жаночая справа. Ад цяжкай працы не вызвалілі аж да самых родаў. Пасля іх далі тры дні адпачыць — і, прывязаўшы да сябе прасціну з малой дачушкай, зноў пайшла класці рэйкі. Як бачыце, казаць пра гуманныя адносіны ворага да нашых людзей не выпадае.
Усім вядомы Міхаіл Гершэнавіч Гардон расказаў пра мядзельскае гета, пра якое цяпер цяжка адшукаць інфармацыю. Немцы забілі шмат яўрэяў. А тых, каго пакінулі жыць, сагналі ў гета (яно было створана на кароценькай вуліцы, на якой зараз кніжны магазін). Сам Міхаіл Гершэнавіч тады ў Мядзеле не быў: зусім незадоўга да стварэння гета іх сям’я сышла да партызан. А падрабязнасці пазней даведаўся ад знаёмага, які заставаўся ў Мядзеле. Сярод іншага той расказаў, што вялікую групу яўрэяў, і яго з сястрой у тым ліку, прывялі да возера расстрэльваць. Сястра ўмела добра вязаць. І нямецкі афіцэр, якому пачала вязаць світэр, загадаў пакінуць яе ў жывых. Разам адпусцілі і брата…
Хоць пры расследаванні гэтай справы вывучаеш даўнія падзеі, гэта вельмі хвалюе. Адкрываюцца па-сапраўднаму страшныя падрабязнасці.
— Але ж вернемся ў наш час. Вы ўжо амаль 15 год служыце ў пракуратуры. Зразумела, шмат з чым за гэты час паспелі сутыкнуцца. Што, магчыма, вас дагэтуль здзіўляе ў людзях?
— Што чалавек, адбыўшы пакаранне, зноў ідзе на злачынства. Хоць у месцы зняволення трапляць не хоча ніхто, тым больш ужо там пабываўшы. Чалавек, здаецца, шчыра раскайваецца, абяцае жыць сумленна — а потым зноў здзяйсняе злачынства.
— Цяпер шмат фільмаў і тэлеперадач пра работнікаў пракуратуры, пра суд. Ці глядзіце іх? І наколькі яны праўдзівыя?
— Зрэдку гляджу, калі ёсць час. Што тычыцца праўдзівасці — так, збольшага праўдзівыя. Вядома, гэта не трансляцыя сапраўднага суда, там іграюць акцёры, але ж у прынцыпе справы ў судзе разглядаюцца такім чынам. Ды і сцэнарыі напісаны на аснове жыццёвых сітуацый, толькі са змененымі ці прыдуманымі падрабязнасцямі. Такія перадачы даюць гледачу, які ніколі не быў у судзе, уяўленне, як там усё адбываецца.
— І заадно ў папулярнай форме расказваюць пра сітуацыі, у якія можна трапіць, знаёмяць з нормамі заканадаўства. Праўда, расійскага…
— На ўзроўні звычайнага гледача адрозненні не прынцыповыя. У Беларусі па-іншаму называецца кодэкс, іншы нумар артыкула, але ж сутнасць ад гэтага не змяняецца: крадзеж застаецца крадзяжом, а махлярства — махлярствам. А сітуацыі, у якія можна трапіць па прычыне няведання заканадаўства ці залішняй даверлівасці, прынцыповага адрознення не маюць.
— Андрэй Іванавіч, падзяліцеся інфармацыяй, карыснай старшакласнікам і сёлетнім абітурыентам. Вы закончылі Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Ці цяжка там вучыцца?
— Я б сказаў, што вучыцца там у першую чаргу цікава. Створаны ўсе ўмовы, працуюць высокапрафесіянальныя выкладчыкі… Але і патрабаванні высокія — статус гэтай ВНУ да многага абавязвае. Прычым у адносінах не толькі да ведаў, але і да маральнасці, паводзін — нават за межамі ВНУ, на канікулах. Калі ёсць жаданне атрымаць вышэйшую юрыдычную адукацыю, акадэмія — добры выбар: узровень выкладання там вельмі высокі. Але, справядлівасці дзеля, магу сказаць, што ведаю людзей, якія сталі прызнанымі прафесіяналамі, хоць дыплом юрыста атрымалі ў менш прэстыжных ВНУ, нават у прыватных. Урэшце, усё залежыць ад самога чалавека. Як і ўвогуле ў жыцці.

Гутарыла Наталля ЛІСІЦКАЯ.