У Мядзельскім цэху прыроднага і звадкаванага газу нямала высокапрафесійных, добрасумленных работнікаў. Сярод іх і В. А. Колбун — вадзіцель 1-га класа аварыйнага паста. Дванаццаты год ён у арганізацыі і зарэкамендаваў сябе з найлепшага боку. Працуе зараз у пары са слесарам І. С. Калошкам. З пастаўленымі задачамі спраўляюцца паспяхова. А сёлета мядзельскі «дуэт» быў прызнаны пераможцам у намінацыі «Лепшая аварыйная брыгада» на прафесійным конкурсе ў г. Стоўбцы.
— Работа ў нас, канечне, вельмі адказная, — расказвае Віктар Аляксеевіч. — Як-ніяк непасрэдна з газам маем справу, і даводзіцца мне не толькі круціць баранку. У дадатак да шафёрскай прафесіі атрымаў дадатковыя веды, якія тычацца спецыфічных пытанняў газавай гаспадаркі. І кожныя тры гады цяпер праходжу перанавучанне на адпаведных курсах у Мінску. З гэтым у нас строга! Дзякуй Богу, аварыйных выклікаў мала, а вось розных рамонтных работ хапае на кожны дзень. Таму і знаходзімся ў пастаяннай гатоўнасці.
Як зазначыў на развітанне В. А. Колбун, такая работа яму па душы, бо сам ён па натуры чалавек адказны, дысцыплінаваны. Задаволены і ўмовамі працы, якія створаны ў арганізацыі, заробкам таксама. Застаецца толькі шчыра выконваць свае абавязкі, што ён і робіць!
На здымку: вадзіцель 1-га класа В. А. Колбун.
Фота Таццяны Несцярэнкі.