На базе гімназіі-інтэрната г. Мядзел адбыўся абласны семінар на тэму “Адукацыя дарослых у кантэксце вуснагістарычных даследаванняў”. Мерапрыемства праведзена ў рамках праекта “Стварэнне трох рэгіянальных цэнтраў вуснагістарычных даследаванняў”. Акрамя прадстаўнікоў Мядзельшчыны, у ім прынялі ўдзел работнікі педагагічнай сферы Любанскага і Капыльскага раёнаў.
Вельмі насычаным аказаўся першы дзень работы семінара. Напачатку ўвяла ўсіх у курс справы начальнік аддзела міжнароднага супрацоўніцтва Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі А. І. Калістратава. Яна расказала пра мэты і задачы семінара, агучыла праграму заняткаў. Затым адбылася прэзентацыя Прадстаўніцтва Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў у Рэспубліцы Беларусь. Памочнік главы Прадстаўніцтва
зарэгістраванага аб’яднання “Deutscher Volkshahschul Verband e.V” (ФРГ) у Рэспубліцы Беларусь І. Л. Краўчонак расказала пра гісторыю гэтай арганізацыі, яе дзейнасць па развіцці адукацыі дарослых у Беларусі, рэалізацыю ў нашай краіне разнастайных еўрапейскіх праектаў.
— Наша аўдыторыя, — сказала Іна Леанідаўна, — гэта, у першую чаргу, дарослыя, якія маюць абмежаваны доступ да адпаведных ведаў: беспрацоўныя, пажылыя людзі, інваліды, тыя, хто знаходзіцца ў месцах зняволення. Назапашаны патэнцыял адукацыі дарослых выкарыстоўваецца таксама для вырашэння розных канфліктаў, дасягнення ўзаемаразумення паміж людзьмі. Дарэчы, наш рэгіянальны офіс знаходзіцца ў Кіеве і ахоплівае Беларусь, Малдову і Украіну.
Затым на семінары пайшла гаворка аб дзейнасці рэгіянальных праектных груп “Адукацыя дарослых і вусная гісторыя”. Намеснік дырэктара Слабодакучынскай сярэдняй школы Капыльскага раёна, каардынатар праектнай групы Б. М. Дзенісюк расказаў пра ролю СМІ ў інфармацыйнай падтрымцы праектнай дзейнасці, стасункі з грамадскімі арганізацыямі, пісьменнікамі, чытачамі. Прысутныя таксама мелі магчымасць пазнаёміцца з тэматычнай старонкай “Спадчына”, якая рэгулярна змяшчаецца ў тамтэйшай раёнцы.
А вось настаўнік гісторыі Сваткаўскай сярэдняй школы імя
М. Танка, праектны каардынатар Мядзельскага раёна В. П. Ільюковіч спыніўся на метадах вуснагістарычнай адукацыі пажылых людзей.
— Гэта работа, безумоўна, накладвае свой адбітак, — заўважыў Валерый Пятровіч. — Любая гутарка прадугледжвае праяўленне ўвагі аднаго чалавека да другога, разуменне яго думак, інтарэсаў, патрэб. І чым больш шчырай атрымаецца размова, тым больш новай і цікавай інфармацыі атрымае чалавек. Трэба таксама ўлічваць, што мова пажылога чалавека недасканалая, ды і слых ужо не той, яму няпроста ўспрымаць субяседніка. Гэта трэба мець заўсёды на ўвазе і дакладна вымаўляць пытанні, сачыць за артыкуляцыяй, рухамі, каб цябе добра разумелі. І вельмі важна выдзеліць галоўнае ў размове з пажылымі, паводзіць сябе дыпламатычна. І ўлічваць таксама пры такіх кантактах, кім людзі былі ў сваім жыцці, якой адукаванасці.
Расказаў В. П. Ільюковіч пра канкрэтную работу. Так, нядаўна на базе Сваткаўскай школы адбылося пасяджэнне ветэранаў педагагічнай працы нашага раёна. Сустрэча была прымеркавана да 100-годдзя з дня нараджэння Максіма Танка. У прыватнасці, настаўнікі са стажам падзяліліся ўспамінамі аб сустрэчах са славутым земляком, іх аповед аказаўся цікавым і карысным для многіх.
Выступіла на семінары па пытаннях пашырэння партнёрскіх арганізацый, якія ўдзельнічаюць у рэалізацыі праекта, вядучы спецыяліст РАА Любанскага раёна Т. С. Кругленя. Была абмеркавана і такая тэма як піяр-дзейнасць цэнтраў вуснагістарычных даследаванняў. Адбыўся майстар-клас “Танец як форма камунікацыі ў адукацыі дарослых”, які дапамаглі правесці ўдзельнікі самадзейнага мастацкага калектыву “Весялухі” Старамядзельскага Дома вольнага часу.
На наступны дзень семінар прадоўжыў сваю работу. Педагогі на нейкі час пабывалі ў ролі рэдактараў газет і паспрабавалі на старонках сімвалічных выданняў прапіярыць свае цэнтры. Занятак аказаўся даволі павучальным і паказаў крэатыўны падыход гісторыкаў да выканання задання. Што, думаецца, таксама дапаможа ім у далейшай рабоце.
Як адзначыла ў заключэнні
А. І. Калістратава, семінар прайшоў паспяхова і паспрыяе далейшаму плёну ў гэтым накірунку. Яго ўдзельнікі атрымалі ў якасці памятных падарункаў друкаваную прадукцыю Нацыянальнага парку “Нарачанскі” і Мядзельскага музея Народнай славы.
На заканчэнне дадам, падчас падарожжа калег на Мядзельшчыну выступіў у ролі гіда настаўнік гісторыі Старагабскай сярэдняй школы-д/с. У. С. Серадзінскі.
Аляксандр БЫКАЎ.
На здымках: 1. Падчас работы абласнога семінара “Адукацыя дарослых у кантэксце вуснагістарычных даследаванняў”; 2. Выступае памочнік главы Прадстаўніцтва зарэгістраванага аб’яднання “Deutscher Volkshahschul Verband e.V” (ФРГ) у Рэспубліцы Беларусь
І. Л. Краўчонак; 3. Майстар-клас “Танец як форма камунікацыі ў адукацыі дарослых” праводзіць мастацкі калектыў “Весялухі” Старамядзельскага Дома вольнага часу.
Фота Таццяны Несцярэнкі.