Нядаўна Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка звярнуўся з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Ён падняў шмат важных для краіны пытанняў, якія тычацца ўсіх сфер жыцця нашага грамадства. А 14 мая ў зале пасяджэнняў райвыканкама прайшоў семінар-вучоба з прадстаўнікамі ідэалагічнага актыву Мядзельшчыны. У ім прынялі ўдзел старшыні сельвыканкамаў, начальнікі аддзелаў райвыканкама, а таксама намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце ўстаноў і арганізацый. Усе тэмы, якія абмяркоўвалі на семінары, так ці інакш тычыліся Паслання Прэзідэнта і дапаўнялі яго з улікам становішча спраў у раёне.
Адкрыла семінар намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева, якая абмеркавала з прысутнымі асноўныя аспекты Паслання Аляксандра Лукашэнкі. Потым выступіў Аляксей Купрэвіч, старшы памочнік пракурора раёна. Ён распавёў аб захадах па барацьбе з карупцыяй, якія робяцца ў вобласці. Для прыкладу прывёў некалькі карупцыйных спраў і звярнуўся з просьбай праяўляць грамадзянскую пільнасць і паведамляць пра выпадкі перадачы хабараў, калі пра такія стане вядома.
Віталій Місуна, дырэктар Мядзельскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, выступіў з дакладам аб метадычных рэкамендацыях па вызначэнні даступнасці аб’ектаў і адаптацыі паслуг з улікам асаблівых патрэб інвалідаў. Ён, у прыватнасці, звярнуў увагу, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі павінны бесперашкодна наведваць абсалютна ўсе сацыяльна важныя аб’екты. Напрыклад, не толькі гіпермаркеты, але нават маленькія ўніверсамы трэба абсталяваць пандусамі.
Яшчэ адна важная тэма сходу — надыход летняга сезона масавага адпачынку. Пра тое, як да яго вядзецца падрыхтоўка на тэрыторыі раёна, распавяла Кацярына Курачкіна, урач-гігіеніст раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
А пра арганізацыю летняга аздараўлення навучэнцаў Мядзельшчыны расказала Наталля Мінчук, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама.
Ішла размова і пра тое, што важна ў летні канікулярны перыяд не пакідаць дзяцей без увагі. А таму, акрамя аздараўленчых лагераў, для школьнікаў прадугледзелі магчымасць актыўнага, карыснага адпачынку. І, найперш, працу ў студатрадах. Пра тое, на якім этапе знаходзіцца работа па іх арганізацыі, распавяла першы сакратар раённага камітэта БРСМ Марына Апанасёнак. На дадзены момант працоўныя месцы для школьнікаў прапануе адна арганізацыя — Мядзельская ЖКГ.
Акрамя іншага, на сустрэчы падымаліся пытанні асвятлення маючых адбыцца II Еўрапейскіх гульняў. І асобна — важнасць прапаганды здаровага ладу жыцця і правіл паводзін на масавых мерапрыемствах і ў грамадскіх месцах.
Аляксандра ГАРАЧКА.