З 1 кастрычніка 2013 года адкрыўся асенне-зімовы паляўнічы сезон на лася, кабана і казулю еўрапейскую. Паляваць можна загонным спосабам і з сабакамі ў светлы час сутак, з засады і з падыходу на працягу сутак.
Ружэйнае загоннае паляванне на капытную жывёлу па разавых дазволах можна праводзіць у суботу і нядзелю, а таксама ў вызначаныя карыстальнікам паляўнічых угоддзяў іншыя два дні тыдня (у НП «Нарачанскі» — гэта панядзелак і аўторак), а таксама ў тыя дні, на якія прыпадаюць дзяржаўныя святы, святочныя дні, якія аб’яўлены Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь нерабочымі, і ў асобныя рабочыя дні ў выпадку іх пераносу на выхадныя.
Ружэйнае паляванне на капытную жывёлу з засады, з падыходу і прывабліваннем па разавых дазволах, а таксама на непажаданыя віды дзікай жывёлы па паляўнічых пуцёўках на здабычу толькі гэтых відаў дазваляецца ва ўсе дні тыдня. Пры правядзенні паляўнічых тураў, у тым ліку і з удзелам замежных грамадзян, паляванне дазваляецца ў тыя дні тыдня, якія адпавядаюць дагаворам аказання турыстычных паслуг на правядзенне паляўнічых тураў.
Загоннае паляванне ва ўгоддзях, прадстаўленых у бязвыплатнае карыстанне дзяржаўным прыродаахоўным установам, лесагаспадарчым арганізацыям Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, працягнецца да 31 студзеня 2014 года, у іншых паляўнічых угоддзях — да 30 снежня 2013 года.
В . ХІЛА.
Інспектар Мядзельскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.