Ад забеспячэння дрывамі да нядобранадзейных сем’яў. Як у Будславе вырашаюцца пытанні людзей

304

Шосты год Будслаўскі сельскі выканаўчы камітэт узначальвае Георгій Шчаўлік. У размове з ім у першую чаргу пацікавіўся, што сёння найбольш хвалюе жыхароў сельсавета, з якімі пытаннямі яны часцей за ўсё звяртаюцца да мясцовай улады.

Ад забеспячэння дрывамі да нядобранадзейных сем'яў. Як у Будславе вырашаюцца пытанні людзей

— Цяпер асноўная частка зваротаў, — уводзіць у курс спраў Георгій Уладзіміравіч, — тычыцца забеспячэння домаўладанняў, якіх у сельсавеце налічваецца 530, дрывамі і торфабрыкетам. Так ужо складваецца, што заяўкі вяскоўцаў на дастаўку паліва па розных прычынах задавальняюцца несвоечасова. Таму людзі тэлефануюць да нас, выказваюць незадаволенасць. Праўда, апошнім часам сітуацыя па забеспячэнні людзей палівам пачала паляпшацца. Гэта надае ўпэўненасці, што ўсе заяўкі на яго па году будуць задаволены ў поўным аб’ёме.

— З надыходам апошняга асенняга месяца, калі дні робяцца кароткімі, як правіла, паўстае больш пытанняў па асвятленні населеных пунктаў. Наколькі гэта, Георгій Уладзі­міравіч, характэрна для вашага сельсавета?

— На нашай тэрыторыі налічваецца 19 населеных пунктаў. Канечне, здараецца, што ў вулічных ліхтарах перагараюць лямпачкі. У такім выпадку стараемся аператыўна іх мяняць. Іншая справа, калі патрабуецца паставіць дадатковыя слупы з ліхтарамі. Гэтага за дзень-другі не зробіш, неабходна для пачатку распрацаваць праектную дакументацыю. У прыватнасці, такая неабходнасць наспела па аграгарадку Будслаў. Хто быў тут, бачыў, што адзін ліхтар стаіць на цэнтральнай вуліцы каля магазіна “Родны кут”, а наступны толькі побач з будынкам паштовага аддзялення. Гэта нязручнасць дае пра сябе ведаць падчас Будслаўскага фэста, калі гандлёвыя рады працуюць нават ноччу. З улікам гэтай акалічнасці плануем у наступным годзе паставіць на вуліцы Чырвоная плошча дадатковыя ліхтары. Разлічваем, што ўправімся з намечаным да пачатку ліпеня наступнага года.

— Калі ўжо ўзгадалі касцёл, дык раскажыце, на якім этапе аднаўлення ён знахо­дзіцца пасля пажару ў маі 2021 года.

— У касцёле завершаны рамонт купала, умацаваны цэнтральны неф, зроблены часовы дах. У канцы верасня быў падпісаны акт аб увя­дзенні ў эксплуатацыю рамонтных прац. Службы ў храме адноўлены. Наперадзе — фасадныя работы, умацаванне фундамента. Словам, намаганняў трэба прыкласці яшчэ шмат, каб наша сусветнавядомая святыня аднавілася пасля пажару.

— Адзін з клопатаў мясцовай улады — навядзенне парадку на зямлі: гэта і выкарыстанне сельскагаспадарчых угоддзяў, і навядзенне прыгажосці ў вёсках, і знос старых пабудоў… Наколькі спраўляецеся з гэтымі задачамі?

— Відаць, пачаць неабходна з таго, што з перадачай таварыства “Будслаўскае” пад юрысдыкцыю “Мінскаблаграсэрвіса” справы з выкарыстаннем зямель у наваколлі пайшлі на лад. Раней побач з вёскамі Петрачкі, Забегі, Слабада і некаторымі іншымі былі пустуючыя палі, якія зарасталі пустазеллем. Цяпер яны заараны. Лічу, так і па­вінна быць у сапраўдных гаспадароў. Што датычыцца патрэб вяскоўцаў у выдзяленні зямельных участкаў пад пасадку бульбы, сяўбу збожжавых альбо выпас жывёлы, то і з гэтым праблем не бачу. Калі нехта захоча атрымаць дадатковы ўчастак зямлі — будзем адводзіць. Цяпер пра добраўпарадкаванне населеных пунктаў. На беразе Сэрвачы каля касцёла абсталявалі добрае месца для адпачынку, паставілі там малыя архітэктурныя формы. Па вёсках больш працавалі ў крывіцкім напрамку: Алешкі, Камарова, Равячка, Альхоўка і Альжуткі. Дзесьці знеслі старыя агароджы, лепшыя — падфарбавалі. На ўстаноўку новых платоў у 2022 годзе фінансавання не мелі, таму больш прадметна разлічваем заняцца імі ў наступным. Ды яшчэ на могілках у вёсцы Камарова навядзем належны парадак.

— Наколькі можна меркаваць, устаноўка новай і рамонт старой агароджы ў вёсках — клопат не толькі сельскага выканкама. Як гаспадары наводзяць прыгажосць каля сваіх домаўладанняў?

— У якасці прыкладу прывяду падворак пенсіянеркі Гелены Катковіч з Палесся. Там усё даведзена да ладу, устаноўлена новая агароджа, каля дома мноства самых розных кветак. Сядзіба Гелены Данілаўны прызнана ў сельсавеце лепшым падворкам. Аднак нельга не ўлічваць і таго, што адметную прыгажосць каля дома жанчыне дапамаглі навесці дзеці. Праяўляюць актыўнасць у гэтым напрамку і дачнікі ў Альжутках, некаторыя жыхары плануюць узяцца за навядзенне прыгажосці вакол сваіх дамоў налета ў Альхоўцы. Тым не менш, будзем рэалістамі: устаноўка той жа  агароджы — справа зусім не танная і адзінока пражываючым вяскоўцам яна не заўсёды па кішэні…

— А што з абкоскай тэрыторыі, зносам старых пабудоў?

