Акцыя “Дзень без аўтамабіля”

64

Акцыя “Дзень без аўтамабіля”ПАД такой назвай 22 верасня бягучага года пройдзе чарговая штогадовая міжнародная акцыя. Яе мэта — звярнуць увагу грамадзян на значную экалагічную праблему нашых гарадоў — на якасць атмасфернага паветра, якім мы дыхаем, прапагандаваць здаровы лад жыцця.

Не зважаючы на тое, што сёння аўтатранспартны комплекс з’яўляецца важнейшай галіной эканомікі, задавальняючай патрэбы грамадства і насельніцтва ў перавозках, ён у той жа час — асноўны забрудж¬вальнік навакольнага асяроддзя. У маштабах краіны доля транспарта ў сумарных выкідах шкодных рэчываў у атмасферу ад усіх крыніц складае 72% (у гарадах — 65-80%). Згодна з падлікамі ў нашай рэспубліцы ад аўтамашын штодзень трапляе ў паветра парадку 3300 тон забруджваючых рэчываў, а гэта каля 55 чыгуначных вагонаў. У склад выкідаў аўтатранспарту ўваходзяць такія таксічныя кампаненты, як вокіс вугляроду, вокіс азоту, вуглевадароды, вокіслы серы, злучэнні цяжкіх металаў і іншыя. Некаторыя з іх, напрыклад, цяжкія металы і хлорарганічныя злучэнні, стойкія арганічныя забруджвальнікі назапашваюцца ў прыродным асяроддзі і ўяўляюць пагрозу як для навакольнага свету, так і здароўя людзей.

Міжнародная акцыя ставіць перад сабой задачу прыцягнуць увагу шырокай грамадскасці да праблемы негатыўнага ўплыву аўтамашын на навакольнае асяроддзе. Колькасць аўтатранспарту ў свеце пастаянна павялічваецца. Прагназіруецца, што да 2015 года аб’ём выкідаў забруджваючых рэчываў у атмасфернае паветра вырасце на 10 і больш працэнтаў.

Вопыт краін Еўрапейскага саюза паказаў, што без грамадскасці такую праблему не вырашыш. Традыцыя праводзіць акцыю “Дзень без аўтамабіля” ўпершыню распачалася ў 1997 годзе ў Францыі ў горадзе Ла Рашэль. Затым гэту ініцыятыву падтрымалі ў іншых еўрапейскіх дзяржавах, і зараз яна арганізоўваецца больш чым у 40 краінах. Упершыню ў Беларусі яна адбылася ў 2008 годзе і прайшла ў Мінску і абласных цэнтрах рэспублікі. Да ўдзелу ў мерапрыемстве запрашаюцца ўсе жадаючыя.

А. ЛЕОНІК.

Начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.