Акцыя “Прафсаюзы — дзецям” працягваецца

440

У РАМКАХ штогадовай акцыі ў навагоднія і калядныя святы прадстаўнікамі самага масавага грамадскага аб’яднання аказваецца ўвага дзецям розных катэгорый.

На старонках газеты паведамлялася ўжо аб удзеле галіновых прафсаюзаў работнікаў АПК, а таксама адукацыі і навукі ў дабрачыннай акцыі. А нядаўна стала вядома, што актыўнасць у гэтай важнай справе праявіла і раённае аб’яднанне прафсаюзаў.
— Падчас акцыі “Прафсаюзы — дзецям”, — паведаміла старшыня названага аб’яднання Святлана Чарняўская, — разам з прадстаўнікамі Мядзельскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва аб’ехалі 11 сем’яў, дзе выхоўваюцца дзеці з абмежаванымі магчымасцямі, і ўручылі ім 25 падарункаў. Акрамя таго, 14 хлопчыкаў і дзяўчынак з мнагадзетных сем’яў пабывалі на дабрачыннай ёлцы ў Мінску ў Палацы ветэранаў, адкуль вярнуліся, перапоўненыя станоўчымі эмоцыямі. За выдзяленне транспарту для паездкі ў сталіцу хачу шчыра падзякаваць кіраўніку санаторыя “Нарач” Яўгенію Шапэчку. Гэта здраўніца, дарэчы, знаходзіцца ў падпарадкаванні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Раённае аб’яднанне прафсаюзаў выдзяляла салодкія падарункі і для правядзення святочных мерапрыемстваў у Мядзельскім раённым Цэнтры культуры, а таксама ў Цэнтры духоўна-маральнага выхавання “Гармонія” для наведвальнікаў нядзельнай школы пры храме Святой Жываначальнай Тройцы ў Мядзеле.
Прыемна, што дзякуючы агульным намаганням арганізацый, устаноў і грамадскіх аб’яднанняў не былі абдзелены ўвагай да Новага года і Ражства Хрыстова дзеці розных катэгорый і з нашага азёрнага краю.
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.