— Тэндар на абкоску на гэты год выйграла Мядзель­ская жыллёва-камунальная гаспадарка. На тэрыторыі сельсавета гэтай справай займаліся Віталь Суша і Мікалай Будзько. Прэтэнзій да іх работы няма. Калі казаць пра знос старых пабудоў, то штогод іх колькасць робіцца менш на чатыры-шэсць. Сёлета ўдалося знесці два дамы ў вёсцы Палессе і па адным — у Яцкавічах і Рэпішчы. Акрамя таго, дзве сядзібы ў пасёлку Будслаў і вёсцы Слабада разабралі самі ўласнікі без за­дзейнічання бюджэтных сродкаў. Хаця, трэба прызнаць, работы ў гэтым напрамку яшчэ шмат. Практычна ў кожным населеным пункце ёсць пабудовы, якія не ўпрыгожваюць яго. Добра, калі знаходзяцца дзеці, якія наводзяць парадак каля бацькоўскіх дамоў, у якіх зараз ніхто не жыве. Тут магу ўзгадаць Леаніда Лагутку з Будслава ці Генадзя Януковіча з Ілава: яны знайшлі час і пастараліся навесці добры парадак, адпаведна, у вёсках Матыкі і Рэпішча. Вялікай справай можна лічыць і знос незавершаных будаўніцтвам трох грувасткіх аб’ектаў у вёсцы Ілава, якія шмат год псавалі выгляд населенага пункта: дома-інтэрната, жылога шматкватэрніка і Дома культуры. Праўда, гэта ўжо не наша заслуга, а раённай улады.

— Як правіла, нямала клопатаў сельскім выканкамам прыносіць і работа з абавязанымі асобамі, бо выкананне патрабаванняў Дэкрэта № 18 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’­ях” на пастаянным кантролі.

— Мы не выключэнне. Адно добра: у нас такіх толькі дзве асобы. І калі адна працуе і рэгулярна кампенсуе дзяржаве расходы на ўтрыманне дзяцей, то другая ўпарта не жадала гэтага рабіць. Прагульвала, злоўжывала спіртнымі напоямі, што не так даўно скончылася для яе пазбаўленнем волі. Безумоўна, у гэтым бачым і сваю недапрацоўку ў сэнсе прафілактыкі. Яшчэ адна дзяўчынка каардынацыйным саветам прызнана дзіцём, якое знахо­дзіцца ў сацыяльнанебяспечным становішчы. Справа ў тым, што для маці запоі сталі звычайнай справай, а яе былы муж, які жыве асобна, вядзе здаровы лад жыцця. З улікам гэтага дачку перадалі на выхаванне бацьку. Хаця, лепей за ўсё, канечне, калі дзеці выхоўваюцца ў паўнацэннай сям’і. Ніводная школа не зможа без дапамогі бацькоў сфарміраваць гарманічнага і ўсебакова развітага чалавека.

— Каб паспяхова вырашаць задачы, якія стаяць перад выканкамам сельскага Савета, неабходны памочнікі. Каго з дэпутатаў ці старэйшын вёсак вы вылучыце за актыўную пазіцыю, паставіце ў прыклад іншым?

— З дэпутатаў адзначу найперш Алену Каробчыц, настаўніцу Будслаўскай сярэдняй школы імя Паўліны Мядзёл­кі. Гэта па ініцыятыве Алены Мікалаеўны ў Ілаве падсыпалі вуліцу, балазе, там пасля зносу недабудаваных аб’ектаў хапала бітай цэглы, шчэбню. Разам з актыўнай мясцовай жыхаркай Тамарай Грузд яны вывучылі меркаванне мясцовых жыхароў наконт закрыцця ў Ілаве аддзялення паштовай сувязі — было такое памкненне. Аднак апытанне паказала, што не варта спяшацца з закрыццём гэтага запатрабаванага людзьмі аддзялення, бо яго паслугамі актыўна карыстаюцца мясцовыя жыхары. Умелым арганізатарам розных суботнікаў па навядзенні парадку ў вёсках зарэкамендаваў сябе таксама дэпутат сельскага і раённага Савета дэпутатаў Алег Ермаковіч. Дзелавым падыходам да справы пры вырашэнні розных на­дзённых пытанняў вяскоўцаў вызначаецца таксама старэйшына аграгарадка Будслаў Пётр Хацяновіч. Зацікаўленасць у грамадскай рабоце праяўляюць і многія іншыя актывісты. У прыватнасці, дзякуючы інспектару Мя­дзельскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоў­вання насельніцтва Таццяне Куковіч больш паспяхова дзейнічае аглядавая камісія, здымаюцца з парадку дня многія жыццёвыя пытанні. Так, у доме Соф’і Рагоўскай пасля абследавання домаўладання з дапамогай дзяцей гаспадыні адрамантавалі печ, а ў Веры Сабалеўскай замянілі электраправодку. Праўда, у апошнім выпадку сітуацыя зусім іншая. Нашчадкаў у Веры Іванаўны няма, таму фінансавую дапамогу на набыццё матэрыялаў і правя­дзенне работ аказала ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама — яскравы прыклад клопату дзяржавы. На завяршэнне адзначу, што розных пытанняў на вёсцы жыццё падкідвае штодня, але на тое і ёсць у рэгіёне мясцовая ўлада, каб вырашаць іх.

Гутарыў Павел ЖУКАЎ.

Фота аўтара.